Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дакар-2023: трагедыя з балельшчыкам і канчатковы сыход Сайнса на дзявятым этапе

Дакар-2023: трагедыя з балельшчыкам і канчатковы сыход Сайнса на дзявятым этапе

11 студзеня 2023, 16:23
Дакар-2023: трагедыя з балельшчыкам і канчатковы сыход Сайнса на дзявятым этапе

Фота: A.S.O.

Пра тое, што гонкі небяспечны, нагадваецца на ўсіх квітках на іх і на акрыдытацыйных бэйджах. Але трагедыі часам здараюцца, і на дзявятым этапе ралі Дакар пад колы грузавіка Алеша Лапрайса патрапіў заўзятар з Італіі, які потым памёр па дарозе ў шпіталь. Не трагічна, але няпроста склаўся этап і для некаторых удзельнікаў гонкі.

Кроў дагэтуль працягвае ліцца і ва Украіне. Расійска-фашысцкія захопнікі намагаюцца ўзяць Саледар, што ў іх не атрымаецца дзякуючы гераізму Узброеных сіл Украіны. Яны не толькі абароняць Саледар, але і вызваляць усе захопленыя ворагам тэрыторыі, нягледзячы на тое, дапаможа ім баязлівы Захад або не. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Што да трагедыі на дзявятым этапе Дакару па дарозе з Эр-Рыяду ў Харад, то зараз сцюарды разглядаюць яе абставіны. Балельшчык апынуўся пад колы Прагі Лапрайса, калі той пераязджаў цераз дзюну. Самога бядака Алеш не заўважыў, што і не дзіўна, улічваючы агляд з кабіны грузавіка. Не адчуў ён і тое, што праехаўся па кімсьці, што не дзіўна, улічваючы, колькі машына важыць.

Пра тое, што чэх паўдзельнічаў у няшчасным выпадку, ён даведаўся ўжо на бівуаку. Зразумела, радасці гэты факт яму не дабавіў, і сёння Алеш не выйшаў на старт, у адпаведнасці з правіламі. Тэарэтычна, яго могуць дыскваліфікаваць суддзі, калі прыйдуць да высновы, што Лапрайс мог бачыць чалавека, але он-борды з кабіны яго машыны пра гэта быццам бы не сведчаць. Хаця гонка і, што горай, жыццё для яго ўжо ў любым выпадку сапсаваныя.

Мы ж са свайго боку выказваем спачуванні ўсім родным і блізкім ахвяры здарэння і падтрымку Алешу. І нагадваем яшчэ раз усім: гонкі небяспечныя, падыходзіць блізка да гоначнай трасы, што кальцавой, што ралійнай, нельга. Гоншчыкі падчас гонак думаюць пра свае вынікі, а не пра бяспеку балельшчыкаў, якая ёсць клопатам выключна балельшчыкаў. Не рызыкуйце сваім жыццём і не псуйце яго спартсменам.

У астатніх катэгорыях абышлося без трагедый, але не без страт. Матацыклетная катэгорыя засталася без гоншчыка Monster Energy JB Team Хуана Барэды Борта. Іспанец упаў на сямнаццатым кіламетры з трохсот пяцідзесяці васьмі і, пажаліўшыся на боль у спіне, быў верталётам эвакуіраваны ў бальніцу ў Эр-Рыядзе, дзе ўдзельнікі Дакару адпачывалі напярэдадні. Па апошніх дадзеных, у яго пашкоджаны другі паяснічны пазванок, спадзяёмся, не сур’ёзна.

Лепшым жа часам – 3 гадзіны 18 хвілін 44 секунды – на спецучастку дзявятага этапу сярод матацыклістаў адзначыўся завадскі гоншчык Хускварны Лусіана Бенавідэс. Свайго амерыканскага партнёра Скайлера Хаўса, які паказаў трэці час, аргенцінец апярэдзіў на 2 хвіліны 57 секунд. У агульным жа заліку Лусіана дваццаць адну з паловай хвіліну саступае Хаўсу, займаючы сёмую пазіцыю.

Скайлер з агульным часам 33 гадзіны 55 хвілін 57 секунд лідзіруе, аднак завадскога гоншчыка KTM Тобі Прайса, які падняўся на другую пазіцыю, ён апярэджвае ўсяго на тры секунды! Учора аўстраліец заняў другое месца, прайграўшы 1 хвіліну 2 секунды Лусіана Бенавідэсу, чый старэйшы брат Кэвін, які выступае за KTM, замыкае першую тройку ў генеральнай класіфікацыі, саступаючы Хаўсу 5 хвілін 9 секунд. У аўторак аргенцінец стаў сёмым, амаль восем хвілін прайграўшы брату.

Сітуацыя ў катэгорыі квадрацыклаў больш стабільная, і мясцовы лідар Алекандр Жыру, чый агульны час складае 42 гадзіны 25 хвілін 5 секунд, пагрозы з боку супернікаў не адчувае, і таму не надта рызыкуе на спецучастках. На дзявятым этапе француз задаволіўся чацвёртым месцам, ён фінішаваў амаль у васьмі хвілінах ад літоўца Лайсвідаса Канчыуса, які і перамог, пераадолеўшы баявую дыстанцыю за 4 гадзіны 20 хвілін 14 секунд.

У агульным заліку Канчыус, зрэшты, толькі восьмы, болей чым у васямнаццаці гадзінах ад Жыру, з якіх 10 гадзін 16 хвілін складае штраф. Другую ж пазіцыю, адстаючы ад Александра на 1 гадзіну 19 хвілін 39 секунд, займае аргенцінец Франсіска Марэна Флорэс. Другой вынік ён паказаў і на ўчарашнім этапе, саступіўшы Канчыусу 4 хвіліны 23 секунды.

5 хвілін 22 секунды прайграў Лайсвідасу бразілец Марчэла Медэйрас, які фінішаваў трэцім. Генеральную класіфікацыю ён замыкае, займаючы адзінаццатую пазіцыю і болей за трыццаць адну гадзіну прайграючы Жыру. Першую ж тройку замыкае Мануэль Андухар, які адстае ад лідара на 1 гадзіну 43 хвіліны 3 секунды. У аўторак аргенцінец фінішаваў з пятым вынікам, саступіўшы пераможцу больш за дзевяць хвілін.

Лепшым у катэгорыі лёгкіх прататыпаў-SSV T3 на дзявятым этапе стаў аргенцінец Давід Зіле, які пераадолеў спецучастак за 3 гадзіны 38 хвілін. Але лідара агульнага заліку Гіёма дэ Мэвіуса, які заняў другое месца, ён апярэдзіў усяго на дзве секунды. Бельгіец, адпаведна, сваю першую пазіцыю захаваў. Яго агульны час складае 39 гадзін 41 хвіліну 11 секунд, што на 12 хвілін 43 секунды лепей, чым у амерыканца Осціна Джонса, які застаецца другім. Пры гэтым учора ён паказаў толькі дзявяты вынік, амаль на дзевяць з паловай хвілін адстаўшы ад пераможца і ад дэ Мэвіуса.

Усяго дванаццаць хвілін саступіў пераможцу дзявятага этапу суайчыннік і партнёр Джонса па камандзе Red Bull Off-Road Junior Team USA by BFG Мітчэл Гатры. У абсалюце, зрэшты, яму даўно нічога не свеціць – дэ Мэвіусу ён прайграе больш за дваццаць чатыры з паловай гадзіны, займаючы дваццаць восьмую пазіцыю. Яшчэ адзін амерыканец, які выступае за тую ж каманду, Сэт Кінтэра займае трэцюю пазіцыю, і лідару саступае значна меней, але ўсё роўна многа – 1 гадзіну 13 хвілін 12 секунд. Ён на ўчарашнім этапе адстаў ад пераможца амаль на адзінаццаць хвілін і замкнуў першую дзясятку.

Больш значна, але не зусім не катастрафічна адстаў у аўторак ад пераможца этапу лідар катэгорыі серыйных SSV T4 Рокаш Бацюшка – усяго 46 секунд. На столькі хутчэй за маладога літоўца, які заняў другое месца, стаў таксама малады паляк Эрык Гочал, які справіўся са спецучасткам за 3 гадзіны 42 хвіліны 20 секунд. Заадно Эрык выбраўся на другую пазіцыю ў агульным заліку, дзе ад Бацюшкі, чый час складае 41 гадзіну 16 хвілін 37 секунд, яго аддзяляе 5 хвілін 2 секунды.

Трэцюю пазіцыю, саступаючы Бацюшку 9 хвілін 17 секунд, займае Жэрар Фарэс Гуэль. Пры гэтым учора іспанец фінішаваў толькі з шостым вынікам, амаль чатыры хвіліны саступіўшы Эрыку Гочалу. Трэцяе ж месца заняў дзядзя паляка Міхал, які адстаў ад сына свайго брата Марэка на 56 секунд. У генеральнай класіфікацыі, зрэшты, ён толькі адзінаццаты, ужо амаль у чатырох гадзінах ад Бацюшкі.

Марэк да лідара бліжэй – крыху болей чым у трынаццаці хвілінах і на чацвёртай пазіцыі. Хаця ён якраз дзявяты этап правёў не выдатна, амаль на дзевяць з паловай хвілін адстаўшы ад сына і заняўшы адзінаццатае месца. Аднак у кола прэтэндэнтаў на перамогу Гочал-старэйшы па-ранейшаму ўваходзіць.

Канчаткова ў аўторак склаў зброю Карлас Сайнс-старэйшы, які ў самым пачатку спецучастка пры скоку з дзюны перакуліў свой Audi RS Q e-tron E2. Эль Матадора таксама эвакуіравалі верталётам у Эр-Рыяд, аднак былі паведамленні, што іспанец запатрабаваў вярнуць яго на дыстанцыю, і што гэта быццам бы было зроблена. Аднак пазней ён афіцыйна абвесціў сход з дыстанцыі.

Першыя баявыя кіламетры дзявятага этапу ледзь не сталі апошнімі для напарніка Насэра Аль-Аціі па завадскім калектыве Таёты Хэнк Латэган. На яго GR DKR HiLux зламалася задняя падвеска, праз што паўднёваафрыканец, якому на дапамогу прыйшлі іншыя экіпажы на такіх жа машынах, у тым ліку Язід Аль-Раджы з Overdrive Racing, згубіў час і фінішаваў шэсцьдзесят трэцім амаль у гадзіне ад пераможца, якога прапусціў на трэцюю пазіцыю ў агульным заліку, сам апусціўшыся на чацвёртую.

Пераможцам гэтым (які пераможцам, па папярэдніх звестках, стаў і сёння) аказаўся Себасцьен Лёб. Дзевяціразовы чэмпіён свету па ралі пераадолеў баявыя кіламетры на сваім поўнапрывадным прататыпе Prodrive Hunter BRX за 3 гадзіны 7 хвілін 24 секунды. У генеральнай класіфікацыі ён цяпер на 1 гадзіну 43 хвіліну 8 секунд адстае ад Аль-Аціі, чый час складае пасля дзевяці этапаў 34 гадзіны 19 хвілін 20 секунд. Сам чатырохразовы і дзейсны пераможца Дакару ўчора заняў восьмае месца, саступіўшы эльзасцу амаль дзевяць хвілін.

Не быў у фаварытах у аўторак і партнёр Аль-Раджы па камандзе Лукаш Мараэс. Бразілец замкнуў першую дзясятку, дзесяць з паловай хвілін прайграўшы Лёбу. Аднак у агульным заліку дзякуючы няўдачы Латэгана ён падняўся на другую пазіцыю. Ад Аль-Аціі Мараэс адстае на 1 гадзіну 21 хвіліну 57 секунд.

Апроч Лёба на дзявятым этапе высокімі вынікамі Вайдотас Жала і Герлен Шышэры. Як і на сёмым этапе, літовец з Teltonika Racing заняў другое месца, стаступіўшы Лёбу 57 секунд, француз з уласнай каманды GCK Motorsport стаў трэцім, на 2 хвілін 8 секунд адстаўшы ад свайго славутага суайчынніка. Карацей, на вуліцы Prodrive (усе трое выступаюць на аднолькавых машынах) было маленькае свята. Хоць, канечне, у генеральнай класіфікацыі Шышэры толькі чатырнаццаты, а Жала – наогул сто дваццаць пяты, болей чым у пяці і шасцідзесяці васьмі гадзінах адпаведна.

Як цяпер будзе выглядаць залік грузавікоў, па ўсяму відаць, без Лапрайса, пакуль што незразумела. У момант, калі пішуцца гэтыя радкі, у пратаколе дзясятага этапу яго няма, але вынікі працягваюць абнаўляцца. Па стане ж на ўчарашні вечар Лапрайс лідзіраваў з агульным часам 40 гадзін 22 хвіліны 59 секунд.

На дзявятым этапе чэх паказаў чацвёрты вынік, крыху болей за адзінаццаць хвілін саступіўшы свайму канкурэнту на адным з Iveco PowerStar каманды дэ Рооя Янусу ван Кастэрэну, які перамог з вынікам 3 гадзіны 40 хвілін 52 секунды. Ён, падобна, і стане новым лідарам, бо напярэдадні займаў другую пазіцыю ў абсалюце, знаходзячыся ў 26 хвілінах 54 секундах.

Адзін з яго партнёраў па камандзе Марцін ван дэн Брынк займаў трэцюю пазіцыю і прайграваў Лапрайсу 46 хвілін 8 секунд. Аднак да фінішу дзявятага этапу ён дабраўся толькі з восьмым вынікам, у сорак адной хвіліне ад ван Кастэрэна. Яму, які і многім экіпажам на грузавіках, прыйшлося ўчора скарыстацца тросамі, каб выбрацца з водных пастак на адным з адрэзкаў дыстанцыі.

Другое ж месца заняў учора яшчэ адзін нідэрландзец, але які выступае на Renault C460. Паскаль дэ Баар быў павольнейшым за ван Кастэрэна на 3 хвіліны 6 секунд. Трэцім стаў чэх Яраслаў Вальтр на Tatra Phoenix Buggyra, ён 4 хвіліны 21 секунду саступіў ван Кастэрэну. Ад Лапрайса ў агульным заліку абодва былі далёка – Вальтр на пятай пазіцыі ў дзвюх з паловай гадзінах, дэ Баар на восьмай болей чым у васьмі гадзінах.

Заўтра раніцай будуць дакладна вядомыя вынікі дзясятага этапу ралі Дакар, чыя баявая дыстанцыя, калі не ўлічваць пралог, стала самай кароткай і склала 114 кіламетраў, пераважна пясчаных і ўжо без гор. Агулам жа караван удзельнікаў пераадольвае сёння 624-кіламетровы шлях з Харада ў Шэйбу, у наваколлях якой у наступныя два дня пройдуць два марафонскіх этапы.

Іншыя пасты блога

Усе пасты