Блогі

Супярэчлівы этап у Барселоне і пяты чэмпіёнскі тытул Йохана Крыстоферсана ў сусветным ралі-кросе

Агляд

Супярэчлівы этап у Барселоне і пяты чэмпіёнскі тытул Йохана Крыстоферсана ў сусветным ралі-кросе

Фота: fiaworldrallycross.com

Цяпер ужо пяціразовы чэмпіён свету па ралі-кросе Йохан Крыстоферсан у гэтым сезоне сусветнага пяршынства дамініруе. Але пры гэтым і памыляецца, што здарылася і на суботнім этапе ў Барселоне, на якім швед нават не пазбег штрафу.

Пакуль гоншчыкі займаюцца гонкамі, героі Украіны займаюцца ўратаваннем яе і ўсяго свету. Апетыт звар’яцелага расійскага дыктатара, які катуе суседні народ (свой уласны, дарэчы, таксама), распаўсюджваецца далёка за заходнія расійскія межы.

Яго калгасны паслугач, здрадзіўшы Беларусі, аддаў яе агрэсару. І цяпер ёсць небяспека, што ён кіне супраць украінцаў і сваё войска, якое таксама здрадзіла народу два гады таму, заняўшы бок узурпара.

Кожны беларускі вайсковец мусіць разумець, што выкананне злачыннага загада зробіць яго ворагам ужо двух народаў, а дыктатуру гэта ўсё роўна не ўратуе. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Што Украіне трэба дапамагаць, разумее нават Іспанія, ад якой вайна далёка, і якая дзякуючы гэтаму мае магчымасць праводзіць у сябе этапы сусветных гоначных чэмпіянатаў. Акурат сёння ў Валенсіі распачаўся фінальны этап MotoGP, а ў Барселоне ў мінулыя выхадныя прайшлі перадапошнія этапы сусветнага ралі-кросу.

Усе, хто за ім сочыць, чакалі, што на той момант яшчэ чатырохразовы чэмпіён Йохан Крыстоферсан стане пяціразовым, прычым ужо ў суботу. Да гэтага ўсё і ішло, і, стартаваўшы ў першым паўфінале, швед яго без праблем выйграў. А вось у фінале ў яго ўсё пайшло наперакасяк ужо на старце.

На ўваходзе ў першы паварот Йохану стала цесна з яго суайчыннікам Кэвінам Хансэнам, які да гэтага перамог у другім паўфінале. Абодва апынуліся за межамі трасы ў гравіі, але заезд працягнулі. Крыстоферсан у ім фізічна фінішаваў шостым, але пазней быў прызнаны вінаватым у інцыдэнце і апусціўся на пятае месца.

Барацьба ж за перамогу разгарнулася паміж пераможцам другога з партугальскіх этапаў Нікласам Гронхольмам і чэмпіёнам 2019 года і старэйшым братам Кэвіна Хансэна Цімі. Фін на першым кругу захапіў лідарства, а Хансэн вырашыў наведаць джокер-пятлю, атрымаўшы, такім чынам, свабодную трасу перад сабой і магчымасць атакаваць. І калі на апошнім кругу на джокер адправіўся Гронхольм, Цімі выйшаў на першую пазіцыю, а потым і перамог. Гронхольм фінішаваў другім, трэцяе месца заняў юны дэбютант чэмпіянату свету Густаў Бергстром.

У нядзелю ж Крыстоферсан ужо не памыляўся – выйграў і першы паўфінал, і фінальны заезд, захапіўшы лідарства ўжо на яго старце. Гэта быў амаль што майстар-клас у выкананні Йохана, узнагародай за што акрамя перамогі на этапе стала і яго датэрміновая перамога ў чэмпіянаце. Цімі Хансэн, які ізноў пяршынстваваў у другім паўфінале, заняў другое месца, трэцім фінішаваў партнёр Крыстоферсана па камандзе Оле-Крысціан Вэйбі.

Пяты тытул Йохана за адзін этап да канца сезона выражаны 162 ачкамі. Цімі Хансэн, які падняўся на другую пазіцыю ў чэмпіянаце, мае 123 ачкі. Гронхольм цяпер замыкае першую тройку са 114 баламі.

З малодшых катэгорый сусветнага ралі-кросу ў Барселоне была прадстаўленая толькі электрычная RX2e, для якой гэты этап быў фінальным. Адпаведна, ён мусіў быў вызначыць і чэмпіёна, якім стаў бельгіец Віктар Вранкс. Праўда, фінішаваў у фінале ён толькі другім, саступіўшы шведу Ісаку С’ёквісту, які ў фінал прабіўся дзякуючы таму, што пасля другога паўфіналу за аварыю на фінішным створы былі аштрафаваныя Патрык О’Донаван і мясцовы гоншчык Пэпэ Арке.

Тройку мацнейшых на этапе ў Барселоне замкнуў яшчэ адзін швед Нільс Андэрсан. Фінал RX2e, дарэчы, ледзь не стаў сапраўдным гоначным шоў – у ім узялі ўдзел былы гоншчык Формулы 1 Нік Хайдфельд, іспанская мотагоншчыца, удзельніца ралі Дакар на матацыкле і напарніца Карласа Сайнса-старэйшага ў серыі Extreme E Лая Санц, а таксама былы ўдзельнік MotoGP і сусветнага Супербайка і чэмпіён апошняга 2011 года Карлас Чэка. На жаль, ні адзін з іх у фінал не прабіўся.

Сусветны ралі-крос выйшаў на фінішную прамую, і на наступных выхадных, 12-13 лістапада, ён правядзе адзіны і апошні этап у Германіі на трасе Нюрбургрынг.

Скончыць гэты артыкул я лічу важным невялікай абвесткай. Вядома, што беларус беларусу беларус, што азначае, што мы дапамагаем адзін аднаму. Кантэнту пра аўтаспорт на беларускай мове становіцца болей, і ў Тэлеграме з’явіўся беларускамоўны канал пра Формулу 1 – Формула перамогі. Заклікаю падпісвацца на яго і чытаць, разам пераможам!

Іншыя пасты блога

6 студзеня, 15:14