Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Як Баўціста не дакруціў. Другі этап сусветнага Супербайка для яго дзейснага чэмпіёна выйшаў пераможным, але не ідэальным

Як Баўціста не дакруціў. Другі этап сусветнага Супербайка для яго дзейснага чэмпіёна выйшаў пераможным, але не ідэальным

9 сакавіка 2023, 18:45
Як Баўціста не дакруціў. Другі этап сусветнага Супербайка для яго дзейснага чэмпіёна выйшаў пераможным, але не ідэальным

Фота: worldsbk.com

Раней ці пазней памыляюцца нават лепшыя. З Альвара Баўцістай гэта здарылася рана – ужо на другім этапе новага сезона WSBK у Інданэзіі. Аднак іспанец усё роўна выступіў эфектна.

Сёння Украіна ізноў падверглася ракетнай атацы з боку расійска-фашысцкіх захопнікаў. Ізноў ад іх рук загінулі мірныя жыхары. Злачынствы, у тым ліку забойствы ваеннапалонных – гэта ўсё, на што здольная другая армія свету. Але адной Украіне цяжка супрацьстаяць варожай навале, і свет абавязаны дапамагчы ёй, што адначасова дапаможа і беларусам. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Ваенная агрэсія звар’яцелага дыктатара прымусіла ўвесь свет адгароджвацца ад Расіі і выганяць яе з усіх сусветных спартыўных пяршынстваў. Так, у мінулым годзе быў адменены расійскі Гран Пры Формулы 1. Сусветны Супербайк, праўда, перастаў прыязджаць у Расію значна раней, і па чыста арганізацыйных прычынах. Затое ён знайшоў шмат іншых месцаў для сваіх этапаў, як траса Мандаліка ў Інданэзіі.

У гэты раз яна ў календары стала другой з пачатку, а не з канца, як у мінулы раз, патрапіўшы, верагодна, на перыяд з болей прадказальным надвор’е. Тутэйшая мінулагодняя сакавіцкая гонка MotoGP, праўда, была якраз дажджавой, але ўдзельнікі WSBK у мінулы ўік-энд каталіся па сухой трасе. Аднак не ўсе яны пазбеглі аварый.

Чараду падзенняў ужо на старце першай гонкі ў суботу адкрыў гоншчык Aruba.it Racing-Ducati Міхаэль Рубэн Рынальдзі, які ў першым павароце сутыкнуўся са сваім напарнікам – дзейсным чэмпіёнам Альвара Баўцістай. Стартавалі іспанец і італьянец трэцім і чацвёртым адпаведна, але пашанцавала ў выніку толькі першаму з іх.

Дзейсны чэмпіён з самага пачатку сеў на хвост чэмпіёну 2021 года з Pata Yamaha Prometeon WorldSBK Топраку Разгатліоглу і ціснуў на турка да шостага круга, на якім паспяхова перахапіў у таго лідарства атакай у пятнаццатым павароце. Актыўна паводзіў сябе і гоншчык Motocorsa Racing Аксэль Басані, які таксама замахнуўся быў на гоншчыка завадской Ямахі. Але стрымаць яго ў італьянца не атрымалася, і ён прапусціў не толькі Топрака, але і яго напарніка і свайго суайчынніка Андрэа Лакатэлі, які і замкнуў першую тройку ў першым заедзе ўік-энду.

Не самым удалым заезд гэты стаў і для шасціразовага чэмпіёна сусветнага Супербайка Джонатана Рэя. Паўночнаірландзец кваліфікаваўся пятым, а фінішаваў толькі дзявятым, таму для яго важна было паспрабаваць адыграцца на наступны дзень. І ў кароткім ранішнім нядзельным спрынце-суперпоўле ў яго гэта часткова атрымалася.

Пачалося ўсё, зрэшты, сутыкненнем на першым жа кругу напарніка Джонатана па Kawasaki Racing Team WorldSBK Алекса Лоўса з канкурэнтам з Bonovo Action BMW Лорысам Базам і гоншчыкам Barni Spark Racing Team WorldSBK Даніла Петруччы. На другім кругу ўпаў і Рэй, але ён здолеў вярнуцца ў боксы, дзе механікі, скарыстаўшыся перыядам чырвоных сцягоў, які на другім кругу і быў абвешчаны, вярнулі ў лад яго матацыкл Джонатана, дазволіўшы яму выйсці на рэстарт.

Пасля аднаўлення заезду, які быў скарочаны з дзесяці кругоў да васьмі, на першых дзвюх пазіцыях ізноў апынуліся Разгатліоглу і Баўціста. Рэй апынуўся следам за імі і на чацвёртым кругу ў дванаццатым павароце пайшоў у атаку. Гоншчык Kawasaki апярэдзіў канкурэнта, але на выхадзе з таго ж павароту ледзь не паваліўся ізноў, утрымаўшыся, аднак, на колах. А вось у Баўцісты, які быў акурат ззаду і, відаць, спрабаваў ухіліцца ад сутыкнення з Рэем, гэтага не атрымалася, і ён скончыў гонку датэрмінова.

Рэй праз уласную памылку страціў толькі дзве пазіцыі, прапусціўшы Лакатэлі і Лоўса і задаволіўшыся чацвёртым месцам. Перамог жа Разгатліоглу, які, такім чынам, першым стартаваў і ў фінальным заездзе. Баўцісце, вядома, было складаней, бо ён пачынаў апошнюю гонку толькі дзясятым. Але развіццё падзей на першай палове дыстанцыі дапамагло яму рэалізаваць уласную хуткасць.

Да восьмага круга, на якім гонка была прыпыненая чырвонымі сцягамі праз адразу некалькі здарэнняў, у групе лідараў было шчыльна, а яе ўдзельнікі рубіліся адчайна. Адным з самых актыўных быў Басані, які натуральна распіхваў супернікаў, за што суддзі загадалі яму вярнуць адну пазіцыю. Аксэль у выніку прапусціў болей, чым аднаго канкурэнта праз уласную памылку, і адным з тых, хто апынуўся наперадзе стаў якраз Баўціста.

Шматлікія разборкі дазволілі іспанцу да чырвоных сцягоў прарвацца на чацвёртую пазіцыю. І пасля таго, як Баў падчас паўзы атрымаў камплект мяккіх шын, вынік гонкі быў фактычна прадвызначаны. Адразу пасля рэстарту ён з Рынальдзі ўзяў ў ціскі Разгатліоглу, і хоць абагнаць турка аказалася няпроста (на трасе Мандаліка асабліва даўгіх прамых, на якіх Ducati Panigale V4R моцныя, няма), Альвара праз некалькі кругоў усё ж праціснуў яго абарону і адправіўся ў пагоню за Рынальдзі.

Міхаэль Рубэн, дарэчы, быў хуткім, і проста наблізіцца да яго на адлегласць атакі было цяжка нават Баўцісце. Толькі за тры кругі да канца Альвара пачаў на яго насядаць, а абагнаў толькі на перадапошнім. Усё ішло да чарговага дублю каманды Aruba.it Racing-Ducati, але на апошнім кругу Рынальдзі памыліўся, адкаціўшыся на чацвёртае месца. Ну, хаця б ачкі набраў, у адрозненні ад таго ж Рэя, напрыклад, які не пазбег падзення і сышоў з дыстанцыі.

Такім чынам, Баўціста, які перамог, быў адзіным прадстаўніком завадской Ducati на подыуме. На яго другую ступень падняўся Разгатліоглу, а на трэцюю – упершыню ў сваёй кар’еры – завадскі гоншчык Хонды Ксаві Віерге. Баўціста захаваў і камфортнае лідарства ў чэмпіянаце, дзе ў яго 112 ачкоў. Разгатліоглу і Лакатэлі захавалі другую і трэцюю пазіцыі адпаведна, у іх 75 і 70 балаў. Ducati са 117-цю ачкамі лідзіруе ў заліку вытворцаў, Yamaha займае другую пазіцыю, маючы 91 бал, Kawasaki, у якой 51 ачко, замыкае першую тройку.

Наперадзе ва ўдзельнікаў сусветнага Супербайка болей чым месячны перарыў. Чэмпіянат працягнецца ў нідэрландскім Асэне 21-23 красавіка.

Іншыя пасты блога

Усе пасты