Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Пра што казаць, калі няма пра што казаць? Шукаем, якія вынікі падвесці пасля Гран Пры Абу-Дабі

Пра што казаць, калі няма пра што казаць? Шукаем, якія вынікі падвесці пасля Гран Пры Абу-Дабі

21 лістапада 2022, 16:11
Пра што казаць, калі няма пра што казаць? Шукаем, якія вынікі падвесці пасля Гран Пры Абу-Дабі

Фота: formula1.com

Гэта вам не мінулы год, калі страсці палалі да апошняга круга апошняй гонкі сезона і яшчэ больш пасля яе. У гэтым сезоне адказы на галоўныя пытанні мы атрымалі датэрмінова, і гонка на трасе Яс-Марына вырашала ўжо другасныя. І, так ужо атрымалася, ледзь не цалкам адлюстравала ўвесь мінулы чэмпіянат.

Пакуль гоншчыкі святкуюць канчатак сезонаў сваіх серый, расійска-фашысцкія захопнікі працягваюць катаваць Украіну і ўкраінцаў. Яны абараняюць не толькі сваё права на існаванне, але і правы гоншчыкаў займацца іх улюблёнымі справамі. А яшчэ яны набліжаюць вызваленне беларусаў ад дыктатуры, што катуе іх без малога тры дзесяцігоддзі. За ваенныя злачынствы адкажуць усе, хто ў іх вінаваты. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Ці можна што-небудзь гэтакае ж натхняльнае сказаць пра Формулу 1? Пачынаўся-та мінулы сезон цікава, але прыкладна на яго сярэдзіне стала больш ці менш зразумела, да чаго ўсё рухаецца. І калі б не сходы на першых этапах, мо і раней, чым пасля Гран Пры Японіі быў бы ў другі раз каранаваны Макс Ферстапен.

Трыумф яго і каманды Red Bull азмрочылі хіба што скандалы з перарасходам бюджэту ў 2021 годзе і пасля канфлікту паміж нідэрландцам і яго мексіканскім напарнікам Серхіа Перэсам на Гран Пры Бразіліі. Адгалоскі апошняга было чуваць і ў Абу-Дабі, прынамсі, трыбуны на пасляфінішным інтэрв’ю Макса гулі яўна неўхвальна.

Хаця сам канфлікт быццам бы быў вычарпаны: Чэка прызнаў, што на эмоцыях быў занадта рэзкім, калі вінаваціў Ферстапена ў няўдзячнасці, каманды выпусціла адмысловае камюніке, у якім распавяла, што мела месца памылка, і дзеянні пілотаў на апошнім кругу гонкі на Інтэрлагасе не былі ўзгодненыя, і ў Макса не было часу, каб адрэагаваць на загад з боксаў.

Таму можна сказаць, што дубль у чэмпіянаце Чырвоныя Быкі ўпусцілі ў Сан-Паўлу, а не ў Абу-Дабі. Дарэчы, яшчэ ніколі гоншчыкі каманды з Мілтан-Кінса не займалі першыя дзве пазіцыі ў чэмпіянаце. Шансы на гэта, аднак, былі – Перэс у суботу кваліфікаваўся другім і захоўваў сваю пазіцыю значную частку дыстанцыі гонкі. Але ў Ferrari ці не ўпершыню, так бы мовіць, змаглі ў стратэгію.

Як і Ферстапен, гоншчык Скудэрыі Шарль Леклер здолеў правесці гонку з адным піт-стопам – стартаваў на шынах сярэдняй жорсткасці, а на дваццаць другім кругу перайшоў на «хард». У Red Bull абралі для Перэса падобную стратэгію, але свой піт-стоп Серхіа здзейсніў на шэсць кругоў раней. І калі б ён на сярэдзіне дыстанцыі не адправіўся пераабувацца ў другі раз, зусім не факт, што на апошніх кругах Перэсу хапіла б тэмпу, каб угнацца за Леклерам.

У другі раз яму таксама ўсталявалі самы жорсткі кампаўнд, аднак мексіканец усё ж такі пачаў хутка набліжацца да манэгаска. Але да сапраўднай барацьбы паміж імі справа не дайшла. Чэка не змог наблізіцца да Шарля нават на адлегласць атакі з DRS і задаволіўся трэцім месцам у гонцы і ў чэмпіянаце. Леклер і там, і там стаў другім, ну а Ферстапен з вялікай перавагай у абодвух выпадках перамог, набраўшы 454 ачкі. У Леклера іх 308, што ўсяго на тры болей, чым у Перэса. Red Bull разгромна выйгралі Кубак канструктараў – у іх 759 ачкоў супраць 554 у Ferrari і 515 у Mercedes..

Дарэчы, аб перамогах. Сяміразовы чэмпіён Формулы 1 Льюіс Хэмілтан у гэтым сезоне не атрымаў аніводнай, што стала яго асабістым антырэкордам. У адрозненні, дарэчы, ад яго напарніка Джорджа Расэла, які ў тым самым Сан-Паўлу фінішаваў першым ажно двойчы – у суботнім спрынце і ў галоўнай нядзельнай гонцы.

Для Льюіса вішанькай на торце пад назвай W13 стаў учора сход на пяцьдзесят пятым кругу праз праблемы са скрыняй перадач. Тым не менш будзе вельмі цікава паназіраць за брытанцамі ў наступным годзе, асабліва калі Mercedes падрыхтуе для іх балід, які будзе адпавядаць іх здольнасцям.

Пра здольнасці машын каманд Aston Martin, McLaren і Haas можна спрачацца, але факт у тым, што, адпаведна, чатырохразовы чэмпіён Себасцьян Фетэль, Даніэль Рыкарда і Мік Шумахер за іх стырнамі не паказалі таго, чаго хацелі б. Старэйшы з немцаў так і не атрымаў магчымасці пазмагацца за перамогі, малодшы набраў ачкі толькі ў дзвюх гонках за ўсю сваю кар’еру ў Вялікіх Прызах, а бадай што адзінай яркай плямай у апошняй фазе кар’еры аўстралійца была яго перамога на мінулагоднім Гран Пры Італіі.

У выніку Себасцьян вырашыў развітацца з Формулай 1 (зараз усе эксперты будуюць здагадкі, ці назаўсёды), а Дэн бярэ часовы тайм-аўт і вяртаецца ў Red Bull у якасці рэзервовага пілота і амбасадара брэнду. Што часовы, вельмі хочацца верыць, таму што Рыкарда варты каралеўскіх аўтагонак.

Што ж да сына Міхаэля, то ў яго выпадку застаецца спадзявацца, што ён яшчэ малады, і яшчэ атрымае свой шанец. Як яго ў каторы ўжо раз атрымаў Ніка Хюлькенберг, які і будзе напарнікам Кэвіна Магнусэна па Haas у наступным годзе. Амерыканец Логан Сарджэнт у мінулы ўік-энд добра выступіў на фінальным этапе Формулы 2 і набраў неабходныя для суперліцэнзіі балы, таму ён з высокай доляй верагоднасці далучыцца да Williams, і для Шумахера ў такой сітуацыі варыянт з пераходам на ролю рэзервовага пілота Mercedes робіцца бадай што адзіным рэальным. Тота Вольф, дарэчы, не супраць.

Таму хоць сезон-2022 і скончыўся, навіны пра чэмпіянат свету працягнуць паступаць. Чытаць іх я раю і ў Тэлеграм-канале нашых партнёраў Формула перамогі. Яны будуць, напрыклад, заўтра, калі на ўсё той жа трасе Яс-Марына пройдуць тэсты шын у спецыфікацыі 2023 года, а таксама маладых пілотаў. Будзе пра што напісаць і «Гоначнай псіхапатыі», таму што яшчэ не ўсе серыі скончылі свае сезоны. Дый той, што правяла Формула 1, варта будзе ўспомніць і прааналізаваць.

Іншыя пасты блога

Усе пасты