Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Несумны фінал. Сезон сусветнага Супербайка скончыўся прыгожымі перамогамі Альвара Баўцісты

Несумны фінал. Сезон сусветнага Супербайка скончыўся прыгожымі перамогамі Альвара Баўцісты

23 лістапада 2022, 20:02
Несумны фінал. Сезон сусветнага Супербайка скончыўся прыгожымі перамогамі Альвара Баўцісты

Сканчаць сезон перамогай заўжды прыемна, і новы чэмпіён WSBK напэўна хацеў зрабіць менавіта так. Яго супернікі таксама да гэтага імкнуліся, і ў іх сёе-тое атрымалася.

Пакуль мы пішам пра гонкі, ва Украіне працягваюць гінуць мірныя жыхары, якіх забівае дзяржава-тэрарыст. Але ўсё, што звар’яцелы расійскі дыктатар можа – гэта руйнаваць Украіну. Заваяваць яе ён не зможа ніколі, таму што яе не захапіў здраднік, як гэта адбылося з Беларуссю. Наша зямля таксама чакае вызвалення, і ўкраінскія абаронцы, сярод якіх ёсць і беларусы, набліжаюць яго. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Перамога Украіны наперадзе, а вось Альвара Баўціста ў сусветным Супербайке сваю ўжо атрымаў. Чэмпіёнам ён стаў яшчэ па выніках інданэзійскага этапу, а праз тыдзень на аўстралійскім Філіп-Айлэндзе замацаваў поспех.

Пачаў гоншчык Aruba.it Racing-Ducati з перамогі ў кваліфікацыі, аднак затым услед рушыў халодны дождж. Ну, дакладна, не ведаю, ці на самой справе халодны, усё ж такі ў паўднёвым паўшар’і зараз настае лета, а не зіма. Але дождж сапраўды прайшоў, наклаўшы свой адбітак на ход суботняй гонкі.

Пачыналі яе ўсе на дажджавых шынах, і Баўціста зрабіў гэта добра, захаваўшы лідарства. Але яго адразу пачаў даганяць цяпер ужо былы чэмпіён з Pata Yamaha with Brixx WorldSBK Топрак Разгатліоглу, які на старце прарваўся з чацвёртай пазіцыі на другую. Сам ён адначасова адбіваўся ад свайго мінулагодняга суперніка з Kawasaki Racing Team WorldSBK Джонатана Рэя, якога прапусціў у пачатку трэцяга круга.

І якраз брытанец на тым жа кругу першым пакінуў ззаду новаспечанага чэмпіёна. Траса пакрысе падсыхала, і ў такіх умовах менавіта шасціразовы ўладальнік чэмпіёнскай кароны сусветнага Супербайка адчуваў сябе лепей за ўсіх. Баўціста ж працягнуў губляць пазіцыі, і хутка прапусціў Разгатліоглу і напарніка Рэя Алекса Лоўса.

У першай гонцы на Філіп-Айлэндзе мела месца незвычайная з’ява – паколькі надворныя ўмовы мяняліся, выглянула сонца, і гоншчыкі адзін за адным пачалі заязджаць у боксы. Але там яны мянялі не матацыклы, што мы неаднаразова бачылі, напрыклад, у MotoGP, а калёсы на матацыклах, пераабуваючыся ў слікі. Джонатан Рэй зрабіў гэта на адзінаццатым кругу і вярнуўся на першую пазіцыю, гуму змянілі і ўсе астатнія.

Ну а на амаль што сухой трасе роўных Джонатану не было, і ён спакойна давёў справу да перамогі. Разгатліоглу заняў другое месца, а вось Баўціста, які нейкі час трымаўся на трэцім, фінішаваў толькі пятым, прапусціўшы Лоўса і напарніка Топрака Андрэа Лакатэлі. Затое ў нядзелю іспанец даў майстар-клас, даказаўшы, што ў гэтым годзе тытул выйграў не выпадкова.

Траса ізноў была месцамі сырой, але Баўціста рызыкнуў стартаваць на сліках. На старце гэта каштавала яму шмат пазіцый – ён адкаціўся быў на чатырнаццатую. Аднак, прагрэўшы шыны, пачаў імкліва прарывацца, і на дзявятым і перадапошнім кругу ўжо атакаваў Рэя і Разгатліоглу ў спрэчцы за лідарства. І паколькі ў іх абодвух стаялі дажджавая або прамежкавая гума, стрымаць Альвара не здолеў ні той, ні іншы. У выніку Баўціста перамог, Разгатліоглу фінішаваў другім, Рэй – трэцім.

У фінальным заездзе ўік-энда і сезона ў шынную рулетку ніхто не гуляў, бо траса была ўжо цалкам сухой. Што, аднак, не дазволіла Баўцісце рэалізаваць перавагу поўлу – ён прапусціў Рэя і гоншчыка BMW Motorrad WorldSBK Team Скота Рэдзінга. Зрэшты, Баў спатрэбілася ўсяго сем кругоў, каб вярнуць сабе лідарства.

Пасля гэтага пачалося яго супрацьстаянне з Рэем, тэмп якога быў блізкім да тэмпу самога Альвара. Але магчымасцей для атакі ён канкурэнту з Kawasaki не падаў і скончыў сезон перамогай. Рэй задаволіўся другім месцам, а трэцяе, абагнаўшы Разгатліоглу, заняў Лоўс.

Праўда, усю дыстанцыю фінальнай гонкі сезона яе ўдзельнікі не пераадолелі – яна была спыненая чырвонымі сцягамі за пяць кругоў да фінішу праз аварыю гоншчыка Bonovo Action BMW Юджына Лаверці. Брытанец атрымаў траўмы тазу і быў дастаўлены ў Шпіталь Альфрэда ў Мельбурне. Зычым яму хутчэйшага выздараўлення.

Баўціста, такім чынам, скончыў сезон з 601 ачком. Рэй тэарэтычна меў магчымасць абысці Разгатліоглу і стаць віцэ-чэмпіёнам, але ім ўсё ж такі стаў турак, які набраў 529 балаў. Рэй з 502 ачкамі застаўся трэцім. Адсвяткаваўшы абсалютны трыумф у MotoGP, Ducati зрабіла тое ж і ў сусветным Супербайке, выйграўшы з 632 баламі залік вытворцаў. Yamaha, набраўшы 577 ачкоў, заняла другое месца, Kawasaki, у якой 530 балаў, засталася трэцяй.

Наступны сезон WSBK пачнецца на тым жа Філіп-Айлэндзе, прычым ужо ў канцы лютага. Будзем спадзявацца, што ў ім нас чакае таксама шмат цікавага, і што ён скончыцца пазней, чым вайна ва Украіне.

Іншыя пасты блога

Усе пасты