Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Падзей многа, толку мала. Не такія ўжо і нечаканыя высновы пасля Гран Пры Аўстраліі

Падзей многа, толку мала. Не такія ўжо і нечаканыя высновы пасля Гран Пры Аўстраліі

3 красавіка 2023, 15:40
Падзей многа, толку мала. Не такія ўжо і нечаканыя высновы пасля Гран Пры Аўстраліі

Фота: formula1.com

Я не буду сцвярджаць, што гонка на Альберт-Парку была нецікавай, бо гэта няпраўда. Аднак падзей, якія б істотна паўплывалі на становішча ў чэмпіянаце, у Мельбурне не адбылося. Ну, акрамя перамогі Макса Ферстапена.

Галоўная падзея, якой зараз чакае ўвесь свет – гэта контрнаступленне Узброеных сіл Украіны. Мы не ведаем дакладна, калі яно пачнецца, але яно стане важным этапам у справе вызвалення не толькі самой Украіны, але і шматпакутнай Беларусі, бо акупант у нас з нашымі суседзямі адзіны. Яго параза прынясе мір і спакой як мінімум усёй Еўропе, і мы зычым поспеху ўкраінскім ваярам. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Аматары Формулы 1 чакаюць яшчэ і напружанай барацьбы за перамогу ў чэмпіянаце, але тут пакуль што ўсё глуха, і Гран Пры Аўстраліі ўчора выразна гэта прадэманстраваў. Гонка тры разы спынялася чырвонымі сцягамі, але праз прыгоды тых, хто на тытул не прэтэндуе. Хаця, варта прызнаць, пачалася яна цікава – на старце Ферстапена, які заваяваў напярэдадні поўл, абагналі пілоты Mercedes Джордж Расэл і Льюіс Хэмілтан.

Маладзейшы з брытанцаў захапіў лідарства, і, здавалася, вось ён зараз ізноў прынясе першую і, верагодна, ужо не адзіную ў сезоне перамогу Срэбраным Стрэлам. Аўтамабіль бяспекі, які стаў следствам вылету з трасы пілота Ferrari Шарля Леклера на першым жа кругу, да якога прывёў кантакт з канадцам з Aston Martin Лэнсам Стролам, пераможцу мінулагодняга Гран Пры Сан-Паўлу не перашкодзіў. А вось першыя чырвоныя сцягі праз аварыю пілота Williams Алекса Албана на восьмым кругу, пасля якой трэба было прыбраць гравій і паправіць бар’ер, пазбавілі Джорджа шанцаў на высокае месца на фінішы.

Дарэчы, асабіста мне вельмі шкада было і Албана, які ў суботу і кваліфікаваўся выдатна – восьмым, а на момант сваёй непрыемнасці ішоў шостым. У мінулым славуты брытанскі калектыў заслугоўвае поспеху, і Алекс у стане быў яго дасягнуць. Супакоіцца можна хіба што тым, што хуткасць у яго, відавочна, ёсць. Тая ж яго аварыя прывяла спачатку да яшчэ аднаго аўтамабіля бяспекі, пад якім у Mercedes вырашылі правесці піт-стоп Расэла, у выніку чаго Джордж адкаціўся на сёмую пазіцыю. Гэта не было б страшна, калі б потым не з’явіліся чырвоныя сцягі, якія дазволілі ўсім астатнім пераабуцца без страт.

Таму, магчыма, сход з дыстанцыі на васямнаццатым кругу, да якога брытанец паспеў прарвацца на чацвёртую пазіцыю, ужо не быў для яго такім крыўдным. Гэты інцыдэнт прывёў толькі да віртуальнага аўтамабіля бяспекі – гоншчык, з задняй часткі машыны якога на галоўнай прамой вырывалася полымя, здолеў даехаць да выезду з піт-лэйну і бяспечна прыпаркавацца там. Але наперадзе была яшчэ значная частка гонкі.

Пераможца, зрэшты, вызначыўся яшчэ на трынаццатым кругу, калі Ферстапен абагнаў Хэмілтана. Двухразовы і дзейсны чэмпіён неўзабаве пачаў ад’язджаць ад сяміразовага, і стрымаць пілота Red Bull маглі толькі грубыя памылкі з яго боку. Без такіх абышлося, хаця невялікую памарку нідэрландзец на сорак восьмым кругу ўсё ж дапусціў, выехаўшы на траву паміж перадапошнім і апошнім паваротамі.

Вось пілоту Haas Кэвіну Магнусэну на пяцьдзесят чацвёртым кругу на выхадзе з другога павароту не пашанцавала па-буйному – датчанін прыклаўся правым заднім колам аб бар’ер і пашкодзіў падвеску свайго баліда. Ліквідацыя наступстваў гэтай аварыі запатрабавала спынення гонкі кругам пазней. Кругоў тых пасля гэтага заставалася толькі тры, адзін з якіх пілоты ўсё роўна мелі праехаць за Бэрндам Майландэрам. Аднак і двухкругавы суперспрынт, перад якім усе пераабуліся ў Soft павінен быў стаць гарачым. Такім ён і стаў, толькі працягваўся літаральна пару паваротаў.

Прыгоды пачаліся ў першай жа звязцы, дзе трасу не падзялілі два іспанцы – Карлас Сайнс з Ferrari і двухразовы чэмпіён і герой Гран Пры Бахрэйна і Саудаўскай Аравіі Фернанда Алонса. Першы паддзеў другога, у выніку чаго другога развярнула, і ён адкаціўся з трэцяй пазіцыі назад. За гэта Карлас потым атрымаў пяцісекундны штраф, што пазбавіла яго чацвёртага месца і адкінула на дванаццатае.

Горача было і ў хвасце пелатону, дзе пілот Williams Логан Сарджэнт уехаў ззаду ў машыну канкурэнта з AlphaTauri Ніка дэ Фрыса, але яшчэ гарачэй было на выхадзе з другога павароту, дзе сутыкнуліся напарнікі па Alpine Эстэбан Акон і П’ер Гаслі. На шчасце абодвух (асабліва П’ера, у якога крытычная колькасць штрафных балаў) суддзі прызналі гэты інцыдэнт гоначным і нікога караць не сталі.

Аднак чырвоныя сцягі з’явіліся ізноў, і лагічным крокам, на маю думку, было б на гэтым гонку і скончыць, залічыўшы яе вынікі па пяцьдзесят пятым кругу. Бо сэнсу ў яшчэ адным рэстарце для адзінага круга для дванаццаці гоншчыкаў, што засталіся ў ладзе, за аўтамабілем бяспекі не было (ізноў жа, на маю думку). Хаця перад гэтым сцюарды даволі разумна вярнулі тых пілотаў, якія не выбылі, на іх пазіцыі на момант папярэдняга рэстарту, таму Алонса ўсё ж падняўся на подыум у трэці раз запар. Хэмілтан заняў другое месца, а Ферстапен упершыню ў сваёй кар’еры узабраўся на вяршыню подыуму ў Мельбурне. Гэтая перамога стала для яго трыццаць сёмай.

Увагі заслугоўвае і напарнік Макса Серхіа Перэс, якому не пашанцавала ў кваліфікацыі. Яна скончылася для мексіканца ўжо ў першым сегменце, калі ён (быццам бы праз праблемы з тармазамі, што перашкаджалі яму ўвесь уік-энд) вылецеў з трасы. Гонку Чэка пачынаў з піт-лэйну, бо ў камандзе вырашылі замяніць на яго аўтамабілі і некаторыя элементы сілавой устаноўкі. Аднак ён здолеў прарвацца на пятае месца, ды яшчэ і бонусны бал за лепшы круг прыхапіў.

Перэс заслужана быў прызнаны балельшчыкамі Гоншчыкам дня і захаваў другую пазіцыю ў чэмпіянаце. Праўда, ад Ферстапена яго аддзяляе ўжо не адно ачко, а пятнаццаць (у Макса іх 54). Ну а Алонса ў сваю чаргу з 45-цю баламі застаецца трэцім. Red Bull, маючы 123 ачкі, працягвае лідзіраваць у Кубку канструктараў, Aston Martin, у якога 65 балаў, другі, Mercedes замыкае першую тройку, у яго 56 ачкоў.

Наступным этапам гэтага сезона павінен быў стаць Гран Пры Кітая, але праз антыкаронавірусныя забабоны ў Паднябеснай яго адмянілі і вырашылі нічым не замяняць. Таму ўдзельнікі чэмпіянату свету атрымалі вясновыя канікулы, і ў наступны раз на трасу выйдуць у Баку ў канцы месяца. Гран Пры Азербайджана, які пройдзе 28-30 красавіка, будзе першым у гэтым сезоне ўік-эндам са спрынтам. Прычым для яго і для нядзельнай гонкі арганізатары пяршынства жадаюць правесці асобныя кваліфікацыі.

Толькі ў сітуацыі, калі ў чэмпіянаце ёсць яўны дамінатар, якія новыя фарматы ўік-эндаў ні ўводзь, больш цікавымі гонкі гэта не зробіць. Хэмілтан, разважаючы пра форму Ферстапена, адзначыў, што ніколі не бачыў машыны, настолькі хутчэйшай за ўсе астатнія (як ён мог не бачыць машыны, на якой сам выступаў з 2014 па прыкладна 2020 год, сяміразовы чэмпіён не ўдакладніў). Але такое новаўвядзенне камусьці можа падацца больш справядлівым. Як мінімум толку ад яго болей, чым ад свабоднай практыкі паміж кваліфікацыяй і спрынтам, падчас якой каманды не могуць нават мяняць налады балідаў.

Зрэшты, розныя цікавыя навіны са свету Формулы 1 у красавіку ўсё роўна будуць, і пра іх раскажа Тэлеграм-канал нашых партнёраў і сяброў «Формула перамогі». Ну а «Гоначная псіхапатыя» працягне распавядаць сваім чытачам пра іншыя гоначныя серыі, якія будуць праводзіць у гэты час свае этапы. Там будзе шмат цікавага, як у мінулы ўік-энд было на трасе Тэрмас дэ Рыа Онда, дзе чэмпіянат MotoGP правёў Гран Пры Аргенціны. Кантраст з Формулай 1 ацэнім заўтра.

Іншыя пасты блога

Усе пасты