Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Льюіс Хэмілтан усё ж такі выйграў чэмпіянат, але ёсць нюанс. Фінал другога сезона Extreme E выйшаў феерычным

Льюіс Хэмілтан усё ж такі выйграў чэмпіянат, але ёсць нюанс. Фінал другога сезона Extreme E выйшаў феерычным

Агляд

8 снежня 2022, 13:53
Льюіс Хэмілтан усё ж такі выйграў чэмпіянат, але ёсць нюанс. Фінал другога сезона Extreme E выйшаў феерычным

Гэта ў Формуле 1 яе сяміразоваму чэмпіёну ў мінулым сезоне нічога не свяціла практычна ад пачатку. Затое ў электрычных пазадарожных гонках шанцы ў Льюіса былі, і там ён перамогу ў апошнія восеньскія выхадныя атрымаў. Праўда, не сам.

Другі сезон серыі Extreme E пачаўся амаль што адначасова з вайной ва Украіне, але скончыўся, на жаль, раней за яе. Аднак мужнасць і еднасць украінцаў дае надзею на тое, што яны са сваёй бядой разбяруцца хутчэй, чым усе чакаюць. Іх поспех дапаможа беларусам разабрацца са сваёй і аднавіць мір і сяброўскія адносіны паміж двума народамі. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Льюіс Хэмілтан быў адным з тых, хто ў падтрымку Украіны выказаўся з самага пачатку. Персанальна для мяне гэта значыць многа, і нават калі брытанец не ва ўсім меў рацыю ў мінулым, поспеху яму за просты чалавечы ўчынак пачынаеш жадаць. Ну і нагадаю, што пратэсты беларусаў супраць дыктатуры сяміразовы чэмпіён Формулы 1 таксама некалі падтрымаў.

У яго роднай дысцыпліне яму ў гэтым годзе так і не пашанцавала, у адрозненні ад яго напарніка па Mercedes Джорджа Расэла. У Extreme E ў яго ёсць уласная каманда X44 Vida Carbon Racing, галоўным канкурэнтам якой з’яўляецца калектыў былога напарніка Льюіса па тым жа Мерсэдэсе Ніка Росберга – Rosberg X Racing.

Яна мінулы сезон гонак на электрычных пазадарожніках і пачала ў рангу чэмпіёна. Яна ж, нягледзячы на няўдачу на папярэднім этапе ў Чылі, прыбыла лідарам і ва Уругвай, дзе ў апошнія восеньскія выхадныя праходзіў фінал Extreme E. Толькі і там у Йохана Крыстоферсана і Мікаэлы Алін-Катулінскі ўсё пайшло зусім не па плане.

Праз аварыю ў другім кваліфікацыйным хіце шведскаму дуэту не ўдалася патрапіць у фінальныя заезды. Ці не ўпершыню Rosberg X Racing мусілі прабівацца скрозь суцяшальны Crazy Race, але і там удача ім не спадарожнічала.

Алін-Катулінскі вар’яцкую гонку пачынала, і на старце пачала біцца за другую пазіцыю з канкурэнткай з JBXE (каманда чэмпіёна Формулы 1 2009 года Джэнсана Батана) Хэдай Хосас, чыім напарнікам з’яўляецца Фрэйзэр МакКонэл. Аднак праз кантакт з іспанкай, які справакавала гоншчыца XITE Energy Racing, Тамара Малінара, якая выступала разам з Эзэкілем Кампанкам, на машыне шведкі была пашкоджаная пярэдняя падвеска. Хосас з дыстанцыі сышла адразу, а вось Алін-Катулінскі да зоны змены гоншчыкаў дацягнула.

Рамонт, якім каманда там занялася, нават меў плён, і Крыстоферсан паспрабаваў зрабіць усё ад яго залежнае. Праўда, на перамогу, а толькі яна мае ў Crazy Race значэнне, пяціразовы чэмпіён свету па ралі-кросе ўжо не спадзяваўся, дый каманда за нейкія парушэнні ў зоны змены пілотаў была потым дыскваліфікаваная.

Перамога ж дасталася якраз гоншчыкам Льюіса Хэмілтана – Себасцьену Лёбу і Крысціне Гуцьерэс, якія таксама мусілі прайсці праз суцяшальны заезд. Іспанская гоншчыца свой адрэзак правяла амаль што ідэальна, і да зоны змены прыбыла першай. А вось дзевяціразовы чэмпіён свету па ралі на трасу вяртаўся побач з Кампанкам. Не адпускаў аргенцінец француза і да самага фінішу. У пэўны момант ён нават выйшаў наперад, але Лёб удалай контратакай вярнуў сабе лідарства.

Вырашальным стала пераадоленне гоншчыкамі зоны жоўтых сцягоў у тым месцы, дзе спынілася раней Хосас. Атака Кампанка адразу перад ёй не атрымалася, а на выхадзе з яе Лёб пачаў адрывацца і ў выніку перамог, прайшоўшы ў фінал. Кампанк з Малінара фінішавалі другімі, нягледзячы на 30-секундны штраф за кантакт Тамары з Алін-Катулінскі і 10-секундны штраф за кантакт ужо Эзэкіля з Лёбам на выездзе з зоны змены гоншчыкаў.

Паўфіналы на гэтым фоне прайшлі спакойна. У першым перамаглі Кэвін Хансэн і Молі Тэйлар, якія на фінальным этапе перайшлі з каманды Джэнсана Батана ў Veloce Racing. На старце, праўда, наперад вырвалася Клара Андэрсан, гэтаксама як і Хансэн з Крыстоферсанам вядомая нам па сусветным ралі-кросе, якая была напарніцай Насэра Аль-Аціі па ABT CUPRA XE.

У Тэйлар угнацца за маладой шведкай не атрымлівалася, ды яшчэ на саму яе пачала насядаць канкурэнтка з GMC Hummer EV Chip Ganassi Racing Сара Прайс. Але амерыканка, чыім напарнікам гэтым разам быў яе суайчыннік, але не Кайл ЛеДзюк, а Эр-Джэй Андэрсан, адхапіла два 10-секундныя штрафы за збітыя абмежавальныя сцяжкі, у выніку чаго яе каманда заняла трэцяе месца і ў фінал не прайшла.

Да зоны змены пілотаў, зрэшты, усе тры жанчыны прыбылі амаль што разам. Мужыкі на трасу вярталіся таксама разам, і тут Аль-Аціе прыйшлося крыху адступіць, каб і яму не збіць абмежавальны сцяг. Таму на выхадзе з зоны змены побач апынуліся Хансэн і Андэрсан, і швед пасля кароткай, але прыгожай барацьбы, захапіў лідарства і давёў справу да перамогі. Аль-Ація ж застаўся трэцім, але проста дачакаўся фінішу, бо ведаў пра штраф, накладзены на Chip Ganassi Racing.

У другім паўфінале перамаглі Каці Манінгс і старэйшы брат Кэвіна Хансэна Цімі. Брытанка пасля кароткай дуэлі на старце з Лаяй Санц з каманды Acciona Sainz XE Team, у якой яна дзеліць машыну з чатырохразовым чэмпіёнам свету па ралі Карласам Сайнсам-старэйшым, захапіла лідарства.

Санц адкацілася была на трэцюю пазіцыю, і ў барацьбе з прадстаўніцай NEOM McLaren Extreme E Эмай Гілмар, якая выступала разам з Танэрам Фаўстам, дапусціла пераварот. На шчасце, сходам гэты інцыдэнт для Лаі не скончыўся, але ні ў яе, ні ў Сайнса дагнаць канкурэнтаў не атрымалася, і яны таксама праляцелі міма фінальнага заезду.

Ну а ў фінале многае вырашылася практычна на старце. Лідарства там адразу захапіў Аль-Ація, Фаўст апынуўся на другой пазіцыі, Цімі Хансэн на трэцяй, а Лёб – толькі на чацвёртай. І гэтага не хапала французу і яго напарніцы для тытулу ў Extreme E. Чацвёртымі яны і фінішавалі, аднак у пратаколе ўсё ж такі апынуліся на трэцім месцы, бо Хансэн і Манінгс атрымалі 7-секундны штраф за перавышэнне хуткасці ў зоне змены.

Перамогу ж у фінальнай гонцы і на этапе атрымалі Андэрсан, Аль-Ація і іх каманда ABT CUPRA XE, Гілмар, Фаўст і NEOM McLaren занялі другое месца, а Лёб, Гуцьерэс і X44 Vida Carbon Racing, замкнуўшы першую тройку, сталі новымі чэмпіёнамі серыі Extreme E. Яны зарабілі 86 ачкоў, усяго на два абышоўшы Крыстоферсана, Алін-Катулінскі і Rosberg X Racing, якія занялі другое месца. Трэцімі сталі Сайнс-старэйшы, Санц і Acciona Sainz XE Team, у якіх 66 ачкоў.

Наступны сезон Extreme E пачнецца ў сакавіку ў Саудаўскай Аравіі. Усяго запланавана пяць этапаў, апошні з якіх мусіць прайсці ў пачатку снежня 2023 года ў Чылі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты