Упэўненая перамога ў 4 гадзінах Парцімана і ў чэмпіянаце. Prema Racing на мажорнай ноце скончылі сезон ELMS

Сезон гонак на цягавітасць Старога Свету падышоў да завяршэння. На трасе Альгарвэ, што ў партугальскім Парцімане, у мінулыя выхадныя фінішаваў сезон Еўрапейскай серыі Ле Ман. Яго ўвесь апошняя гонка і адлюстравала.

Упэўненая перамога ў 4 гадзінах Парцімана і ў чэмпіянаце. Prema Racing на мажорнай ноце скончылі сезон ELMS

Фота: ELMS

Сезон гонак на цягавітасць Старога Свету падышоў да завяршэння. На трасе Альгарвэ, што ў партугальскім Парцімане, у мінулыя выхадныя фінішаваў сезон Еўрапейскай серыі Ле Ман. Яго ўвесь апошняя гонка і адлюстравала.

Апошнія восем месяцаў адлюстравалі сапраўдны стан другой арміі свету, якую ўсе лічылі магутнай і небяспечнай. Насамрэч, такой яна і аказалася, але толькі для мірных і безабаронных грамадзян найперш Украіны. У другім выпадку – расійскіх жа, якія пакорліва цягнуцца ў ваенкаматы, перакананыя, што інакш нельга.

Звар’яцелы расійскі дыктатар не разумее, што нават калі ён раздасць зброю ўсім расіянам і пашле іх заваёўваць Украіну, то проста атрымае больш за сотню мільёнаў трун. Украінцы ніколі не аддадуць сваю свабоду дзеля існавання ў імперскім концлагеры, у які пераўтвораныя Расія і, на вялікі жаль, Беларусь.

Мясцовы калгасны дыктатар ужо з’яўляецца саўдзельнікам агрэсіі супраць Украіны, і адказваць будзе разам са сваім гаспадаром. У беларускай арміі яшчэ ёсць шанец прадухіліць найгоршае і не падпарадкавацца загаду напасці на нашых суседзяў, якіх абараняюць у тым ліку і беларусы. Два народы рухаюцца да вызвалення і абавязкова вызваляцца. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Расійска-фашысцкія захопнікі грозяцца не толькі знішчыць Украіну, але і замарозіць Еўропу, што, аднак, не надта атрымліваецца. Да зімы яшчэ даволі далёка, дый гатовы да яе Стары Свет, дзякуючы ў тым ліку Новаму. Хоць надвор’е там бывае розным і ўвосень, нават у Партугаліі. І ў мінулую нядзелю ў Парцімане, які прымаў фінальны этап ELMS, было дажджліва.

Праз гэта гонка Еўрасерыі пачалася ў рэжыме аўтамабіля бяспекі, які ўсё роўна не ўсіх збярог ад здарэнняў. Закруціла і прататып Oreca 07 уладальнікаў поўлу з трыццаць чацвёртага экіпажа Racing Team Turkey Джэка Эйткена, які і пачынаў заезд, Чарлі Іствуда і Саліха Ёлука. Лідарства, праўда, Эйткен страціў не на гэтым, а пазней, калі дырэкцыя гонкі дала зялёнае святло.

На першыя ж ролі выйшлі Хуан-Мануэль Карэа, Луі Дэлетраз і Фердзінанд Габсбург з дзявятага экіпажа Prema Racing і Дэвід Хайнэмаер-Хансан, Фабіа Шэрэр і П’етра Фіціпальдзі з сорак трэцяга Inter Europol Competition. Карэа на першым баявым кругу захапіў лідарства, каб у хуткім часе саступіць яго Фіціпальдзі. Зваротны размен пазіцыямі паміж экіпажамі адбыўся толькі ў змены Габсбурга і Хайнэмаера-Хансана, калі аўстрыец атакаваў датчаніна на чарговым рэстарце пасля нейтралізацыі. Пры гэтым Дэвід прапусціў яшчэ і Бэнта Віскааля з дзевятнаццатага экіпажа Algarve Pro Racing, у якім таксама выступаў Філіп Угран.

Пачынаючы з гэтага моманту, у Prema Racing упэўнена кантралявалі гонку, не памыляліся і ўпэўнена перамаглі ў абсалюце і ў LMP2. Заняць другое месца рыхтаваліся пераможцы папярэдняга этапу ў Спа Філіп Хансан, Том Гамбл і Данкан Тапі з дваццаць другога экіпажа United Autosports, але ім не пашанцавала. У змену Хансана на прататыпе ўзніклі праблемы са счапленнем, якія, магчыма, і сталі прычынай вылету брытанца з трасы. У боксы ён вярнуўся, але ў выніку там і застаўся.

Таму спаборніцтва за трэцюю пазіцыю паміж Нікаля Жамэнам, Йобам ван Уйтэртам і Жульенам Каналем з шсэцьдзесят пятага экіпажа Panis Racing і Е Іфэем, Нікласам Кройтэнам і Нікаля Лап’ерам з трыццаць сёмага Cool Racing неўзабаве стала спаборніцтвам за другую. Барацьба была шчыльнай да самага фінішу і скончылася на карысць Panis Racing, якія занялі другое месца. Cool Racing задаволіліся трэцім.

У Парцімане вырашаўся і лёс чэмпіёнства ў малодшай катэгорыі прататыпаў LMP3. Лідзіравалі тут доўгі час Нікалас Піна, Чарльз Крус і Гільермэ Алівейра з трынаццатага экіпажа Inter Europol Competition. У іх усё пайшло прахам на апошняй гадзіне, ў змену Алівейры, для якога гэты этап быў хатнім.

За дванаццаць хвілін да сканчэння часу гонкі яму прыйшлося пазапланава наведаць боксы праз падазрэння на пракол. Экіпаж разам адкаціўся на сёмую пазіцыю, што ўжо пазбаўляла яго чэмпіёнства. Далей – болей. Пакінуўшы боксы, Алівейра памыліўся ў першым павароце, а вяртаючыся, сутыкнуўся з дзевяноста пятым Aston Martin Vantage AMR каманды Oman Racing with TF Sport. Для абодвух экіпажаў гонка на гэтым і скончылася – у гравіі.

Перамога ў LMP3 дасталася сямнаццатаму экіпажу Cool Racing у складзе Мальтэ Якабсэна, Морыса Сміта і Майкла Бэнама, якія стартавалі з поўлу. Бэйлі Войсін, Фін Герсітц і Джошуа Кэйгіл з другога экіпажа United Autosports другімі да фінішу і прыйшлі, трэцяе месца занялі партнёры пераможцаў па камандзе Жан-Людавік Фубэр, Антуан Дзюкен і Нікаля Маліні.

У катэгорыі LMGTE гонка 4 гадзіны Парцімана стала чатырма гадзінамі восемдзесят трэцяга экіпажа Iron Lynx. Ён ж Iron Dames, таму што складаецца цалкам з дзяўчат – Сары Баві, Мішэль Гацінг і Дорыан Пан. Стартаваўшы з першай пазіцыі, яны на ёй жа і фінішавалі, не падпусціўшы блізка да сябе канкурэнтаў, лепшымі з якіх сталі Ахмад Аль-Харці, Сэмюэль дэ Хаан і Марка Сорэнсэн з шэсцьдзесят дзявятага экіпажа Oman Racing with TF Sport. Замкнуў першую тройку пяцьдзесят сёмы экіпаж Kessel Racing у складзе Такешы Кімуры, Фрэдэрыка Шандорфа і Мікела Йенсэна.

Prema Racing, атрымаўшы перамогу ў Парцімане, са 125 ачкамі выйгралі і чэмпіянат у LMP2. Праўда, у заліку гоншчыкаў чэмпіёнамі сталі толькі Габсбург і Дэлетраз. Panis Racing і ван Уйтэрт, Каналь і Жамэн зь 94 баламі сталі другімі ў абодвух заліках, а вось United Autosports, у якіх 73 ачкі, трэція толькі ў камандным заліку, тады як сярод гоншчыкаў першую тройку замкнуў Ларэнца Каломба, з якім Габсбург і Дэлетраз пачыналі сезон – у яго 85 ачкоў.

Cool Racing з Якабсэнам, Смітам і Бэнамам з 86 ачкамі сталі чэмпіёнамі ў LMP3. Inter Europol Competition з Крусам, Алівейрай і Піна зарабілі 79 ачкоў і занялі другое месца. Трэцімі сталі DKR Engineering і Буханцоў з Альварэсам, якія набралі 60 балаў.

Крысціан Рыд, Джанмарыя Бруні і Ларэнца Ферары з Proton Competition у Парцімане занялі толькі пятае месца, што не перашкодзіла ім стаць чэмпіёнамі ў LMGTE, дзе яны набралі 82 ачкі. Kessel Racing і Шандорф з Йенсэнам з 78 ачкамі занялі другое месца, Iron Lynx засталіся трэцімі, але ў заліку гоншчыкаў яны зрабілі гэта з Гацінг і Баві, якія зарабілі 70 балаў.

Таймер на афіцыйным сайце ELMS ужо вядзе зваротны адлік да старту новага сезона, да першага этапу якога на дадзены момант застаецца 179 дзён. Будзем спадзявацца, што да таго моманту мы паспеем адсвяткаваць перамогу Украіны.

Іншыя пасты блога

6 студзеня, 15:14