Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дакар-2023: новыя прыгоды на трэцім этапе
Блогі

Дакар-2023: новыя прыгоды на трэцім этапе

Агляд

4 студзеня 2023, 15:06
Дакар-2023: новыя прыгоды на трэцім этапе

Фота: A.S.O.

Цяжкі дождж скараціў дыстанцыю спецучастка трэцяга этапу ралі Дакар 2023 года, калі ўдзельнікі перабіраліся з Аль-Улы ў Хаіль, з 447 кіламетраў да 377. Але і іх хапіла, каб у чарговы раз ператрэсці агульныя залікі ў некаторых катэгорыях.

Яшчэ раз нагадваю, што знакамітая гонка ў Саудаўскай Аравіі праходзіць падчас фашысцкай агрэсіі Расіі супраць Украіны. Звар’яцелы дыктатар працягвае катаваць нашых суседзяў, аднак пры гэтым ён толькі набліжае сваё падзенне і канчатковае вызваленне не толькі Украіны, але і Беларусі. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Дакар, зразумела, не такі жорсткі, як вайна, але за сваю гісторыю ён забраў не адно жыццё. Гонка гэтага года пакуль што абыходзіцца без трагедый (хай так будзе і да фінішу апошняга этапу), але сходаў з дыстанцыі хапае. Сярод матацыклістаў у першы дзень зброю склаў мінулагодні пераможца Сэм Сандэрлэнд, а трэці этап стаў апошнім для Рыкі Брабэка, які на першым этапе і перамог.

Амерыканец з Monster Energy Honda Team упаў, пераадолеўшы 274 кіламетры. Рыкі пашкодзіў шыю і быў дастаўлены ў бальніцу ў Хаілі. Па папярэдняй інфармацыі, сур’ёзных траўм гоншчык пазбег, але на старт наступных этапаў ужо не выйдзе. Замест яго бліснулі іншыя, у прыватнасці, аўстралійскі гоншчык Red Bull GasGas Factory Racing Даніэль Сандэрс. Менавіта ён выйграў ў аўторак, пераадолеўшы баявыя кіламетры за 4 гадзіны 24 хвіліны 15 секунд.

Заадно Сандэрс узначаліў агульны залік, дзе яго час складае 14 гадзін 5 хвілін 38 секунд, на 4 хвіліны 4 секунды апярэджваючы былога лідара – амерыканца Мэйсана Клэйна, які выступае за BAS Dakar KTM Racing Team. Учора дэбютант Дакара фінішаваў трэцім, саступіўшы Даніэлю без адной секунды сем хвілін.

Паміж імі ўціснуўся яшчэ адзін амерыканец, гоншчык Husqvarna Factory Racing Скайлер Хаўс. Ён быў на хвілін 19 секунд павольнейшым за Сандэрса, а ў агульным заліку адстае ад аўстралійца на 8 хвілін 35 секунд, займаючы чацвёртую пазіцыю. На трэцяй знаходзіцца пераможца гонкі 2021 года Кэвін Бенавідэс, які саступае Сандэрсу 6 хвілін 53 секунды. На трэцім этапе аргенцінец заняў чацвёртае месца, адстаўшы ад Даніэля на 7 хвілін 23 секунды.

У квадрацыклах упэўнена лідзіруе француз Александр Жыру, чый час складае 16 гадзін 57 хвілін 18 секунд. Выйграў ён і ўчора з вынікам 5 гадзін 40 хвілін 44 секунды. А галоўнаму, цяпер ужо былому, пераследніку дзейснага пераможцы – аргенцінцу Мануэлю Андухару, які перамог у 2021 годзе – не пашанцавала на другім этапе запар. Спыняцца яму даводзілася і ў панядзелак, а ў аўторак Мануэль згубіў без малога гадзіну, і фінішаваў толькі адзінаццатым. У генеральнай класіфікацыі Андухар цяпер чацвёрты, ад Жыру ён адстае болей чым на гадзіну.

На другую пазіцыю ў абсалюце падняўся яшчэ адзін аргенцінец Франсіска Марэна Флорэс, які саступае Жыру 35 хвілін 31 секунду. Другім ён фінішаваў і ў аўторак, прайграўшы французу 17 хвілін 2 секунды. Замкнуў першую тройку на трэцім этапе славак Юрай Варга. Ён на пераадоленне спецучастка патраціў на 18 хвілін 48 секунд болей, чым Жыру, а ў агульным заліку адстае ад яго ўжо болей чым на паўтары гадзіны, займаючы восьмую пазіцыю. Трэцяя за амерыканцам Пабла Капэці, які саступае лідару 48 хвілін 47 секунд. Хаця ўчора ён фінішаваў толькі восьмым, адстаўшы ад Жыру болей чым на паўгадзіны.

У катэгорыі T3 для лёгкіх прататыпаў на базе багі SSV адзін беларус па-ранейшаму ў ладзе. Канечне, экіпаж Андрэя Рудніцкага, які з’яўляецца штурманам Халіда Аль-Джафлы, апошні, сорак пяты, і гонку працягвае са штрафам амаль у семдзесят адну гадзіну і адставаннем ад лідара без малога ў дзевяноста пяць. Але працягвае, і гэта галоўнае. Жадаем Андрэю і Халіду поспеху.

А вось на трэцім этапе з праблемамі сутыкнуўся і цяпер ужо былы лідар катэгорыі Франсіска Лопес. Чыліец з Red Bull Can-Am Factory Team згубіў болей чым гадзіну і фінішаваў трыццаць трэцім. У абсалюце ён апусціўся на шостую пазіцыю, і таксама болей чым гадзіну саступае новаму лідару – Сэту Кінтэра з юніорскага аддзялення сваёй каманды.

Час маладога амерыканца складае 13 гадзін 52 хвіліны 6 секунд, але найхутчэйшым у аўторак быў не ён, а яго суайчыннік і партнёр па камандзе Осцін Джонс, які справіўся са спецучасткам за 4 гадзіны 5 хвілін 3 секунды. Аднак Кінтэра саступіў яму ўсяго 44 секунды, заняўшы другое месца. Пры гэтым у генеральнай класіфікацыі Джонс толькі чацвёрты, ад Сэта ён адстае амаль на сем хвілін.

Бліжэйшы пераследнік Кінтэра – бельгійскі дэбютант Гіём дэ Мэвіус, які саступае амерыканцу 1 хвіліну 1 секунду. У аўторак дэ Мэвіус заняў трэцяе месца, 1 хвіліну 35 секунд прайграўшы Джонсу. Чацвёртым стаў учора яшчэ адзін прадстаўнік Red Bull Off-Road JR Team USA By BFG Мітчэл Гатры, які перамог днём раней. У абсалюце ён замыкае першую тройку, адстаючы ад Кінтэра на 5 хвілін 46 секунд.

Лідар у катэгорыі серыйных SSV T4 ранейшы – Марэк Гочал, які перамог на другім этапе, чый час складае 14 гадзін 30 хвілін 3 секунды. Хаця ўчора самым хуткім быў не ён, а бразілец Крышціана Баціста, які пераадолеў баявыя кіламетры за 4 гадзіны 21 хвіліну 5 секунд. Марэк саступіў яму 1 хвіліну 40 секунд і заняў другое месца. Трэцім стаў літовец Рокаш Бацюшка, які адстаў ад пераможца на 4 хвіліны 34 секунды. Праўда, у абсалютным заліку Баціста на многае не прэтэндуе – ён адстае ад Марэка Гочала болей чым на гадзіну і займае дзявятую пазіцыю.

А вось Бацюшка да паляка бліжэй – меней чым у трыццаці дзвюх хвілінах і на чацвёртай пазіцыі. Бліжэйшым жа пераследнікам Гочала з’яўляецца яшчэ адзін бразілец Радрыга Лупі дэ Алівэйра, які адстае ад Марэка на 9 хвілін 36 секунд. Свайму суайчынніку ён саступіў учора пяць з паловай хвілін, фінішаваўшы чацвёртым. Сын Марэка Гочала Эрык на другім этапе заняў восьмае месца, саступіўшы пераможцу амаль васямнаццаць з паловай хвілін, а свайму бацьку ў генеральнай класіфікацыі ён прайграе 31 хвіліну 15 секунд, замыкаючы першую тройку.

Усім вядомая ісціна, што каб фінішаваць першым, спярша трэба фінішаваць. У Карласа Сайнса-старэйшага на трэцім этапе гэта атрымалася, але ён са сваім штурманам Лукасам Крузам патрацілі 45 хвілін на рамонт задняй падвескі свайго Audi RS Q e-tron. Фінішавалі іспанцы толькі сорак чацвёртымі, амаль гадзіну прайграўшы пераможцу. У генеральнай класіфікацыі Эль Матадор апусціўся на восьмую пазіцыю. Лідару – завадскому гоншчыку Таёты Насэру Аль-Аціі – ён саступае болей чым паўгадзіны.

Чатырохразовы і дзейсны пераможца Дакара, чый агульны час складае 12 гадзін 20 хвілін 33 секунды, нікуды не спяшаецца і можа дазволіць сабе расслабіцца. Учора гоншчык з Катара фінішаваў трынаццатым, амаль дваццаць адну хвіліну саступіўшы французу Герлену Шышэры, які выступае на поўнапрывадным прататыпе Prodrive Hunter BRX уласнай каманды GCK Motorsport. Праўда, праз ранейшыя няўдачы ў выглядзе праколаў на перамогу ён ужо не прэтэндуе, займаючы ў абсалюце пяцідзясятую пазіцыю і прайграючы Аль-Аціі болей чым тры гадзіны.

Бліжэйшым пераследнікам Насэра з’яўляецца зорка з Саудаўскай Аравіі Язід Аль-Раджы, які выступае за паўзавадскі таётаўскі калектыў Overdrive Racing. Катарцу ён саступае 13 хвілін 20 секунд, а ў аўторак фінішаваў пятым, у васьмі з паловай хвілінах ад Шышэры. Акурат перад ім у пратаколе размясціўся легендарны Стэфан Петэрансэль – адзін з партнёраў Сайнса па Audi. Шышэры ён саступіў 7 хвілін 47 хвілін, а ў агульным заліку з’яўляецца цяпер галоўнай надзеяй каманды, замыкаючы першую тройку і саступаючы Аль-Аціі 20 хвілін 45 секунд.

Другое месца заняў учора паўднёваафрыканскі партнёр Аль-Аціі па камандзе Хэнк Латэган. Як і Шышэры, якому ён саступіў 3 хвіліны 26 секунд, прэтэндэнтам на перамогу ён не з’яўляецца, знаходзячыся на адзінаццатай пазіцыі ў сарака хвілінах ад лідара. Тое ж можна сказаць і пра аргенцінца з каманды Bahrain Raid Xtreme Арланда Тэранову, які заняў трэцяе месца, адстаўшы ад француза на 5 хвілін 4 секунды. У абсалюце ён шаснаццаты, ад Аль-Аціі яго аддзяляе амаль гадзіна.

У групе лідараў катэгорыі грузавікоў шчыльней. Тэарэтычна, перамагчы яшчэ можа нават Марцін Мацык на Iveco PowerStar, які на трэцім этапе перамог, пераадолеўшы скарочаны спецучастак за 4 гадзіны 3 хвіліны 3 секунды. У абсалюце ён замыкае першую пяцёрку, адстаючы ад лідара амаль што на 55 хвілін. Лідар – яго суайчыннік, але не Алеш Лапрайс на Praga V4S DKR, а Яраслаў Вальтр на Tatra Phoenix Buggyra, чый агульны час складае 14 гадзін 3 хвіліны 51 секунду.

Мацыку Вальтр саступіў у аўторак 4 хвіліны 7 секунд, заняўшы трэцяе месца. Другім стаў нідэрландзец Герт Гузінк на Renault C 460 Hybrid, які на 2 хвіліны 39 секунд адстаў ад першага з чэхаў. Другому ў генеральнай класіфікацыі ён, праўда, прайграе ўжо амаль трыццаць дзевяць гадзін і займае трыццаць пятую пазіцыю.

Першую ж тройку замыкае суайчыннік Гузінка Янус ван Кастэрэн, які выступае на Iveco PowerStar. Ад лідара ён адстае на 16 хвілін 13 секунд, а пераможцу трэцяга этапу саступіў болей чым 24 хвіліны, фінішаваўшы восьмым.

Наперадзе ва ўдзельнікаў ралі Дакар два запар кальцавыя этапы – сёння і заўтра яны стартуюць і фінішуюць у Хаілі. Марштуры, аднак, будуць рознымі. Сёння яны пераадольваюць 574 кіламетры, з якіх 425 прыходзіцца на даволі складаны спецучастак – з высакагор’ем, пяскамі і камянямі. Навігацыя таксама не абяцае быць простай.

Іншыя пасты блога

Усе пасты