Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Няпоўная стартавая рашотка і прыгожы паядынак да Кошты і Верня. Этап Формулы Е ў ПАР запомніўся многа чым

Няпоўная стартавая рашотка і прыгожы паядынак да Кошты і Верня. Этап Формулы Е ў ПАР запомніўся многа чым

27 лютага 2023, 18:30
Няпоўная стартавая рашотка і прыгожы паядынак да Кошты і Верня. Этап Формулы Е ў ПАР запомніўся многа чым

Фота: Formula E

Машыны трэцяга пакалення электрычнай Формулы не пазбаўленыя дзіцячых хвароб, таму на старт гонкі ў Кейптаўне ў мінулую суботу выйшлі не ўсе ўдзельнікі чэмпіянату свету. Аднак і тыя, што стартавалі, здолелі парадаваць гледачоў напружанай барацьбой на фінальным адрэзку.

Пакуль гоншчыкі вядуць спартыўныя спаборніцтвы, ва Украіне ідзе сапраўдная кровапралітная вайна з расійска-фашысцкімі захопнікамі. Ім даўно здаў нашу краіну тутэйшы здраднік, аднак і тут ім спакою няма. Учора ў Мачулішчах беларусы ўспомнілі пра сваё партызанскае мінулае і дапамаглі абаронцам Украіны ў іх цяжкай справе, адправіўшы расійскі ваенны самалёт услед за расійскім ваенным караблём. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Гонка Формулы Е ў Кейптаўне цягам доўгага часу была меней натхняльнай, чым учарашнія навіны з Беларусі. Збольшага па прычыне таго, што з барацьбы хутка выбыў лідар чэмпіянату з каманды TAG Heuer Porsche Паскаль Верляйн. Стартаваў немец толькі шостым і, спрабуючы адыграцца на першым кругу, перастараўся на тармажэнні перад адным з паваротаў і зламаў пярэднюю падвеску сваёй машыны аб машыну пілота Envision Racing Себасцьена Буэмі, сышоўшы з дыстанцыі.

Але ён са сваім напарнікам Антоніу Феліксам да Коштай хаця б стартаваў, у адрозненні ад Олівера Роўланда і Лукаса дзі Грасі з Mahindra Racing, а таксама пілотаў ABT Cupra, якая выкарыстоўвае індыйскія шасі, Ніка Мюлера і Кэвіна ван дэр Ліндэ, які замяняе траўміраванага Робіна Фрайнса. Выпрабаванняў куп’істым кейптаўнскім асфальтам не вытрымала задняя падвеска машыны дзі Грасі, і, па меркаваннях бяспекі, з гонкі зняліся ўсе, хто выступае на такіх жа.

З трыбун за падзеямі Электрычнага Прызу Кейптаўна назіраў і пілот Jaguar TCS Racing Сэм Бёрд, які свой балід разбіў у кваліфікацыі. Дый у яго напарніка Мітчэла Эванса, які стартаваў чацвёртым, не атрымалася годна абараніць колеры каманды ў гонцы – ён атрымаў штрафны праезд па піт-лэйне за некарэктнае карыстанне даступнай энергіяй і фінішаваў толькі адзінаццатым.

З поўла ж гонку пачынаў пілот Nissan Саша Фенестраз, але ён хутка саступіў першую пазіцыю канкурэнту з Maserati MSG Racing Максіміліану Гюнтэру. Які, дарэчы, на першым жа кругу застаўся адзіным прадстаўніком сваёй каманды – яго напарнік Эдоарда Мартара сышоў з дыстанцыі, спыніўшыся на трасе. Гэта прывяло да выезду аўтамабіля бяспекі, але ён пераследнікам немца не дапамог, і на рэстарце на пятым кругу той захаваў лідарства.

Фенестраз жа сваю другую пазіцыю саступіў яшчэ аднаму прадстаўніку Envision Ніку Кэсідзі. Варта адзначыць, што новазеландзец трымаўся блізка да Гюнтэра, і калі Максі адправіўся на актывацыю рэжыму атакі, наперад выйшаў якраз Кэсідзі. Гюнтэр жа пачаў выконваць ролю гэтакага буферу паміж Нікам і да Коштай, а таксама гоншчыкам DS Penske Жанам-Эрыкам Вернем. Але на дваццатым кругу Максіміліан самаліквідаваўся, не ўпісаўшыся ў паварот і пашкодзіўшы падвеску аб адбойнік.

Стрымаць жа двух чэмпіёнаў Формулы Е ў Кэсідзі, як выявілася, шанцаў не было. Антоніу Фелікс на дваццаць чацвёртым кругу абагнаў яго і са стандартнай магутнасцю, якая перад гэтым дапамагла яму прарвацца ажно з адзінаццатай пазіцыі на старце, а Жан-Эрык крыху пазней – з дадатковай. З гэтага моманту пачалася прыгожая дуэль партугальца і француза, двух даўніх прынцыповых супернікаў і былых напарнікаў па DS Techeetah.

Бліжэй да фінішу да Кошце трэба было ў чарговы раз атрымаць дадатковую магутнасць рэжыму атакі, і Верня ён прапусціў. Аднак не адпусціў канкурэнта далёка, і на трыццаць першым кругу ў звязцы сёмага, восьмага і дзявятага паваротаў здзейсніў чарговы прыгожы абгон, які і прынёс яму перамогу. Вернь у сваю чаргу спрабаваў ціснуць на партугальца да апошняга, але застаўся другім. Трэцім фінішаваў Кэсідзі.

Жан-Эрык, зрэшты, зусім не выглядаў расчараваным такім вынікам, і Антоніу Фелікса павіншаваў шчыра. Ад лідара чэмпіянату, якім з 80-цю ачкамі застаўся Верляйн, абодва ўсё роўна далёка – на трэцяй пазіцыі з 50-цю ачкамі і на чацвёртай з 46-цю адпаведна. Гоншчык Avalanche Andretti Джэйк Дэніс, які ў Кейптаўне фінішаваў толькі трынццатым, здолеў утрымацца на другой пазіцыі, у яго 62 ачкі.

Porsche ўпэўнена захоўвае лідарства ў камандным заліку, маючы 126 балаў. Envision падняліся яшчэ на радок вышэй, і цяпер займаюць другі, маючы 84 ачкі, што на чатыры болей, чым у Avalanche Andretti, якія цяпер трэція.

Наступны этап сезона-2023 Формулы Е таксама пройдзе на новым для чэмпіянату месцы – у бразільскім Сан-Паўлу. Ён пройдзе ў святое для кожнага беларуса 25 сакавіка. Ну а ўжо ў гэтыя выхадныя ў Бахрэйне свой новы, ужо семдзесят чацвёрты сезон пачынае Формула 1. Навін будзе шмат, заклікаем сачыць за імі на тэлеграм-канале «Формула перамогі» нашых партнёраў. З маімі прагнозамі развіцця падзей у каралеўскіх аўтагонках можна пазнаёміцца ў адмысловым артыкуле.

Іншыя пасты блога

Усе пасты