Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Лагічны фінал. Гісторыя серыі WTCR скончылася не надта яскрава

Лагічны фінал. Гісторыя серыі WTCR скончылася не надта яскрава

1 снежня 2022, 18:58
Лагічны фінал. Гісторыя серыі WTCR скончылася не надта яскрава

Фота: fiawtcr.com

Кубак свету па аўтагонках у класе Турынг скончыў сваё існаванне. Яго фінальны этап, што прайшоў у мінулыя выхадныя на гарадской трасе ў Джыдзе, мог бы быць і больш насычаным падзеямі, але ў цэлым толькі адлюстраваў стан, у якім WTCR апынулася ў апошнія гады.

Канец сусветнага Турынга ў тым выглядзе, у якім ён існаваў апошнім часам, дакладна меней ганебны, чым будучы канец расійскай імперыі. Каб уратаваць яе, звар’яцелы дыктатар з дапамогай свайго калгаснага паслугача ў Беларусі зараз катуе Украіну. І гэта ўсё, што ён можа, бо скарыць украінцаў у яго не атрымаецца. Іх вызваленне дапаможа вызваліцца і беларусам, а ваенныя злачынцы панясуць адказнасць. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

А яшчэ, у адрозненні ад усё той жа расійскай імперыі, сусветны Турынг усё ж такі шкада. Нават калі ён пазбавіўся статусу чэмпіянату свету і стаў менавіта што Кубкам, доўгі час там было, на што паглядзець. На сканчэнні ж гісторыі WTCR глядзець засталося хіба што на прыгожыя машынкі. Па-сапраўднаму цікавымі гонкі на іх быць перасталі.

Фінал у Саудаўскай Аравіі стаў таму яскравым прыкладам. Дастаткова сказаць, што гоншчык каманды BRC Hyundai N Squadra Corse Мікел Ацкона стаў чэмпіёнам яшчэ па выніках кваліфікацыі. Пры гэтым іспанец поўл не выйграў, абмежаваўшыся трэцім вынікам. Першая ж стартавая пазіцыя ў першай гонцы дасталася прадстаўніку Comtoyou DHL Team Audi Sport Натанаэлю Бертону.

Ён і выйграў першы заезд, паспяхова адбіўшыся ад атак з боку напарніка Ацконы Норберта Міхеліса, які і стартаваў, і фінішаваў другім. Зрэшты, абганяць на скарочаным варыянце трасы ў Джыдзе (для WTCR выкарыстоўваўся 3 450-метровы варыянт) няпроста. Каб згубіць пазіцыю, тут трэба або значна саступаць суперніку ў хуткасці, або памыліцца. Што і адбылося на старце з Ацконай, які на старце адкаціўся на шостую пазіцыю.

Шостым Мікел і застаўся, а на ніжнюю ступень подыуму падняўся напарнік Бертона Том Каранэль. Самому ж Натанаэлю не пашанцавала ў другой гонцы, дзе ён сутыкнуўся з Робертам Хафам, які разам з камандай Zengő Motorsport на апошні этап у гісторыі WTCR прыехаў. Пры гэтым брытанец працягнуў гонку, якая ў выніку гэтага інцыдэнту завяршалася пад аўтамабілем бяспекі, і заняў пятае месца, тады як Бертон сышоў.

І гэта была не адзіная аварыя ў фінальнай гонцы Кубку свету. Ужо на трэцім кругу гоншчык Liqui MolyTeam Engstler Аціла Тасі, які стартаваў першым і захаваў лідарства, стаў ахвярай канкурэнта з Comtoyou Team Audi Sport Франка Жыраламі. Той запозна затармазіў перад першым паваротам і вынес і Тасі, і гоншчыка BRC Hyundai N Racing Team Нікі Катсбурга. Ну і сам сышоў з дыстанцыі.

Лідарства пасля гэтага перайшло да напарніка Франка Жыля Магнуса, які і стаў апошнім у гісторыі WTCR пераможцам гонкі. Другое месца заняў прадстаўнік сяброўскага калектыву Comtoyou Racing Віктар Давідоўскі, а Ацкона гэтым разам здолеў падняцца на ніжнюю ступень подыуму.

За сезон Мікел набраў 337 ачкоў. Другое месца з 254 ачкамі заняў Нэстар Жыраламі, трэцім стаў Бертон, які зарабіў 240 балаў. У камандным заліку перамаглі BRC Hyundai N Squadra Corse, чые гоншчыкі набралі разам 559 ачкоў. Другое месца All-Inkl.com Münnich Motorsport, якія скончылі сезон з 403 ачкамі. Замкнулі першую тройку Comtoyou DHL Team Audi Sport, у якіх 355 балаў.

Нам жа застаецца спадзявацца, што сусветны Турынг у тым ці іншым выглядзе адродзіцца. Гэтыя гонкі вартыя таго, каб існаваць не толькі ў выглядзе рэгіянальных і нацыянальных пяршынстваў.

Іншыя пасты блога

Усе пасты