Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дакар-2023: пяты этап

Дакар-2023: пяты этап

Дакар-2023: пяты этап

Фота: A.S.O.

Для ўдзельнікаў сорак пятага ралі Дакар, якія яшчэ застаюцца ў ладзе, учора засталіся ззаду чарговыя 373 баявыя кіламетры. Пяты этап, як і чацвёрты, пачынаўся і скончыўся у Хаілі, але гладка ён прайшоў далёка не для ўсіх.

Амаль год таму звар’яцелы расійскі дыктатар планаваў, што для яго гладка пройдзе заваяванне Украіны. Сёння ён просіць яе аб перамір’і, бо разбураць яе гарады можа, а скарыць яе народ – не. Яго непазбежная параза прымусіць яго адпусціць і беларускі, які катуе яго калгасны паслугач. Адказваць за злачынствы будуць абодва. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Пакуль рускія фашысты забіваюць тых, каго самі ж называлі братамі (малодшымі і, адпаведна, дурнейшымі, вядома, а якімі ж яшчэ?) на ралі Дакар адзін аднаму дапамагаюць гоншчыкі самых розных нацыянальнасцей. Напрыклад, амерыканскі мотагоншчык Скайлер Хаўс і чылійскі Пабла Кінтанілья спыніліся на 355-кіламетры спецучастка пятага этапу ралі-марафону, каб дапамагчы іспанцу Хуану Барэдзе Борту і аўстралійцу Тобі Прайсу, якія ўпалі ў адным і тым жа месцы.

Пры гэтым Прайс прадстаўляе завадскі калектыў KTM, а Барэда Борт – паўзавадскі Honda. Хаўс з завадской Хускварны, а Кінтанілья – з завадской жа Хонды. Прамыя канкурэнты застаюцца людзьмі ў любых умовах. І канкрэтна Скайлер за адну сваю чалавечнасць заслугоўвае лідарства ў агульным заліку, якое ён захапіў па выніках пятага этапу. Яго час складае 23 гадзіны 16 хвілін 37 секунд.

Хутчэйшым за ўсіх Хаўс, аднак, учора не быў, а фінішаваў толькі з пятым вынікам, пяць з паловай хвілін саступіўшы Адрыену ван Бэвэрэну, які прынёс Хондзе юбілейную сотую перамогу на дакараўскім этапе. Ён справіўся са спецучасткам за 4 гадзіны 27 хвілін 28 секунд, усяго на трынаццаць секунд апярэдзіўшы свайго чылійскага партнёра па камандзе Хасэ Ігнасіа Карнэха Фларыма.

У генеральнай класіфікацыі ван Бэвэрэн пяты, Карнэха Фларыма – дзявяты. Француз адстае ад лідара амаль на дзевяць хвілін, чыліец – болей чым на дваццаць дзве. Тобі Прайс, нягледзячы на сваё падзенне, у чацвер заняў трэцяе месца, адстаўшы ад ван Бэвэрэна на 3 хвіліны 56 секунд. А ў абсалюце ён наогул займае другую пазіцыю, 2 хвіліны 7 секунд саступаючы Хаўсу. Замыкае першую тройку яго аргентынскі партнёр па камандзе Кэвін Бенавідэс, які адстае ад лідара на 5 хвілін 16 секунд. Учора ён фінішаваў восьмым, болей за дзесяць хвілін прайграўшы пераможцу этапу.

А што ж былы лідар – аўстралійскі гоншчык завадской каманды GasGas Даніэль Сандэрс? Яго на пятым этапе падвёў уласны арганізм, і гоншчык перад стартам нават не быў упэўнены, што працягне ралі. На дыстанцыю Сандэрс усё ж такі выйшаў, аднак фізічнае недамаганне не дазволіла яму падтрымліваць тэмп, і ён фінішаваў толькі дваццаць першым, прайграўшы пераможцу амаль дваццаць сем хвілін. У агульным заліку Даніэль апусціўся на восьмае месца, ад Скайлера Хаўса ён адстае амаль на васямнаццаць хвілін.

Без перамогі ўчора абышоўся і лідар катэгорыі квадрацыклаў Александр Жыру. Француз фінішаваў пятым, болей за сем хвілін саступіўшы свайму галоўнаму пераследніку – Франсіска Марэна Флорэсу, які пераадолеў спецучастак за 5 гадзін 49 хвілін 21 секунду. Жыру, чый агульны час складае 28 гадзін 46 хвілін 12 секунд, аднак, усё роўна апярэджвае аргенцінца на 39 хвілін 48 секунд.

Другое месца, саступіўшы Марэна Флорэсу 53 секунды, на пятым этапе заняў амерыканец Пабла Капэці, які ў генеральнай класіфікацыі знаходзіцца на чацвёртай пазіцыі, болей чым на гадзіны адстаючы ад Жыру. Трэцім да фінішу дабраўся ў чацвер бразілец Марчэла Медэйрас. Марэна Флорэсу ён прайграў 1 хвіліну 24 секунды, а ў агульным заліку займае перадапошнюю пятнаццатую пазіцыю і адстае ад лідара болей чым на трыццаць гадзін.

Замыкае першую тройку абсалюту літовец Лайсвідас Канчыус. Ён саступае Жыру 1 гадзіну 12 хвілін 39 секунд. У чацвер ён паказаў чацвёрты вынік, амаль шэсць гадзін прайграўшы Марэна Флорэсу.

Так і не з’явілася інфармацыі пра экіпаж Халіда Аль-Джафлы і Андрэя Рудніцкага, якія стартавалі ў катэгорыі T3 для прататыпаў-SSV. У агульным заліку іх імёны адсутнічаюць, таму можна выказаць здагадку, што экіпаж сышоў з дыстанцыі. Калі так, то вельмі шкада.

Няўдачы, зрэшты, пераследуюць і фаварытаў. На 166-м кіламетры з механічнымі праблемамі сутыкнуўся пераможца чацвёртага этапу і цяпер ужо былы лідар Мітчэл Гатры. Класіфікаваны ён быў толькі трыццаць восьмым, а ў агульным заліку праваліўся на трыццатую пазіцыю. Амерыканец болей за дваццаць чатыры гадзіны адстае ад Гіёма дэ Мэвіуса, які нарэшце выйшаў на першую пазіцыю і час якога складае 24 гадзіны 15 хвілін 39 секунд.

Найлепшым на пятым этапе бельгійскі дэбютант, аднак, не быў – ён паказаў чацвёрты вынік, саступіўшы чатырнаццаць з паловай хвілін Сэту Кінтэра. Амерыканец адыграўся за Гатры, свайго суайчынніка і партнёра па камандзе Red Bull Off-Road Junior Team USA by BFG, пераадолеўшы баявыя кіламетры за 4 гадзіны 59 хвілін 55 секунд, на 4 хвіліны 47 секунд хутчэй, чым гэта зрабіў мінулагодні пераможца Франсіска Лопес, які заняў другое месца.

Чыліец, праўда, на перамогу ўжо не прэтэндуе праз няўдачы на папярэдніх этапах. Ён хоць і замыкае першую пяцёрку агульнага заліку, але ад дэ Мэвіуса адстае болей чым на дзве з паловай гадзіны. Кінтэра таксама далёка ад Гіёма – у 1 гадзіне 5 хвілінах 49 секундах, але на трэцяй пазіцыі. Другую ж займае яшчэ адзін яго суайчыннік і партнёр па камандзе Осцін Джонс. Мінулагодні пераможца ў катэгорыі T4 цяперашняму лідару T3 саступае 7 хвілін 20 секунд, а ад Кінтэра адстаў учора на 11 хвілін 46 секунд, заняўшы трэцяе месца на этапе.

У катэгорыі T4 для серыйных SSV на пятым этапе бліснуў Рокаш Бацюшка. Літоўскі гоншчык, вядомы прыхільнікам гонак і па сусветнаму ралі-кросу, хутчэй за ўсіх справіўся са спецучасткам – за 5 гадзін 2 хвіліны 52 секунды. І ён прэтэндуе і на перамогу па выніках усяго ралі, займаючы трэцюю пазіцыю і саступаючы лідару ўсяго 20 хвілін 24 секунды. Лідара гэтага – Радрыга Лупі дэ Алівэйру – ён учора апярэдзіў на чатыры з паловай хвіліны.

Бразілец, чый агульны час складае 25 гадзін 12 хвілін 20 секунд, учора заняў пятае месца. З другім вынікам фінішаваў яго суайчыннік Крышціана Баціста, які прайграў Бацюшку ўсяго пяць секунд. Праўда, у агульным заліку ўжо дэ Алівэйры ён саступае болей за паўтары гадзіны, займаючы восьмую пазіцыю.

Замкнуў першую тройку на пятым этапе любімец мясцовай публікі Ясір Сейдан. Ад пераможца ён адстаў на 1 хвіліну 6 секунд, а лідару генеральнай класіфікацыі, дзе ён займае толькі трыццаць другую пазіцыю, ён прайграе ўжо болей чым сямнаццаць гадзін.

Герой серады Эрык Гочал у чацвер паказаў толькі восьмы вынік, болей за сем хвілін прайграўшы Рокашу Бацюшцы. У агульным заліку ён, зрэшты, літоўца апярэджвае, займаючы другую пазіцыю. Ад дэ Алівэйры малады паляк адстае на 16 хвілін 45 секунд.

У катэгорыі легкавых пазадарожнікаў сенсацый не адбылося. Пасля чацвёртага этапу арганізатары дазволілі павялічыць аддачу гібрыдных сілавых установак Audi RS Q e-tron на 8 кВт (амаль 11 конскіх сіл), што моцна не задаволіла чатырохразовага і дзейснага пераможцу Дакара з каманды Toyota Насэра Аль-Ацію. Аднак перамог на пятым этапе менавіта ён, пераадолеўшы спецучастак за 4 гадзіны 13 хвілін 23 секунды.

Акурат за ім, праўда, фінішавалі якраз прадстаўнікі Audi – Карлас Сайнс-старэйшы заняў другое месца, трэцім стаў Стэфан Петэрансэль. Іспанец саступіў канкурэнту з Катара 1 хвіліну 57 секунд, француз – 3 хвіліны 44 секунды. Затое шматразовы трыумфатар Дакара падняўся на другую пазіцыю ў абсалюце. Ён адстае ад Аль-Аціі на 22 хвіліны 36 секунд. Мясцовая для Саудаўскай Аравіі зорка Язід Аль-Раджы з Overdrive Racing апусціўся на трэцюю пазіцыю, ад лідара ён адстае на 27 хвілін 1 секунду. Учора Аль-Раджы фінішаваў з чацвёртым вынікам, саступіўшы Аль-Аціі амаль дзевяць хвілін.

Ужо немаладому грузавіку Tatra Phoenix Buggyra чэха Яраслава Вальтра выпрабаванне Дакарам даецца цяжкавата. На ёй і напярэдадні ўзнікалі праблемы, працягнуліся яны і на пятым этапе, калі з ладу выйшлі амартызатары. У выніку экіпаж Вальтра фінішаваў толькі з дзявятым вынікам, болей чым паўгадзіны саступіўшы яшчэ аднаму чэху Алешу Лапрайсу на Praga V4S DKR. Ён пераадолеў спецучастак за 5 гадзін 6 хвілін 57 секунд і замацаваў сваё лідарства ў агульным заліку. Яго час складае 24 гадзіны 30 хвілін 26 секунд.

Вальтра, які апусціўся на пятую пазіцыю, Лапрайс апярэджвае болей чым на гадзіну. А нідэрландца Марціна ван дэн Брынка на IVECO – на 15 хвілін 22 секунды. Ён займае другую пазіцыю, другім фінішаваў і ў чацвер, прычым Лапрайсу Марцін саступіў усяго 16 секунд. Яго суайчыннік і партнёр па камандзе дэ Рооя Янус ван Кастэрэн трэцім стаў і на ўчарашнім этапе, і ў агульным заліку. На спецучастку ён прайграў Лапрайсу 3 хвіліны 24 секунды, а ў абсалюце саступае яму 51 хвіліну 58 секунд.

Сёння ўдзельнікаў Дакара чакаў адзін з самых працяглых этапаў. З Хаіля яны мусілі перамясціцца ў Аль-Дувадзімі. Агульная дыстанцыя павінна была скласці 877 кіламетраў, а спецучастак – 467.

Але праз паводку на бівуаку ў Аль-Дувадзімі дакараўскі караван перанакіравалі ў Рыяд. З 768 агульных кіламетраў на спецучастак прыходзіцца 358, на якіх удзельнікаў чакаюць горы, камяні і пяскі. У Аль-Дувадзімі ж яны адправяцца ў суботу, а ў нядзелю вернуцца ў Рыяд.

Іншыя пасты блога