Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Лебядзіная песня WTCR. Турынговы Кубак свету праводзіць свой апошні сезон

Лебядзіная песня WTCR. Турынговы Кубак свету праводзіць свой апошні сезон

19 лістапада 2022, 22:03
Лебядзіная песня WTCR. Турынговы Кубак свету праводзіць свой апошні сезон

Фота: fiawtcr.com

Пандэмія, расійская агрэсія супраць Украіны і пароджаны ёю лагістычны крызіс, а таксама шынныя праблемы фактычна забілі Кубак свету па аўтагонках у класе Турынг. Яго этап у Бахрэйне на мінулых выхадных стаў перадапошнім у яго гісторыі.

Свет і саму сябе ад звар’яцелага расійскага дыктатара Украіна ўратуе. Выратавальнай яе перамога стане і для Беларусі, бо пакіне без падтрымкі мясцовага здрадніка і паслугача расійска-фашысцкіх захопнікаў. Беларуская армія яшчэ можа пазбегнуць ганьбы і вайны з суседзямі і паскорыць вызваленне свайго народа. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

А вось серыю WTCR Узброеныя сілы Украіны ўратаваць аказаліся не ў стане. Хаця вайна на іх зямлі стала толькі адным з некалькіх фактараў, па якіх сусветны Турынг больш не будзе існаваць у тым выглядзе, да якога мы прывыклі з 2018 года. Зрэшты, магчыма, што ён перародзіцца ў нешта новае і лепшае. Напрыклад, ізноў стане чэмпіянатам свету.

Такім з 2005 па 2017 гады ён і быў: праводзіў этапы на ўсіх кантынентах акрамя Антарктыды, у ім бралі ўдзел завадскія каманды. Але чым далей, тым болей ён аддаляўся ад прынцыпу Real cars, real racing, і машыны катэгорыі TC1, якая існавала ў апошнія гады яго існавання, былі моцна далёкія ад серыйнай прадукцыі вытворцаў і шалёна дарагія.

У 2018 годзе чэмпіянат свету быў пераўтвораны ў Кубак, перайшоў на тэхніку катэгорыі TCR (пярэднепрывадныя аўтамабілі з турбіраванымі рухавікамі аб’ёмам ад 1,75 да двух літраў магутнасцю 350 конскіх сіл), а завадскія каманды сышлі. Ну як сышлі… Значная колькасць прыватных стала такімі толькі фармальна, на самой жа справе Honda, Audi, Hyundai, кітайская Lynk & Co, SEAT і да нейкага часу Volkswagen аказвалі сваім партнёрам паўнавартасную падтрымку.

Пры гэтым існуючая сістэма гандыкапаў прывяла да таго, што пэўныя маркі атрымлівалі перавагу перад астатнімі, а іншыя, наадварот, пачыналі моцна адставаць, атрымліваючы дадатковую вагу на свае машыны за іх поспехі на трасах. Тая ж Lynk & Co фактычна выйграла намаганнямі Яна Эрлашэ два папярэднія сезоны, а ў гэтым яе бірузовыя седаны 03 TCR сталі занадта цяжкімі, павольнымі, ды яшчэ і пачалі перагружаць шыны.

У выніку кіраўніцтва Geely Group Motorsport у жніўні зняла абедзве свае каманды Cyan Racing з удзелу ў Кубку. Пелатон скараціўся прыкладна на траціну, а цяперашнія лідары – Мікел Ацкона і яго каманда BRC Hyundai N Squadra Corse засталіся без які-ніякіх, а канкурэнтаў. Усе гэтыя праблемы паставілі пад пытанне працяг нават гэтага сезона пасля жнівеньскага этапу ў французскім Ано ду Рыне, але арганізатары Кубку свету знайшлі выйсце і зладзілі яшчэ два этапы на Бліжнім Усходзе.

Адзін з іх і прайшоў у мінулы ўік-энд у Бахрэйне паралельна з фіналам WEC. Прайшоў, вядома, без асаблівай барацьбы, тым больш што некаторыя ўдзельнікі, як Роберт Хаф і яго каманда Zengő Motorsport свае турнірныя задачы і так выканалі, дый грошай лішніх у іх не знайшлося. Так што і гонкі напружанай барацьбой не натхнілі.

Ў першай, якая праходзіла ў пятніцу ўвечары, з поўлу стартаваў Ацкона. Ён і перамог, а яго напарнік Норберт Міхеліс забяспечыў камандзе BRC Hyundai N Squadra Corse пераможны дубль. Вугорац ужо на старце прарваўся з чацвёртай пазіцыі на другую і разам з іспанцам з’ехаў ад іх канкурэнта з Comtoyou DHL Team Audi Sport Натанаэля Бертона, які стартаваў другім, а фінішаваў трэцім.

За спінамі лідараў падзей, зрэшты, было шмат, але ўсе яны насілі лакальны характар і не былі важнымі для чэмпіянату. Напрыклад, напарнік Бертона Том Каранэль за выцісканне з трасы канкурэнта з Liqui Moly Team Engstler Ацілы Тасі атрымаў пяцісекундны штраф і пазбавіўся чацвёртага месца, адкаціўшыся на шостае.

Другі заезд быў болей насычаным падзеямі, дзякуючы ў тым ліку правілу рэверсіўнай стартавай рашоткі для першай дзясятцы па выніках кваліфікацыі. З першай пазіцыі, такім чынам, стартаваў гоншчык Comtoyou Team Audi Sport Меді Бенані, які перавагу рэалізаваў, але ў чацвёртым павароце не падзяліў трасу са сваім бельгійскім напарнікам Жылем Магнусам. Дакладней, гэта апошні, памыліўшыся на тармажэнні, учыніў сутыкненне, у якім паўдзельнічаў і Тасі. Яны абодва сышлі з дыстанцыі.

Таму першым адразу апынуўся гоншчык All-Inkl.com Muennich Motorsport Эстэбан Гер’еры, які на старце захапіў другую пазіцыю, абагнаўшы канкурэнта з Comtoyou Racing Франка Жыраламі. Аднак ззаду накочваў хуткі Міхеліс, які на пятым кругу здзейсніў абгон на галоўнай прамой, скарыстаўшыся перавагай сваёй Hyundai Elantra N TCR перад Honda Civic TCR аргенцінца (яшчэ адно прывітанне сістэме гандыкапаў). Вугорац у выніку і перамог, Гер’еры фінішаваў другім, а на ніжнюю ступень подыуму падняўся Нікі Катсбург, які вярнуўся ў сусветны Турынг і выступіў у складзе BRC Hyundai N Racing Team.

Суайчыннік і напарнік Гер’еры Нэстар Жыраламі ў першай гонцы Бахрэйне фінішаваў чацвёртым, а ў другой – дзявятым. І менавіта ён з’яўляецца галоўным пераследнікам Ацконы і адзіным акрамя яго прэтэндэнтам на апошні сусветны турынгавы Кубак.

Іспанец, як ні дзіўна, лідзіруючы з 297 ачкамі і на шэсцьдзесят апярэджваючы Жыраламі, пакуль чэмпіёнам WTCR не стаў. Для Бертона, які замыкае першую тройку, маючы 200 балаў, Мікел ужо недасягальны. BRC Hyundai N Squadra Corse лідзіруюць у камандным заліку, у іх 476 ачкоў, All-Inkl.com Muennich Motorsport з 372 баламі займаюць другую пазіцыю, на трэцяй Comtoyou DHL Team Audi Sport, у якіх 283 ачкі.

Гісторыя WTCR у цяперашнім выглядзе гэтай серыі скончыцца на наступным тыдні на гарадской трасе ў Джыдзе ў Саудаўскай Аравіі. Што будзе далей, пакажа час.

Пакуль што ўладальнікі камерцыйных праў на рэгламент TCR (па ім праводзіцца шмат нацыянальных пяршынстваў па ўсім свеце) збіраюцца зладзіць Сусветны турнір, на які ўдзельнікаў будуць абіраць па выніках дзевяці спаборніцтваў рэгіянальных і нацыянальных чэмпіянатаў. Але ці будзе гэта годнай альтэрнатывай таму сусветнаму Турынгу, якім мы ведалі яго дагэтуль, пытанне пакуль што адкрытае.

Іншыя пасты блога

Усе пасты