Дакар-2023: драма для Audi і інтрыга ў грузавой катэгорыі на шостым этапе
Фота: A.S.O.
Дажджамі ў пустынях Саудаўскай Аравіі нас ужо не здзівіць. Менавіта яны сталі прычынай патопу на бівуаку ў Аль-Дувадзімі, дзе меўся скончыцца шосты этап. Гэта прымусіла арганізатараў ралі Дакар накіраваць караван удзельнікаў за Хаіля ў Эр-Рыяд. Баявых кіламетраў пры гэтым замест 467-мі стала 358, але і іх паспяхова адолелі не ўсе.
Звар’яцелы расійскі дыктатар, які ўжо без малога год катуе Украіну, зараз здзіўляецца, чаму яна не прыняла яго ўмовы аб калядным перамір’і. Абстрэлы яе гарадоў у навагоднюю ноч, па яго меркаванні, былі заклікам да сяброўства. За свае злачынствы закамплексаваны карлік будзе адказваць разам са сваім калгасным паслугачом, які катуе беларусаў. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!
Пераможцы ралі Дакар пакуль што вызначаныя не так ясна, і, напрыклад, у матацыклетнай катэгорыі на выніковае першае месца прэтэндэнтаў некалькі. Галоўным з іх з’яўляецца гоншчык завадской каманды Husqvarna Скайлер Хаўс, які і лідзіруе з агульным часам 26 гадзін 31 хвіліна 52 секунды.
Учора амерыканец болей чым на дваццаць чатыры хвіліны апярэджвае свайго аргентынскага партнёра Лусіана Бенавідэса, які ў генеральнай класіфікацыі займае дзявятую пазіцыю. Аднак перамог на шостым этапе, пераадолеўшы спецучастак за 3 гадзіны 14 хвілін 19 секунд, менавіта ён. Хаўса, які заняў другое месца, Лусіана апярэдзіў пры гэтым усяго на 56 секунд.
З трэцім вынікам пятнічны этап скончыў двухразовы пераможца Дакара з завадской каманды KTM Тобі Прайс. Бенавідэсу аўстраліец саступіў 2 хвіліны 20 секунд, а ад Хаўса адстае на 3 хвіліны 31 секунду. Партнёр Тобі і старэйшы брат Лусіана Бенавідэса Кэвін замыкае першую тройку, саступаючы Хаўсу 7 хвілін 1 секунду. На ўчарашнім этапе ён заняў пятае месца, прайграўшы брату болей за дзве з паловай хвіліны.
Працягвае пакутаваць ад праблем са здароўем былы лідар мотазаліку Даніэль Сандэрс. Аднак пры гэтым учора ён адстаў ад Бенавідэса на тры хвіліны, дый Хаўсу ў абсалюце саступае параўнаўча няшмат – дваццаць без некалькіх секунд. І яму арганізатары ралі зрабілі сёння падарунак, пра які гаворка пойдзе ніжэй.
Агульны залік у катэгорыі квадрацыклаў па-ранейшаму ўзначальвае Александр Жыру, чый агульны час складае 32 гадзіны 58 хвілін 54 секунды. Спяшацца французу няма куды, і ўчора ён быў цалкам задаволены другім месцам. Аргенцінцу Мануэлю Андухару, які перамог з вынікам 4 гадзіны 8 хвілін 25 секунд, ён саступіў 4 хвіліны 17 секунд.
Пры гэтым Александр павялічыў сваю перавагу над Франсіска Марэна Флорэсам, які захоўвае другую пазіцыю, да 42 хвілін 57 секунд. Флорэс у пятніцу заняў трэцяе месца, саступіўшы Андухару 7 хвілін 26 секунд. Трэцюю пазіцыю займае цяпер амерыканец Пабла Капэці, які адстае ад Жыру на 1 гадзіну 23 хвіліны 43 секунды. Учора ён заняў чацвёртае месца, болей за дзесяць з паловай хвілін прайграўшы Андухару.
Усім ім, як і ўсім астатнім удзельнікам квадрацыклетнай, а таксама матацыклетнай катэгорый, сёння пашанцавала – сёмы этап праз тыя ж складаныя надворныя ўмовы для іх быў адменены. Гоншчыкі атрымалі дадатковы дзень адпачынку, што можа моцна дапамагчы таму ж Даніэлю Сандэрсу, які атрымаў магчымасць ачуняць у спакойнай абстаноўцы.
Аўтамабілісты ж, да якіх фармальна адносяцца і экіпажы на SSV катэгорый T3 і T4 (умоўныя прататыпы і серыйныя адпаведна), чые імёны ёсць і ў заліку легкавых пазадарожнікаў, усё хараство сёмага этапу адчуваюць на сабе. Напэўна спадабаўся ім і шосты, як мінімум лідару T3 Гіёму дэ Мэвіусу, які і лідзіруе ў агульным заліку з часам 27 гадзін 55 хвілін 22 секунды.
Спяшаюся, дарэчы, выправіцца: бельгіец ужо не дэбютант. Ён быў такім у мінулым годзе, пра што я за гэты час паспеў забыцца. Гіём у 2022-м нават заняў пятае месца, а цяпер мае ўсе шанцы адсвяткаваць трыумф. На шостым этапе ён зрабіў да гэтага важны крок, атрымаўшы перамогу. Спецучастак дэ Мэвіус пераадолеў за 3 гадзіны 39 хвілін 43 секунды, на 1 хвіліну 39 секунд абагнаўшы амерыканца Осціна Джонса, які заняў другое месца.
Другі Джонс і ў генеральнай класіфікацыі, і да дэ Мэвіуса яму недалёка – Осцін адстае ад яго на 8 хвілін 59 секунд. Яго суайчыннік і партнёр па камандзе Red Bull Off-Road Junior Team USA by BFG Сэт Кінтэра займае трэцюю пазіцыю, прайграючы лідару 1 гадзіну 8 хвілін 15 секунд. Трэцім ён быў і на шостым этапе, на якім саступіў дэ Мэвіусу 2 хвіліны 26 секунд.
У катэгорыі T3 з вынікам 29 гадзін 2 хвіліны 55 секунд працягвае лідзіраваць Радрыга Лупі дэ Алівэйра. Пры гэтым у пятніцу бразілец заняў толькі пятае месца, болей за шэсць гадзін прайграўшы паляку Марэку Гочалу, які перамог, справіўшыся са спецучасткам за 3 гадзіны 43 хвіліны 18 секунд. Ён на 2 хвіліны 26 секунд апярэдзіў свайго брата Міхала, які заняў другое месца. У абсалюце Міхал займае шостую пазіцыю, прайграючы дэ Алівэйры болей чым паўгадзіны.
Трэцім фінішаваў учора іспанец Жэрар Фарэс Гуэль, які саступіў Марэку Гочалу 5 хвілін 4 секунды. У генеральнай класіфікацыі ён ідзе пятым, на дваццаць сем з паловай хвілін адстаючы ад лідара. Першую ж тройку замыкае якраз Міхал Гочал, які саступае дэ Алівэйры 22 хвіліны 32 секунды. Ён пры гэтым на хвіліну з малым апярэджвае свайго сына Эрыка, які займае чацвёртую пазіцыю, а ў пятніцу заняў сёмае месца, прайграўшы бацьку болей за трынаццаць хвілін.
Літовец Рокаш Бацюшка утрымлівае другую пазіцыю ў абсалюце. Па выніках шостага этапу ён на некалькі секунд скараціў адставанне ад дэ Алівэйры, і цяпер іх раздзяляе 20 хвілін 17 секунд. У пятніцу Рокаш паказаў чацвёрты вынік, 6 хвілін 10 секунд саступіўшы Марэку Гочалу.
Наўрад ці памылюся, калі скажу, што усе мы чакалі адраджэння інтрыгі ў катэгорыі легкавых пазадарожнікаў, дзе з часам 24 гадзіны 48 секунд лідзіруе чатырохразовы і дзейсны пераможца Дакару з завадской каманды Toyota Насэр Аль-Ація. Барацьбу яму спрабавалі навязаць канкурэнты з Audi Стэфан Петэрансэль і Карлас Сайнс-старэйшы, але для іх гэтае ралі фактычна скончылася на дзвесце дванаццатым кіламетры баявой дыстанцыі шостага этапу.
Спачатку няўдача насцігла француза, які няўдала прызямліўся пасля скоку з дзюны. Яго RS Q e-tron вытрымаў, а вось спіна яго штурмана Эдуарда Буланжэ – не. У выніку ко-драйвера Петэрансэля адвезлі ў бальніцу, але перад гэтым практычна ў тым жа самым месцы пры падобных абставінах не пашанцавала і Сайнсу. Толькі ў выпадку з Эль Матадорам пацярпеў ужо аўтамабіль, таму ён са штрафам гонку працягвае (пакуль невядома, на якой пазіцыі), а вось Петэрансэль з дыстанцыі сышоў.
У тым жа сектары трасы, што і гоншчыкі Audi, дарэчы, кульбіты зрабіў і прадстаўнік Overdrive Racing Язід Аль-Раджы. Гэта каштавала яму некалькіх гадзін, і фінішаваў ён ажно на перадапошняй сто трыццаць шостай пазіцыі. І ў абсалюце любімец заўзятараў з Саудаўскай Аравіі цяпер толькі трыццаць пяты, у пяці з паловай гадзінах ад Аль-Аціі.
Насэр, дарэчы, учора перамог, справіўшыся са спецучасткам за 3 гадзіны 13 секунд 12 хвілін. Ён на 3 хвіліны 29 секунд абагнаў двевяціразовага чэмпіёна свету па ралі Себасцьена Лёба, які кувыркаўся напярэдадні, але без сур’ёзных наступстваў. Страта дваццаці хвілін у выпадку эльзасца, які выступае за каманду Bahrain Raid Xtreme на поўнапрывадным прататыпе Prodrive Hunter BRX, ужо не страшная – Сэб у генеральнай класіфікацыі саступае Аль-Аціі амаль дзве гадзіны, займаючы шостую пазіцыю.
Галоўным жа пераследнікам Насэра з’яўляецца цяпер яго партнёр па камандзе з Паўднёваафрыканскай Рэспублікі Хэнк Латэган. Учора ён заняў трэцяе месца, прайграўшы Аль-Аціі 8 хвілін 52 секунды, а ў агульным заліку саступае яму 1 гадзіну 6 хвілін 50 секунд. На трэцюю пазіцыю падняўся бразільскі напарнік Аль-Раджы Лукаш Мараэс, які адстае ад лідара на 1 гадзіну 13 хвілін 19 секунд. У пятніцу ён фінішаваў у адзінаццаці з паловай хвілінах ад Аль-Аціі з сёмым вынікам.
Дзе інтрыга не толькі жывая, але і да мяжы вострая, дык гэта ў катэгорыі грузавікоў. Алеш Лапрайс, які лідзіруе з часам 28 гадзін 44 хвіліны 4 секунды, усяго на 23 секунды апярэджвае канкурэнта з Нідэрландаў Марціна ван дэн Брынка. Пры гэтым, па ўсяму відаць, суддзі кампенсавалі яму каля хвіліны, бо ўчора ў пратаколе на першай пазіцыі значыўся менавіта ван дэн Брынк.
Марцін пры гэтым на шостым этапе заняў чацвёртае месца, 11 хвілін 41 секунду прайграўшы свайму сыну Мітчэлу, які і перамог з вынікам 3 гадзіны 46 хвілін 58 секунд. Ён пераадолеў спецучастак усяго на 45 секунд хутчэй чым яшчэ адзін нідэрландзец Янус ван Кастэрэн (усе яны выступаюць на Iveco PowerStar). Мітчэл, зрэшты, на перамогу не прэтэндуе, адстаючы ад Лапрайса, ідучы на шостай пазіцыі амаль у дзвюх гадзінах ад Лапрайса.
А вось ван Кастэрэн саступае чэху толькі 26 хвілін 3 секунды і займае трэцюю пазіцыю. Сам Лапрайс шосты этап на шостай жа пазіцыі і скончыў, болей за дваццаць шэсць з паловай хвілін саступіўшы малодшаму з ван дэн Брынкаў. Ну а са старэйшым з іх Алеша і яго машыну Praga V4S DKR чакае няпростая дуэль. Ці марылі мы аб нечым такім у перыяд непадзельнага ўладарання КамАЗаў?
Сёння ўдзельнікі Дакару нарэшце дабяруцца да Аль-Дувадзімі. Агульны шлях складае амаль 861 кіламетр, а 333-кіламетровы спецучастак уяўляе сабой спуск з гор, таксама з камянямі і пяском.