Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Кароль Рынгу. Йохан Крыстоферсан завяршыў сезон сусветнага ралі-кросу перамогай на нямецкім этапе

Кароль Рынгу. Йохан Крыстоферсан завяршыў сезон сусветнага ралі-кросу перамогай на нямецкім этапе

20 лістапада 2022, 23:08
Кароль Рынгу. Йохан Крыстоферсан завяршыў сезон сусветнага ралі-кросу перамогай на нямецкім этапе

Цяпер ужо пяціразовы чэмпіён WRX правёў мінулы сезон у дамінуючым стылі, хаця выйграў і не ўсе гонкі. Не на сто адсоткаў ідэальным атрымаўся для яго і этап на трасе Нюрбургрынг, але вынік на табло – менавіта Йохан Крыстоферсан падняўся там на вяршыню подыуму.

Як бы мы ні любілі гонкі, не варта забывацца, што ўкраінскі народ абараняе ў тым ліку наша права атрымліваць ад іх асалоду. Расійска-фашысцкія захопнікі не здольныя нічога ствараць, яны могуць толькі руйнаваць. Зруйнавалі б і аўта- і мотаспорт, калі б маглі. Пакуль жа яны захапілі Беларусь і руйнуюць Украіну. Гераічна б’юць нашага адзінага з ёй ворага і нашы суайчыннікі. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Лёс Украіны і Беларусі зараз вырашаецца на полі бою, а лёс гоначных трафеяў – часцей за ўсё на трасах. Часцей за ўсё, таму што часам умешвацца прыходзіцца і суддзям, як было неаднаразова па ходу цяпер ужо мінулага сезона чэмпіянату свету па ралі-кросе, у тым ліку на яго фінальным этапе ў Германіі, які прайшоў на мінулых выхадных.

Вось Йохан Крыстоферсан, напрыклад, які выйграў свой пяты тытул у Барселоне, на Нюрбургрынгу адхапіў пяцісекундны штраф за зрэзку аднаго з паваротаў. Праўда, здарылася гэта не ў фінале ці ў паўфінале, а ў другім адборачным «хіце». Што, зрэшты, ніяк не перашкодзіла шведу, бо з цяперашняй напоўненасцю стартавага пратакола не прайсці ў галоўныя заезды проста немагчыма.

Таму ў фінал, першы ў яго выпадку, Крыстоферсан патрапіў, а там ужо традыцыйна панаваў ад старту і да фінішу, атрымаўшы ўпэўненую перамогу. Разам з ім у фінал адабраліся Кэвін Хансэн і Ніклас Гронхольм. Другі паўфінал быў болей відовішчным хаця б па той прычыне, што ў ім стартаваў вядомы французскі гоншчык Герлен Шышэры на балідзе Lancia Delta-Evo-e RX, стылізаваным, як няцяжка здагадацца, пад легендарную Lancia Delta.

Герлен меў усе шанцы на праход у фінал, але зламаў падвеску сваёй машыны, няўдала атакаваўшы адзін з парэбрыкаў, і да фінішу не дабраўся. Перамог жа старэйшы брат Кевіна Хансэна і чэмпіён 2019 года Цімі Хансэн, разам з якім у фінал прайшоў і Оле-Крысціан Вэйбі.

Ну а ў фінале ўжо свайго ізноў дабіўся Крыстоферсан, які захапіў лідарства на першым кругу і потым кантраляваў сітуацыю. Кевін Хансэн заняў другое месца, але якраз да яго ў суддзяў узніклі пытанні, і за нейкае тэхнічнае парушэнне ён быў дыскваліфікаваны ўжо пасля цырымоніі ўзнагароджвання.

Таму Гронхольм, які фізічна фінішаваў трэцім, у пратаколе апынуўся другім, а Цімі Хансэн стаў трэцім па выніках этапу, а па выніках сезона – другім. Ён набраў 136 балаў, на шэсць апярэдзіўшы Гронхольма, які замкнуў першую тройку. Крыстоферсан жа скончыў сезон са 182 ачкамі.

На Нюрбургрынгу таксама адбыўся фінал еўрапейскай серыі RX3. Тут усіх здзівіў вядомы чэшскі раліст Ян Чэрны на сваёй крыху смешнай Škoda Citigo. У фінале ён змагаўся з лідарам серыі Кобе Паўэлсам на Audi A1 і нават захапіў быў лідарства.

Аднак бельгіец дзякуючы ранняму наведванню джокер-пятлі вярнуўся ў барацьбу за перамогу. А Чэрны ў барацьбе з ім разбіў сваю машыну, паспрабаваўшы ўвайсці з Кобэ разам у вузкую шыкану. Паўэльс у выніку перамог і стаў чэмпіёнам. Другое месца заняў нарвежскі дэбютант сезона Йенс Хваал на Škoda Fabia, трэцяе дасталася паляку Даміану Літвіновічу на Audi A1.

Каляндар WRX на наступны год пакуль што не апублікаваны, але будзем спадзявацца, што сезон-2023 пачнецца раней, чым мінулы. Або што ўдзельнікаў у вышэйшай катэгорыі стане болей.

Іншыя пасты блога

Усе пасты