Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Гран Пры Бахрэйна як кантрольная работа. Першы этап Формулы 1 новага сезона паказаў, каго і чаму навучыў мінулы

Гран Пры Бахрэйна як кантрольная работа. Першы этап Формулы 1 новага сезона паказаў, каго і чаму навучыў мінулы

Агляд тура

8 сакавіка 2023, 15:14
2
Гран Пры Бахрэйна як кантрольная работа. Першы этап Формулы 1 новага сезона паказаў, каго і чаму навучыў мінулы

Фота: formula1.com

Тыя, хто за двухразовага і дзейснага чэмпіёна Макса Ферстапена не заўзее прынцыпова, супакоіцца зараз могуць хіба што цікавай статыстыкай – з 2017 года пераможца першага Гран Пры станавіўся другім па выніках сезона. Па ўсім астатнім прыкметам, нідэрландзец і трэці тытул заваюе гэтак жа лёгка, як і другі. Хаця гонка ў Бахрэйне запомнілася не толькі яго перамогай.

Новы сезон каралеўскіх аўтагонак пачаўся хутка пасля першай і, хочацца спадзявацца, апошняй гадавіны нападзення расійска-фашысцкіх захопнікаў на Украіну. Нашы суседзі за гэты час панеслі каласальныя страты, але спынілі варожую навалу і часткова вызвалілі ад яе сваю зямлю, зрабіўшы больш за 150 тысяч акупантаў угнаеннямі. Яны абавязкова перамогуць, дзякуючы чаму вызваляцца і беларусы. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Гісторыя нічому не вучыць звар’яцелых дыктатараў, а ці навучыў чаму-небудзь мінулы сезон Формулы 1 тых, каму тады не пашанцавала? У перадсезонным прэв’ю я ўслед за шматлікімі экспертамі аддаваў перавагу камандзе Mercedes як меркаванаму галоўнаму суперніку Red Bull у гэтым годзе. У Браклі вырашылі не адмаўляцца ад сваёй экстравагантнай канцэпцыі з кампактнымі бакавымі пантонамі, але бадзёра заяўлялі, што машына W14 не ўспадкавала хібы сваёй папярэдніцы.

Перадсезонныя тэсты, якія тая ж траса Сахір прыняла за тыдзень да Гран Пры Бахрэйна, быццам бы гэта пацвердзілі, і ад праславутага «дэльфінавання» новы балід не пакутаваў. Аднак і ідэальным не быў – Льюіс Хэмілтан з Дорджам Расэлам адзначылі праблемы з балансам і недахоп прыціскной сілы ў паваротах. Таму яшчэ тады стала зразумела, што сезон-2023 для Срэбраных Стрэл стане няпростым. А ў мінулыя выхадныя стала зразумела, наколькі.

Першыя трывожныя званочкі ў гаражах Mercedes празвінелі ўжо ў пятніцу на свабодных заездах, калі поспехам можна была лічыць нават трапленне Льюіса і Джорджа ў першую дзясятку. У суботу сяк-так становішча крыху выправілася, і брытанцы здолелі кваліфікавацца шостым і сёмым (што характэрна, сяміразовы чэмпіён ізноў саступіў свайму маладому напарніку), але разлічваць падначаленым Тота Вольфа дакладна хацелася б на іншае.

Хто здзівіў прыемна, дык гэта Aston Martin. І калі па выніках другой пятнічнай і суботняй практыкі, пратаколы якіх узначаліў двухразовы чэмпіён Фернанда Алонса, прадказваць што-небудзь было цяжка, то ўжо ў кваліфікацыі прагрэс, які зрабіў брытанскі калектыў, быў відавочным. Шчыра прызнаюся, я ніколі не лічыў прагнозы сваім моцным бокам, таму у згаданым прэв’ю напісаў асцярожна, што для «зялёных» пасільнай задачай выглядае апярэдзіць Alfa Romeo. Аднак па стане на зараз выглядае, што каманда Лоўрэнса Строла здзейсніла квантавы скок.

Ferrari, чыя форма таксама была перад Гран Пры Бахрэйна адной з інтрыг, у прынцыпе і так адносна нядрэнна выступіла ў мінулым годзе, заняўшы другое месца ў Кубку канструктараў. Сезон 2023 года Скудэрыя пачала з новым кіраўніком і галоўным стратэгам, але праблемы, па ўсяму відаць, засталіся старыя. Кваліфікацыя, па выніках якой Шарль Леклер з Карласам Сайнсам сталі трэцім і чацвёртым адпаведна, выявіла дэфіцыт хуткасці адносна Red Bull, а гонка – і дэфіцыт надзейнасці.

Старт, зрэшты, манэгаск з іспанцам правялі нядрэнна, Леклер нават апярэдзіў напарніка Ферстапена Серхіа Перэса, які дзяліў з дзейсным чэмпіёнам першы шэраг. Але спачатку Шарль саступіў Чэка пасля таго, як на піт-стопе перайшоў з шын Soft на Hard (гэта быў новы кампаўнд C1, які не замяніў былы, а дадаў яго, той стаз звацца C0), тады як мексіканца пераабулі ізноў у мяккую гуму, а на сорак другім кругу сілавая ўстаноўка на яго машыне перастала працаваць, і ён сышоў з дыстанцыі. Па папярэдніх звестках – праз адмову блока электронікі, які перад гонкай і так замянілі.

Ну я яшчэ стала зразумела, што шыны новы аўтамабіль нагружае занадта моцна, павышаючы іх знос. Менавіта на гэта наракаў пасля гонкі Карлас Сайнс, які некаторы час прэтэндаваў на подыум, але фінішаваў чацвёртым. А вось у новага Астан Марціна такой бяды няма!

«Гэтай машынай прыемна кіраваць!», – усцешана заявіў свайму гоначнаму інжынеру Фернанда Алонса пад канец гонкі, калі Сайнс ужо застаўся ў яго ззаду. Паядынак з ім, як і з Хэмілтанам крыху раней, па-сапраўднаму ўпрыгожыў заезд, адказ на галоўнае пытанне якога, калі шчыра, быў вядомы ўжо пасля першых кругоў.

Таму будзе вельмі цікава паназіраць за наступным прагрэсам Aston Martin, куды за апошнія гады перайшлі буйныя спецыялісты з Red Bull, які ў сваю чаргу застаўся абсалютным лідарам. Перэс, які заняў другое месца, адстаў ад Ферстапена амаль на дванаццаць секунд, а Алонса, які ў выніку падняўся, не толькі на ўласную радасць, на ніжнюю ступень подыуму, адстаў ад Макса на трыццаць восем з паловай. Вядома, на іншых трасах расклады будуць мяняцца ў дэталях, але глабальна яны зразумелыя і зараз.

Зразумела, у прыватнасці, што плюс-мінус на ранейшым узроўні засталася Alfa Romeo – Валтары Ботас фінішаваў восьмым, а Гуаньюй Джоў – шаснаццатым. Тое ж пакуль што можна сказаць і пра Alpine, чый навабранец П’ер Гаслі заняў дзявятае месца. Праўда, Эстэбан Акон зараз хоча хутчэй забыцца пра гонку ў Бахрэйне, у якой ён нахапаў штрафаў, а ў выніку сышоў праз механічныя праблемы. Цяжкай першая гонка новага сезона стала і для Haas – Кэвін Магнусэн і Ніка Хюлькенберг занялі толькі трынаццатае і пятнаццатае месцы адпаведна (немец, праўда, таксама быў аштрафаваны за шматразовыя парушэнні меж трасы).

Пілоты AlphaTauri, лепшым з якіх учора стаў Юкі Цунода, які заняў адзінаццатае месца, пакуль што пакутуюць ад недахопу тэмпа, а іх канкурэнты з McLaren – яшчэ і ад недахопу надзейнасці. Ланда Норыс праз непаладкі ў сістэме гідраўлікі здзейсніў учора ажно шэсць піт-стопаў і фінішаваў сямнаццатым і апошнім, а яго новы напарнік Оскар Піастры наогул сышоў праз праблемы з электрыкай. Не думаю, што Даніэль Рыкарда, якога малады аўстраліец і замяніў у складзе каманды з Уокінга, зараз шкадуе, што вярнуўся ў Мілтан-Кінс, хай і на лаву запасных.

Затое каманда Williams здзівіла прыемна – Алекс Албан першую дзясятку замкнуў не толькі дзякуючы сходу Леклера. Ён быў хуткім увесь уік-энд, і ў кваліфікацыі без праблем прайшоў у другі сегмент. Зусім крыху не хапіла для гэтага яго новаму напарніку Логану Сарджэнту, затое ў дэбютнай гонцы ў складзе не самай моцнай каманды амерыканец фінішаваў дванаццатым. Ёсць адчуванне, што па ходу сезона і ён навучыцца зарабляць ачкі, а Албан будзе рабіць гэта часцей, чым у мінулым годзе.

Што ж да Mercedes, то пасля таго, як рызыкоўная канцэпцыя ізноў сябе не апраўдала, у камандзе нарэшце гатовыя ад яе адмовіцца на карысць болей традыцыйнай. Наколькі можна зразумець з каментарыяў таго ж Тота Вольфа, адпаведная праца ўжо ідзе, але яе вынікі будуць заўважныя ў лепшым выпадку з пачаткам еўрапейскай часткі сезона. А што будзе, калі ў такой сітуацыі ў бюджэтную столь у Браклі ўпруцца раней, чым трэба?

Тым не менш я б не спяшаўся спісваць новы сезон па выніках ужо першага этапу. Бо зразумела пакуль што далёка не ўсё, і развіваць свае машыны будуць усе топ-каманды. І чым не інтрыга, ці належыць да іх цяпер Aston Martin? А што да хуткасці Red Bull, то не чакалі ж мы, што чэмпіёны на роўным месцы без сур’ёзных перамен тэхнічнага рэгламенту як страцяць.

Становішча ў чэмпіянаце пасля першай гонкі цалкам адпавядае яе вынікам: Ферстапен лідзіруе з 25-цю ачкамі, Перэс другі, у яго 18 балаў, што на тры болей, чым у Алонса, які замыкае першую тройку. Red Bull, маючы 43 ачкі, узначальвае Кубак канструктараў. Aston Martin на другой пазіцыі, у яго 23 балы, Mercedes з 61-цю трэці.

Наступным этапам новага сезона Формулы 1 стане Гран Пры Саудаўскай Аравіі, які пройдзе на гарадской трасе ў Джыдзе 17-19 сакавіка.

Іншыя пасты блога

Усе пасты