Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Тэрыторыя Баўцісты. Дзейсны чэмпіён сусветнага Супербайка дамініраваў на першым этапе новага сезону ў Аўстраліі

Тэрыторыя Баўцісты. Дзейсны чэмпіён сусветнага Супербайка дамініраваў на першым этапе новага сезону ў Аўстраліі

Тэрыторыя Баўцісты. Дзейсны чэмпіён сусветнага Супербайка дамініраваў на першым этапе новага сезону ў Аўстраліі

Фота: worldsbk.com

Альвара Баўціста яўна наважыўся выйграць другі запар чэмпіёнскі тытул у WSBK. Менавіта аб гэтым сведчыць яго практычна беспамылковы выступ на першым этапе новага сезону, які ў мінулы ўік-энд прайшоў на трасе Філіп-Айлэнд у Аўстраліі.

Праз год пасля паўнамаштабнага уварвання расійска-фашыскіх захопнікаў украінскі народ працягвае мужна ім супрацьстаяць. Спробы звар’яцелага расійскага дыктатара замарозіць Украіну і пакінуць яе без электрычнасці поспеху не мелі. Наперадзе ж вясна, і мы спадзяемся, што яна прынясе не толькі цяпло, але і перамогу нашых суседзяў над агрэсарам. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

З набліжэннем вясны прачынаюцца і сусветныя гоначныя чэмпіянаты. З матацыклетных першым, які выйшаў з зімовай спячкі стаў Супербайк, які ў мінулы ўік-энд наведаў аўстралійскую трасу Філіп-Айлэнд.

На ёй жа, нагадаю, скончыўся мінулы сезон, які стаў чэмпіёнскім для гоншчыка каманды Aruba.it Racing-Ducati Альвара Баўцісты. Дзве галоўныя гонкі таго лістападнага ўік-энду іспанец выйграў, але саступіў у ранішнім нядзельным суперпоўл-спрынце канкурэнту з Kawasaki Racing Team WorldSBK Джонатану Рэю, аднак на гэты раз Баў і блізка нікога не падпусціў да вяршыні подыума.

Прытым што кваліфікацыю ў суботу выйграў не ён, а яшчэ адзін яго канкурэнт, толькі ўжо з Pata Yamaha Prometeon WorldSBK Топрак Разгатліоглу. Якраз у турка Альвара ў мінулым годзе чэмпіёнскую адзінку і адабраў, і зараз выглядала, нібыта Топрак збіраецца яе вярнуць.

Быццам бы на руку яму было і надвор’е падчас першага заезду ўік-энду – ішоў дождж, які стаў адной з прычын, па якой зацягнулася першая ў сезоне гонка ў малодшай катэгорыі Supersport. Аднак ужо на старце было бачна, хто тут дзейсны чэмпіён. Баўціста «стрэліў» хол-шотам, захапіўшы лідарства, а Разгатліоглу апярэдзіў яшчэ і Рэй, а потым і яго напарнік Алекс Лоўс.

Рэю ж было мала адной пазіцыі, і хутка ён апярэдзіў і Баўцісту, і нават ад’ехаў ад яго прыкладна на паўтары секунды. Але Альвару неўзабаве пачаў скарачаць адставанне, і на дзясятым кругу абагнаў брытанца ў павароце імя Джэка Мілера. Больш іспанец лідарства ў гонцы не саступаў і атрымаў перамогу ў першай гонцы сезона. Рэй заняў другое месца, Разгатлоглу замкнуў першую тройку. Лоўса па ходу гонкі ён абагнаў яшчэ да таго, як Алекс упаў і сышоў з дыстанцыі.

Раніцай у нядзелю над Філіп-Айлэндам было ўжо сонечна, суперпоўл-спрынт праходзіў на сухой трасе, і Баўцісце ізноў было няцяжка захапіць першую пазіцыю ўжо на старце. Не пашанцавала ж на першым кругу Рэю, які крыху не падзяліў трасу з гоншчыкам GYTR GRT Yamaha WorldSBK Team Дамінікам Эгертэрам (ён пазней сышоў з дыстанцыі праз сутыкненне са сваім напарнікам Рэмі Гарднэрам, які перайшоў у сусветны Супербайк з MotoGP) і, праехаўшыся шырока ў адным з паваротаў, страціў некалькі пазіцый. Фінішаваў Джонатан толькі сёмым.

Разгатліоглу на першым кругу быў контратакаваў Баўцісту і вярнуў сабе лідарства, але Альвару ў пачатку другога круга на стартавай прамой скарыстаўся магутнасцю рухавіка сваёй Ducati Panigale V4R і выйшаў наперад ізноў. Заадно Топрака абышоў і Алекс Лоўс, а ззаду на турка ўжо насядаў напарнік Баўцісты Міхаэль Рубэн Рынальдзі.

На італьянца, праўда, у сваю чаргу ціснуў Эгертэр, які нават на кароткі момант апярэдзіў італьянца, але Міхаэль Рубэн пазней контратакаваў і амаль адразу абагнаў і Разгатліоглу, павісшы на хвасце ў Лоўса, які таксама не здолеў доўга стрымліваць канкурэнта з Aruba.it Racing-Ducati. У выніку каманда атрымала свой першы ў сезоне дубль, а Разгатліоглу ізноў праціснуў абарону Лоўса і фінішаваў трэцім.

Вынікі кароткага нядзельнага заезду вызначаюць стартавую рашотку ў фінальным. Адпаведна, Баўціста, Рынальдзі і Разгатліоглу стартавалі з першага шэрагу, але пазіцыі захавалі толькі іспанец з італьянцам, тады як турка апярэдзіў яго напарнік Андрэа Лакатэлі. Затым Топрак саступіў яшчэ і гоншчыку Motocorsa Racing Аксэлю Басані, а таксама Рэю, апынуўшыся на сваю бяду на прыцэле ў Лоўса.

Добра, калі б Алекс проста абагнаў канкурэнта з Ямахі. Замест гэтага ж брытанец на сямнаццатым кругу ўпаў на ўваходзе ў паварот Мілера і прыбраў з сабою Разгатліоглу, у выніку чаго абодва сышлі з дыстанцыі. У Рэя на гэтым фоне было ўсё проста выдатна, хоць вынік гонкі сведчыць аб іншым. Шасціразовы чэмпіён сусветнага Супербайка паступова прапускаў супернікаў і фінішаваў толькі восьмым.

Баўціста з Рынальдзі ж заваявалі яшчэ адзін дубль, трэцяе месца заняў Лакатэлі. Хэт-трык Альвару стаў гістарычным для яго, яму застаецца атрымаць усяго пяць перамог да юбілейнай у сусветным Супербайке чатырохсотай. Ён па вынікам першага ж этапу сезона моцна адарваўся ад канкурэнтаў па чэмпіянаце – у яго 62 ачкі супраць 31-го ў Рэя, які займае трэцюю пазіцыю. Разгатліоглу з 23-ма баламі толькі шосты, а другі Лакатэлі, у якога 34 ачкі. 62 балы мае і Ducati, якая лідзіруе сярод вытворцаў. Yamaha з 39-цю ачкамі на другой пазіцыі, Kawasaki займае трэцюю і мае 34 балы.

Каляндар гэтага сезона сусветнага Супербайка быў канчаткова зацверджаны літаральна па ходу першага ўік-энда. Ён уключае ў сябе дванаццаць этапаў, апошні з якіх пройдзе ў Аргенціне ў лістападзе. А другі – ужо ў бліжэйшыя выхадныя на трасе Мандаліка ў Інданэзіі.

Іншыя пасты блога