На тое ён і чэмпіён. Себасцьен Аж'е выйграў Ралі Іспанія

Васьміразовы чэмпіён свету па ралі Себасцьен Аж’е ў гэтым сезоне выступае ўжо па скарочанай праграме. А тое б, глядзіш, і дзявяты тытул аформіў – настолькі лёгка яму даўся іспанскі этап.

На тое ён і чэмпіён. Себасцьен Аж'е выйграў Ралі Іспанія

Фота: wrc.com

Васьміразовы чэмпіён свету па ралі Себасцьен Аж’е ў гэтым сезоне выступае ўжо па скарочанай праграме. А тое б, глядзіш, і дзявяты тытул аформіў – настолькі лёгка яму даўся іспанскі этап.

Амаль што дзевяць гадоў таму расійскі фашысцкі рэжым хутка і даволі лёгка ўкраў у Украіны Крым. Зараз усё ідзе да таго, што і да законнага ўладальніка ён вернецца хутка. На жаль, не лёгка. Украіна штодзённа плаціць крывавую цану за сваю свабоду, але рашуча яе адстойвае.

Агрэсію супраць яе ажыццяўляе і калгасны дыктатар, якому яго расійскі гаспадар дазволіў усядзець на троне пасля ўзурпацыі ўлады пасля пройгрышу на выбарах. Ён не сарамаціцца дэманстраваць сваю голую задніцу, якой пужае Узброеныя сілы Украіны, і па-ранейшаму можа кінуць супраць нашых суседзяў і сваіх абаронцаў.

Кожны з іх мусіць ведаць, што ў такім выпадку, памятаючы пра 2020 год, аніводны беларус не будзе жадаць ім нічога добрага. Поспеху і перамогі мы будзем жадаць толькі Украіне, а ўсім яе ворагам – смерці і ганьбы. Дыктатары згінуць, а народы застануцца, каб жыць у міры і сяброўстве. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

У ўкраінскіх герояў працы яшчэ нашмат болей, чым ва ўдзельнікаў сусветнага ралійнага пяршынства. Яно ў мінулы ўік-энд правяло ў Іспаніі свой перадапошні ў гэтым сезоне этап, які ўжо нічога не вырашаў. Хіба што Toyota Gazoo Racing на ім перамагла ў камандным заліку, высілкамі найперш Себасцьена Аж’е.

Нейкая бачная барацьба ў француза была хіба што ў пятніцу – дзень, калі мала хто пазбег праколаў. На сёмым спецучастку, напрыклад, гэта адбылося з гоншчыкам Hyundai Дані Сорда, і з двума прадстаўнікамі Таёты – Элфінам Эвансам і Такамота Катсутай. Прычым валіец і японец прапаролі пярэднія левыя пакрышкі аб адзін і той жа камень.

Напарнікі, адпаведна, Аж’е і Сорда Кале Раванпэра і Цьеры Нэвіль такіх непрыемнасцей пазбеглі. Яны і ўдзельнічалі васьміразоваму чэмпіёну на нервы ў першы спаборніцкі дзень. Чэмпіён новаспечаны захапіў быў лідарства ў самым пачатку, але саступіў яго французскаму майстру ўжо па выніках трэцяга допа.

Верагодна, звышдасведчаны Аж’е больш камфортна спачуваўся на мокрым ад невялікага дажджу асфальце. Раванпэра спрабаваў контратакаваць яго на пару з Нэвілем, які на кароткі момант выйшаў у лідары пасля чацвёртага спецучастка. Але ўжо на наступным Себасцьен вярнуў сабе першую пазіцыю і ўтрымаў да канца дня, скончыўшы яго з перавагай перад Раванпэрай меней чым у пяць секунд.

У наступныя два дні француз проста кантраляваў адрыў ад двух пераследнікаў, якія ў асноўным разбіраліся ўжо паміж сабой. Субота скончылася на карысць ужо бельгійца, і ў нядзелю яму ўдалася адарвацца ад Раванпэры на бяспечную адлегласць. Малады фін на гэты раз задаволіўся трэцім месцам.

Яшчэ адзін партнёр Нэвіля па Hyundai і чэмпіён 2019 года От Цянак у Іспаніі заняў чацвёртае месца, але стаў ньюсмэйкерам ужо пасля этапу. Эстонец датэрмінова разрывае кантракт з камандай і пакідае яе па сканчэнні гэтага сезона. Дзе ён апынецца ў наступным годзе і ці будзе ён у наступным годзе ў WRC наогул, пакуль невядома.

Відавочна, От незадаволены формай каманды, хуткасцю і надзейнасцю новых гібрыдных i20 N Rally1. Але заваяваць на адным з іх хаця б віцэ-чэмпіёнскае званне яшчэ паспрабуе. У чэмпіянаце ён зараз акурат на другой пазіцыі і мае 187 ачкоў. Нэвіль, праўда, недалёка – у яго 166 балаў. Ну а Раванпэра чэмпіёнам з’яўляецца ўжо з 255 ачкамі. Toyota ў Іспаніі выйграла залік вытворцаў – у яе 503 ачкі супраць 410 у Hyundai. M-Sport Ford, у якога 239 балаў, займае трэцюю пазіцыю.

У катэгорыі WRC2 у Іспаніі не было роўных Цеэму Сунінену. Праўда, не адразу. У першы спаборніцкі дзень яму супрацьстаяў і яго суайчыннік Эміль Ліндхольм на Škoda Fabia Rally2, і расіянін Мікалай Гразін на такім жа аўтамабілі, але без зганьбаванага расійскага сцяга на ім, і французу Йохану Русэлю на Citroën C3 Rally2.

Зрэшты, Сунінен на сваім Hyundai i20 N Rally2 прарваўся на першую пазіцыю ўжо за першыя спецучасткі, і далей кантраляваў сітуацыю да самага фінішу. Русэль заняў другое месца, Гразін – трэцяе. Чэмпіён свету ў WRC2 у Іспаніі не вызначыўся, бо паляк Каетан Каетанавіч, які таксама выступае на Шкодзе, заняў толькі шостае месца.

Вось у WRC3 чэмпіён ужо вядомы – ім стаў яшчэ адзін фін Лаўры Йоона. Ён у Іспаніі і перамог, прычым яму моцна пашанцавала. У суботу на адзінаццатым спецучастку на яго Ford Fiesta Rally3, якія ў гэтай катэгорыі ва ўсіх аднолькавыя, зламалася адна з паўвосяў. Але на яго шчасце, гэты доп быў адменены праз аварыю гоншчыка M-Sport Ford Гаса Грынсміта. У выніку гэтая паломка не паўплывала на вынік.

Чэшскі канкурэнт Лаўры Ян Чэрны, праўда, усё роўна быў хутчэйшым за яго, і нядзелю мусіў быў пачынаць лідарам, з 2,5-секунднай перавагай перад фінам. Але адхапіў 10-секундны штраф за спазненне на кантрольны пункт апошняга з суботніх спецучасткаў. У выніку ён заняў другое месца, саступіўшы Йооне дзевяць секунд. Трэцяе месца заняў парагваец Дыега Дамінгес.

Сезон WRC 2022 года завяршыцца ў Японіі, куды сусветнае першынство не наведвалася дванаццаць гадоў. Асфальтавая гонка пройдзе 10-13 лістапада.

Іншыя пасты блога

6 студзеня, 15:14