Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Трыумф Марка Безэкі прынёс яму лідарства ў чэмпіянаце MotoGP. Гран Пры Аргенціны Формуле 1 на зайздрасць!

Трыумф Марка Безэкі прынёс яму лідарства ў чэмпіянаце MotoGP. Гран Пры Аргенціны Формуле 1 на зайздрасць!

4 красавіка 2023, 15:34
Трыумф Марка Безэкі прынёс яму лідарства ў чэмпіянаце MotoGP. Гран Пры Аргенціны Формуле 1 на зайздрасць!

Фота: motogp.com

Этапы Формулы 1 у Аўстраліі і MotoGP у Аргенціне быццам бы наўмысна прайшлі ў адзін уік-энд, каб адчуць кантраст паміж двума галоўнымі гоначнымі чэмпіянатамі. У першым выпадку ўсё скончылася чакана, а вось у другім былі сюрпрызы, галоўным з якіх стала перамога гоншчыка каманды Mooney VR46 Racing Team Марка Безэкі.

Усе сумленныя людзі на Зямлі чакаюць зусім іншага галоўнага сюрпрызу – перамогі Украіны над фашысцкай Расіяй. Толькі яна прынясе свету спакой, бо пашле ўсім дыктатарам важны сігнал, што агрэсіяй яны нічога не даб’юцца. Пры гэтым кепска будзе не толькі расійскаму, але і яго паслугачу, чыімі рукамі ён захапіў нашу зямлю, і ядзерная зброя іх не ўратуе. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Украіна і Расія зараз – кантрасныя дабрыня і зло. Формула 1 і MotoGP – гэта таксама кантраст, але зусім іншага роду. Тут ніхто ні на каго не нападае, ніхто нікога не акупіруе і не забівае. Гоншчыкі і каманды займаюцца выключна мірнымі справамі і высвятляюць, хто лепшы, на трасах. І тут у каралеўскіх мотагонак ёсць важная перавага перад аўтамабільнымі – ад гоншчыка тут залежыць значна болей, і Гран Пры Аргенціны, што прайшоў у мінулы ўік-энд на трасе Тэрмас дэ Рыа Онда, стаў яскравым сведчаннем таму.

Гэта было добра бачна і на папярэднім Гран Пры Партугаліі тыднем раней, які моцна прарэдзіў пелатон. У выніку аварый часова выбылі з барацьбы Пол Эспаргара, Энеа Басціаніні, а таксама Марк Маркес з Мігелем Алівейрай, якія сутыкнуліся на трасе па віне іспанца. Тут ужо перавага ёсць у Формулы 1, дзе амаль у кожнай каманды ёсць запасныя пілоты, у некаторых і не па аднаму. У MotoGP ж незаменныя ёсць, таму ў Аргенціне на старт выйшлі толькі сямнаццаць гоншчыкаў.

Аднак здзіўляць балельшчыкаў усё роўна было каму. У кваліфікацыі гэта зрабіў малодшы брат Марка Маркеса Алекс, які ў гэтым годзе выступае ў складзе Gresini Racing. Трасу ў суботу шчодра паліў дождж, які пачаўся і разам з першым кваліфікацыйным сегментам, але хутка скончыўся, і асфальт пачаў падсыхаць. Пад канец ужо другой часткі ён аказаўся дастаткова сухім, каб выкарыстаць слікі, што іспанец і зрабіў, заваяваўшы поўл.

Суботні спрынт праходзіў ужо на сухой трасе, хаця неба па-ранейшаму было зацягнута хмарамі. І ў такіх умовах бліснулі ўжо іншыя, напрыклад, гоншчык Red Bull KTM Factory Racing Брэд Біндэр, які на старце прарваўся з пятнаццатай пазіцыі на чацвёртую. Дый яго супернікі парадавалі.

Што я там у мінулы раз сказаў, што завадская Yamaha YZR-M1 не едзе? Ну, пад чэмпіёнам 2021 года Фабіа Куартарара не едзе сапраўды – француз ізноў кваліфікаваўся дзясятым, а спрынт скончыў дзявятым (нядзельную гонку – восьмым). Затое яго напарнік Франка Марбідэлі стартаваў чацвёртым, і ўжо ў першым павароце атакаваў Маркеса ў спрэчцы за першую пазіцыю. Тую атаку Алекс адбіў, але пазней па ходу першага круга ўсё ж саступіў італьянцу.

Біндэр тым часам працягваў свой прарыў, і за першыя тры кругі абагнаў усіх, хто быў наперадзе, захапіўшы лідарства. Яго пераследнікі трымаліся за ім шчыльнай групай і пастаянна мяняліся пазіцыямі. За другую спрачаліся Марбідэлі, а таксама абодва гоншчыкі Mooney VR46 Racing Team – Лука Марыні і Марка Безэкі, якія стартавалі сёмым і другім адпаведна. Марыні пры гэтым выглядаў крыху хутчэйшым за напарніка і за Франка, але напарнік абагнаў іх абодвух і хутка наблізіўся на адлегласць атакі да Біндэра.

Паўднёваафрыканец, аднак, утрымаў першую пазіцыю да самага фінішу, за што і атрымаў залаты медаль. Безэкі заняў другое месца, Марыні – трэцяе. Марбідэлі задаволіўся чацвёртым, а вось дзейсны чэмпіён Франчэска Баньяя, які кваліфікаваўся трэцім, у гоначных умовах не знайшоў тэмпу, каб утрымацца ў першай тройцы, і спрынт скончыў толькі шостым. Ведаў бы ён тады, што гэта ў яго была белая паласа…

У нядзелю асфальт Тэрмас дэ Рыа Онда ізноў намачыла, таму гонка афіцыйна была абвешчаная дажджавой, хоць у момант старту дажджу ўжо і не было. Безэкі пасля фінішу прызнаўся, што ніколі не быў моцным у такіх умовах, аднак лідарства на старце захапіў менавіта ён, і так, што не саступіў яго да самага фінішу нават часова.

Біндэру пры гэтым не пашанцавала – ён у самым пачатку заезду ў выніку кантакту з канкурэнтам з Aprilia Racing Маверыкам Віньялесам упаў і адкаціўся назад. У Баньяі ж, наадварот, тэмп для траплення на подыум быў. Гоншчык завадской Ducati Lenovo Team нават здолеў утрымацца ў першай тройцы на самым старце, і доўгі час вісеў на хвасце ў Маркеса, які напярэдадні фінішаваў толькі пятым. Але ў самым канцы сямнаццатага круга Пэка дапусціў крыўдную памылкі і таксама ўпаў. Гонку ён працягнуў, але пад самы яе канец толькі Біндэра і абагнаў, фінішаваўшы шаснаццатым і атрымаўшы нуль ачкоў.

Подыум, аднак, склаўся ізноў толькі з гоншчыкаў на Ducati, хай і не завадскіх. Гоншчык Prima Pramac Racing Жоан Зарко стартаваў шостым, але ўвесь час быў хуткім, а на апошніх кругах – ці не самым хуткім у пелатоне. За пяць кругоў да фінішу ён быў чацвёртым, за два з паловай абагнаў Марбідэлі ў спрэчцы за трэцяе месца, а на апошнім у пятым павароце пакінуў ззаду і Маркеса (у француза ўсё ж такі матацыкл гэтага года, а ў іспанца – мінулагодні).

Аднак і трэцім месцам Маркес быў задаволены, як і, натуральна, Зарко сваім другім. Ну а болей за ўсіх радаваўся, канечне, Безэкі, якому яго перамога і правал Баньяі прынеслі лідарства ў чэмпіянаце. Марка мае 50 ачкоў, на дзевяць апярэджваючы Франчэска, які цяпер другі. А на трэцюю пазіцыю выбраўся Зарко, у якога 35 балаў.

У камандным заліку лідар таксама новы – Mooney VR46 Racing Team, чые гоншчыкі разам зарабілі за два першыя этапы 65 ачкоў. Ducati Lenovo Team цяпер на другой пазіцыі з 57-мю баламі, Red Bull KTM Factory Racing – па-ранейшаму на трэцяй, у іх 47 ачкоў. Каб гэтак жа было ў Формуле 1…

Сезон MotoGP працягнецца 14-16 красавіка таксама ў Амерыцы, але ўжо ў Паўночнай, на Трасе Амерык у тэхаскім Осціне. Гран Пры менавіта што Амерык, а не адных ЗША, гэта і будзе.

Іншыя пасты блога

Усе пасты