Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Макс Ферстапен – новы кароль Формулы 1? Падводзім далёка не поўныя вынікі мінулага сезону чэмпіянату свету

Макс Ферстапен – новы кароль Формулы 1? Падводзім далёка не поўныя вынікі мінулага сезону чэмпіянату свету

31 снежня 2022, 16:41
Макс Ферстапен – новы кароль Формулы 1? Падводзім далёка не поўныя вынікі мінулага сезону чэмпіянату свету

Фота: formula1.com і FIA

Амаль што скончыўся 2022 год. Застаўся ззаду і першы сезон Формулы 1 з новым тэхнічным рэгламентам, новымі або старымі і доўгачаканымі гонкамі, а таксама новымі і не толькі новымі героямі. І з новымі і не толькі новымі праблемамі, і гаворка не толькі пра «дэльфінаванне».

Сезон Формулы 1 2022 года фактычна прайшоў у новым свеце – з сапраўднай вайной пасярод Еўропы. У другі дзень перадсезонных тэстаў у Барселоне звар’яцелы расійскі дыктатар адправіў сваё войска заваёўваць Украіну. З таго часу кожны тутэйшы артыкул пачынаецца з напаміну пра тое, што ў нашых суседзяў бяда і што яны гінуць ад рук забойцаў з другой арміі свету.

Праўда, першапачатковы план той арміі пад назвай «Киев за три дня» праваліўся, праз што расійска-фашысцкім захопнікам прыйшлося здзейсніць шэраг жэстаў добрай волі і сысці з часткі захопленых тэрыторый. Закамплексаваны ж карлік вырашыў, што раз ён не можа скарыць Украіну, то трэба яе знішчыць, чым ён дагэтуль і займаецца і што яму паспяхова перашкаджаюць рабіць Узброеныя сілы Украіны

Менавіта дзякуючы намаганням украінскіх абаронцаў, сярод якіх ёсць і беларусы, яшчэ адзін дыктатар, узурпатар і здраднік Беларусі, які аддаў яе агрэсару, не паслаў на вайну ўласнае войска. Ён выдатна разумее, чым для яго скончыцца такі ўчынак, хаця такі фінал для яго і так прадвызначаны.

Саўдзельнікам агрэсіі супраць Украіны ён усё роўна стаў, і да яго шматлікіх ранейшых злачынстваў, нават не 2020 года, дадалося яшчэ адно. І для вызвалення нашай айчыны ад калгаснага фашызму нам таксама патрэбная перамога нашых суседзяў. Таму я не перастану паўтараць простыя, але важныя словы: Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Расійская агрэсія паўплывала і на сусветны спорт, у тым ліку на Формулу 1. Гульні яе былога ўладальніка Бэрні Эклстоўна з гопнікам з піцерскай падваротні прывялі да таго, што чэмпіянат свету пачаў прыязджаць у Расію акурат тады, калі яна ўжо скарала Крым і распачала тады яшчэ гібрыдную, але ўсё роўна ўжо сапраўдную вайну на ўсходзе Украіны. Але 24 лютага 2022 года ўжо ў новых кіраўнікоў каралеўскіх аўтагонак цярпенне лопнула.

Гран Пры Расіі, які ў гэтым годзе меўся ў апошні раз прайсці ў Сочы, каб потым пераехаць якраз пад Пецярбург, на трасу Игора Драйв, быў тэрмінова скасаваны. І, дарэчы, так і не быў заменены. Прычым выканаўчы дырэктар Формулы 1 Стэфана Даменікалі заявіў, што расійскага этапу ў календары чэмпіянату не будзе больш ніколі.

Разбуральная хваля спартыўных санкцый толькі Вялікімі Прызамі не абмежавалася. Ралі Дакар, якое пачнецца ў першы дзень 2023 года, упершыню за доўгія гады пройдзе без каманды КамАЗ-Мастер. Але гэта іншая гісторыя, да якой мы, вядома, у студзені неаднаразова вернемся. У Формуле 1 жа агрэсія фашыстаў з паўночнай Еўразіі прывяла да таго, што каманда Haas засталася без тытульнага спонсара і, як вынік, без аднаго з гоншчыкаў.

Мікіта, як цяпер кажуць, стаў таксічным, як і «Уралкалий» – тытульны спонсар Haas, старшынёй савету дырэктараў якога з’яўляецца бацька Мікіты Дзмітрый. Джыну Хаасу з Гюнтэрам Штайнэрам прыйшлося шукаць замену. Знайшлася яна хутка – у каманду вярнуўся Кэвін Магнусэн, які пакінуў яе па сканчэнні 2020 года.

Складаней было са спонсарам, але і яго знайшлі – з наступнага сезона генеральным партнёрам Haas будзе амерыканская кампанія MoneyGram. Будзе цікава паглядзець, ці працягнецца прагрэс калектыву, які быў заўважны ў 2022 годзе.

Заўважны ён быў найперш на прыкладзе якраз Магнусэна, які нават здолеў заваяваць поўл на Гран Пры Сан-Паўлу. Складаней было Міку Шумахеру, і з ім каманда па сканчэнні сезону развіталася, замяніўшы яго Ніка Хюлькенбергам. Сын жа сяміразовага чэмпіёна Формулы 1 стаў рэзервовым пілотам Mercedes, і цяпер наважваецца вярнуцца на стартавую рашотку ў якасці баявога гоншчыка.

Але гэта гісторыя асобная, і на пачатку сезона да яе было далёка. Хаця аварыі Міка, як у кваліфікацыі Гран Пры Саудаўскай Аравіі, давалі зразумець, што яна ўсё ж такі ўзнікне. А яшчэ перад пачаткам чэмпіянату, калі гоншчыкі, у тым ліку Мазепін, паспелі адкатаць перадсезонныя тэсты ў Барселоне, амаль ва ўсіх каманд быў іншы галаўны боль.

Называлі яго па-рознаму: «дэльфінаваннем», «казленнем» або проста падскакваннем. З’ява, вядомая з 80-х гадоў, вярнулася ў 2022-м разам з граўнд-эфектам. Цяпер не антыкрылы, а днішча баліда генерыруе значную долю прыціскной сілы. І нават малое змяненне дарожнага прасвету, напрыклад, пры праездзе тых жа нароўнасцяў асфальту, прыводзіць да страты прыціскной сілы і нестабільнасці аўтамабіля. Асабліва гэта заўважна на высокіх хуткасцях, што, натуральна, небяспечна, бо можа пагражаць аварыямі.

Гэтая з’ява стала ці не галоўнай у першай палове сезону і, можна сказаць, абумовіла яго цячэнне. Таму што, як гэта практычна заўсёды бывае ў Формуле 1, некаторыя каманды ў новых умовах зарыентаваліся лепей за іншыя. Вось у Red Bull скарысталіся сваёй зусім не сакрэтнай зброяй – галоўным канструктарам Эдрыанам Ньюі. Па выразе главы калектыву Крысціана Хорнэра, ён адзіны, хто бачыць паветра. І з феноменам вертыкальных хістанняў на высокіх хуткасцях знаёмы акурат з 80-х гадоў.

У невялікай ступені, зрэшты, на пачатку згаданае «дэльфінаванне» праяўлялася спачатку і на Red Bull RB18, але зусім не так, як на Mercedes W13. Васьміразовыя ўладальнікі Кубку канструктараў недзе пралічыліся, ды яшчэ і пабудавалі машыну па рызыкоўнай канцэпцыі з практычна адсутнымі бакавымі пантонамі. Ідэя не спрацавала, і ніякія эксперыменты з профілем днішча і яго дадатковымі элементамі не дапамаглі.

Пагоршыла сітуацыю праблема на базе з аэрадынамічнай трубой, дадзеныя з якой не адпавядалі таму, што каманда назірала ў рэальных умовах. Таму ўся першая палова сезону-2022 года для Срэбраных Стрэлаў была суцэльнай пакутай. Тым цікавей было назіраць за навабранцам каманды Джорджам Расэлам, які заслужыў званне Містэра Сталасці. Або Стабільнасці – за свае рэгулярныя фінішы ў першай пяцёрцы.

Не, сяміразовы чэмпіён Льюіс Хэмілтан зусім не зганьбіўся, проста яго малады напарнік і суайчыннік за некалькі гадоў у складзе Williams болей прывык мець справу з праблемным балідам. А Mercedes W13 усё роўна быў лепей нават за самы лепшы Williams апошніх гадоў, і на Гран Пры Сан-Паўлу адзіную ў 2022 годзе перамогу камандзе з Браклі прынёс менавіта яе малады пілот.

Але галоўным героем мінулага сезону і, у прыватнасці, яго пачатку быў усё ж такі не Джордж. Калі гэта апошні раз Ferrari пачыналі сезон з перамогі? Насамрэч, не так ужо і даўно – у 2018 годзе, калі ў Аўстраліі першым фінішаваў Себасцьян Фетэль. Мінулы сезон, які для чатырохразовага чэмпіёна стаў апошнім, ён праводзіў у Aston Martin, затое Скудэрыя ізноў стала дужай. Ну, так падавалася ў сакавіку ў Бахрэйне, Гран Пры якога для Red Bull, нагадаю, скончыўся двайным сходам.

Нават Haas пачалі сезон болей удала – Магнусэн заняў пятае месца! Яшчэ болей натхніў наступны Гран Пры Саудаўскай Аравіі, дзе ў Чырвоных Быкоў ужо не было тэхнічных праблем, і Макс Ферстапен з Шарлем Леклерам падарылі нам прыгожы паядынак на трасе. Сход дзейснага, але на той момант яшчэ не двухразовага чэмпіёна праз два тыдні ў Мельбурне, праўда, даў падставы асцерагацца, што ўсё можа скончыцца дамінаваннем Ferrari і Леклера. Але наступныя падзеі далі зразумець, што асцерагацца трэба было іншага.

Камандзе з Маранэла асцерагацца варта было найперш сябе самой, што ясна паказалі дзіўныя рашэнні яе каманднага мосціка на Гран Пры Манака – хатняга для Леклера, дзе ён мог перамагчы, але замест гэтага фінішаваў толькі чацвёртым. Перамог тады, дарэчы, Серхіа Перэс, тады як Ферстапен, як ён успамінаў пазней, быў у складаным становішчы, бо балід RB18 на той момант яшчэ не пасаваў яму, ды яшчэ і быў занадта цяжкім.

Што, аднак, не перашкодзіла нідэрландцу выйграць тры папярэднія Гран Пры запар. Прытым што ў Іспаніі трывожны званочак празвінеў ужо для Ferrari – Леклер сышоў праз адмову сілавой устаноўкі, лідзіруючы ў гонцы. У Баку, дзе перамог Ферстапен, сышлі ўжо абодва гоншчыкі Скудэрыі, а ў Ле Кастэле Леклер сам ўсё сабе сапсаваў, патрапіўшы ў аварыю праз уласную памылку.

Ну а калі ў Red Bull пайшлі, нарэшце, насустрач Ферстапену і дапрацавалі RB18 пад яго, Макс пачаў перамагаць амаль што ў адну брамку. Не пашанцавала яму толькі тройчы: на Сільверстоўне, дзе ў кантакце з Карласам Сайнсам, які і атрымаў тады першую ў сваёй кар’еры перамогу, пашкодзіў свой балід і застаўся без хуткасці, у Сінгапуры, дзе Макс стартаваў восьмым праз памылку каманды, якая пралічылася з колькасцю паліва ў кваліфікацыі, пазбавіўшы гоншчыка магчымасці пабароцца за поўл, а таксама ў Бразіліі.

Абганяць на трасе Марына Бэй цяжка, таму, як і на Гран Пры Вялікабрытаніі, у Сінгапуры Ферстапен фінішаваў сёмым. Траса Інтэрлагас дае болей магчымасцей для атакі, але і там у нідэрландца і яго каманды ўсё ад пачатку пайшло не па плане. Затое Гран Пры Сан-Паўлу, які ізноў прайшоў у фармаце са спрынтам, наогул быў ці не самым цікавым у сезоне.

У кароткай суботняй гонцы, якую з першай пазіцыі сенсацыйна пачынаў Магнусэн, у Red Bull не ўгадалі з шынамі, абуўшы Ферстапена ў Medium. І замест таго, каб перамагчы, нідэрландзец фінішаваў толькі чацвёртым. Першым жа гэта зрабіў якраз Расэл, які напярэдадні і дапамог Магнусэну стаць першым на стартавай рашотцы. Гэта ён памыліўся ў пачатку фінальнага сегмента пятнічнай кваліфікацыі і вылецеў з трасы, выклікаўшы чырвоныя сцягі. Зялёнымі яны змяніліся толькі калі пачаўся дождж, і ніхто не здолеў палепшыць свае вынікі.

Затое ў суботу Джордж быў непераможным, на Mercedes W13, так. Ну а ў нядзелю Расэл выйграў і свой першы Вялікі Прыз, тады як Ферстапен нарэшце сустрэўся на трасе з Льюісам Хэмілтанам. Скончылася іх сустрэча хай і не аварыяй, але кантактам, за які нідэрландца пакаралі 5-секундным штрафам. Таму фінішаваў ён толькі шостым, хаця мусіў быў наогул сёмым, але адмовіўся выканаць загад каманды і прапусціць Серхіа Перэса, якому патрэбныя былі ачкі для барацьбы за званне віцэ-чэмпіёна.

Дэмарш Макса скончыўся міні-скандалам і шквалам крытыкі на адрас ужо двухразовага чэмпіёна свету, якім Ферстапен стаў, выйграўшы Гран Пры Японіі. Аб яго паводзінах у Бразіліі можна спрачацца і ацэньваць іх па-рознаму, але гэта ўсё роўна ўжо справа мінулага. Макс усё роўна двухразовы чэмпіён, які выйграў рэкордныя пятнаццаць Гран Пры за сезон, а Red Bull нарэшце заваявалі яшчэ адзін доўгачаканы Кубак канструктараў.

Хіба што Перэсу не ўдалася адстаяць другую пазіцыю ў чэмпіянаце, і дубль у ім – гэта вышыня, на якую калектыў з Мілтан-Кінса пакуль што не падымаўся. Віцэ-чэмпіёнам жа стаў Шарль Леклер, што, аднак, не ўратавала становішча цяпер ужо былога главы Ferrari Маціа Бінота, які ў снежні пазбавіўся сваёй пасады. Замянілі яго, і даволі нечакана, Фрэдэрыкам Васёрам, які дагэтуль узначальваў Alfa Romeo.

Пакуль што крок вышэйшага кіраўніцтва ўсёй кампаніі Ferrari, якое, па плётках, і было незадаволенае вынікамі працы Бінота, выглядае чарговым актам п’есы «Хто вінаваты?». Аднак кола экспертаў сыходзіцца ў думцы, што Васёр адпавядае сваёй новай ролі. Канечне, нейкі час, каб пазнаёміцца з працай маранэлаўскага механізму, яму спатрэбіцца, але ў яго можа атрымацца навесці парадак, які дазволіць Скудэрыі стаць паўнавартасным прэтэндэнтам на перамогу ў чэмпіянаце, чаго зачакаліся не толькі яе фанаты.

Толькі ці не стане Макс Ферстапен новым дамінатарам, а Red Bull – старым новым? Ну, па-першае, яшчэ раз нагадаю, што сезон 2022 года быў толькі першым, які прайшоў па новых правілах. Так, Чырвоныя Быкі з імі разабраліся лепей астатніх. Пры гэтым у 2021-м яны дапусцілі перавышэнне ліміту бюджэту, праз што атрымалі грашовы і спартыўны штраф, і змогуць меней карыстацца сваёй аэрадынамічнай трубой. Катастрофай гэта стаць не павінна, але так ці інакш стрымае палёт каманды, акрыленай энергетычным напоем.

Канкурэнты ж, і ў першую чаргу Mercedes, напэўна зрабілі правільныя высновы, а акурат зараз робяць працу над памылкамі. Таму ў наступным сезоне мы можам і пабачыць барацьбу за чэмпіянат пілотаў трох каманд. Пры гэтым хоць у Red Bull цэнтральнай фігурай застаецца, вядома, Ферстапен, Перэс таксама можа выйграваць, як і Сайнс у Ferrari, дзе ёсць яшчэ і моцны Леклер. У Mercedes жа да перамогі ў чэмпіянаце дакладна ахвочыя і, што важней, здатныя абодва гоншчыкі.

Таму будзем чакаць добрых навін, і я не толькі пра цікавыя гонкі ў 2023 годзе. Нам усім патрэбны мір і спакой ва Украіне і яе перамога над агрэсарам. Назіраць за гонкамі і аналізаваць іх нашмат лепей і ўтульней, калі ты ведаеш, што ў тваіх сяброў усё добра. Пачатак жа сезонаў сусветных гоначных чэмпіянатаў ужо не за гарамі, а акурат заўтра стартуе і ралі Дакар. «Гоначная псіхапатыя» працягвае працаваць для сваіх чытачоў і віншуе іх з Новым Годам. Да сустрэчы ў ім!

Іншыя пасты блога

Усе пасты