Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Трэба больш кваліфікацый! І перамог Перэса (хаця б). Гран Пры Азербайджана парадаваў хіба што новым фарматам уік-энду

Трэба больш кваліфікацый! І перамог Перэса (хаця б). Гран Пры Азербайджана парадаваў хіба што новым фарматам уік-энду

Трэба больш кваліфікацый! І перамог Перэса (хаця б). Гран Пры Азербайджана парадаваў хіба што новым фарматам уік-энду

У Баку прайшоў першы ў гэтым сезоне этап Формулы 1 са спрынтам. Прайшоў ён у новым фармаце – за асобнымі кваліфікацыямі для самога спрынту і для галоўнай нядзельнай гонкі. Але новых герояў мы не пабачылі, хоця поспех Серхіа Перэса некага можа і натхніць.

Галоўнае натхненне, якога чакае кожны беларус – гэта наступ Узброеных сіл Украіны і вызваленне імі захопленых расійскімі фашыстамі тэрыторый. Гэта будзе добра найперш само па сабе, але яно наблізіць і вызваленне беларускай зямлі, што таксама важна. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Мясцовы калгасны фашызм амаль месяц таму ў чарговы раз дробна нагадзіў беларусам, забараніўшы ім глядзець па тэлевізары каналы Сетанта, якія трансліруюць у тым ліку Формулу 1. Вось і прыходзіцца цяпер мясцовым прыхільніка каралеўскіх аўтагонак успамінаць, як яны выкручваліся ў ранейшыя гады, каб не застацца без маленькай радасці. Ну, калі гэта даволі сумнае відовішча наогул можна назваць радасцю.

Калі ў чэмпіянаце свету ёсць яўны дамінатар (каманда або гоншчык), то як ты ні ўдасканальвай фармат уік-энду, толку будзе мала. Хаця фармат уік-эндаў са спрынтам усё ж трэба было ўдасканаліць, бо другая практыка, што ў мінулым годзе праводзілася па суботах перад кароткім заездам, не мела аніякага сэнсу. Падчас яе дзейнічаў рэжым закрытага парку, і мяняць налады машын каманды не маглі. Нават калі пятнічная кваліфікацыя была дажджавой, а ў суботу было суха (або наадварот).

Вось перад Гран Пры Азербайджана, на якім у гэтым сезоне прайшоў першы спрынт і які застанецца ў календары Формулы 1 да 2026 года, нарадзілася ідэя праводзіць замест другой практыкі адмысловую кваліфікацыю, якраз для спрынту (пятнічная пры гэтым вызначала б стартавую рашотку ў галоўнай гонцы ў нядзелю). Ідэя ўсім спадабалася і была зацверджаная за пару дзён да этапу на гарадской трасе ў Баку, і была на ёй паспяхова абкатаная.

І ў абедзвюх кваліфікацыях здарылася сенсацыя – выйграў іх пілот Ferrari Шарль Леклер. Суботнюю, якую назвалі Sprint Shootout, як і спрынт, зрабілі скарочанай: першы сегмент доўжыўся дванаццаць хвілін, другі – дзесяць, трэці – восем, пры гэтым у першых двух пілоты абавязаныя выкарыстоўваць па адным свежым камплекце шын Medium, у другім – па адным свежым «софце»). І ў канцы яе, што цікава, манэгаск разбіў сваю машыну, не ўпісаўшыся ў пяты паварот. Аднак і яго канкурэнты палепшыць свае часы не змаглі, у тым ліку Макс Ферстапен, які апынуўся на трэцяй пазіцыі, прапусціўшы наперад яшчэ і свайго напарніка Серхіа Перэса.

Аварыя Леклера здарылася на апошніх хвілінах гэтага новага шутаўта, і не расцягнула яго. А вось пятнічная кваліфікацыя доўжылася амаль паўтары гадзіны замест адной – першы сегмент двойчы спыняўся чырвонымі сцягамі. З трэцім паваротам не справіліся спачатку Нік дэ Фрыс, а потым П’ер Гаслі. Ферстапен непрыемнасцей пазбег і паказаў выніку крыху лепшы, чым днём пазней – другі. Перэс стаў трэцім, але гэта не перашкодзіла яму пацвердзіць званне караля вуліц у два наступныя дні.

Пачатак спрынту, аднак, даў пэўную прычыну для аптымізму – Леклер захаваў лідарства і на старце, і на рэстарце на шостым кругу, пасля перыяду аўтамабіля бяспекі, які выехаў на трасу трэцім кругу, каб маршалы маглі прыбраць абломкі ад машыны Юкі Цуноды, які, стукнуўшыся аб бар’ер, застаўся без задняй правай пакрышкі. Дзіўна, як у AlphaTauri не заўважылі, што падвеска на балідзе японца зламаная. Гоншчыка выпусцілі ізноў на трасу, але хутка стала зразумела, што далёка Юкі не з’едзе, і ён нарэшце запаркаваўся ў бокс. А каманда атрымала штаф у 5 000 еўра.

Пасля рэстарту ж Леклер утрымліваў першую пазіцыю ўсяго толькі да восьмага круга, на якім Перэс яго абагнаў. Ферстапена Шарль утрымаў ззаду, але было зразумела, што на поўнай дыстанцыі ў двухразовага і дзейснага чэмпіёна будзе перавага, тым больш што і стартаваў ён у нядзелю ўжо з другой пазіцыі.

Так і атрымалася, прычым сітуацыя на першых кругах была падобная на суботнюю – Леклер захаваў лідарства на старце, але ўжо на чацвёртым кругу прапусціў наперад Ферстапена. А на шостым – і Перэса. У такім жа парадку ўсе трое і фінішавалі б, калі б на адзінаццатым кругу з дэ Фрысам не здарылася другая непрыемнасць за ўік-энд – нідэрландзец з AlphaTauri зламаў пярэднюю падвеску аб бар’ер у пятым павароце і спыніўся перад шостым у кішэні бяспекі. Яго суайчынніку з Red Bul гэта было не на руку, бо ён ужо паспеў зрабіць піт-стоп, і цяпер нарваўся на машыну бяспекі.

Вось Перэсу гэтая сітуацыя дазволіла фактычна пераабуцца бясплатна, што мексіканец і зрабіў. За пэйс-карам Чэка, такім чынам, апынуўся першым, тады як Макс – толькі трэцім, па-за спінай у Леклера. Гэта праблемай для яго не стала, і на рэстарце ён нават без усялякай DRS апярэдзіў канкурэнта з Ferrari і стаў другім, аднак угнацца за напарнікам не здолеў, задаволіўшыся другім месцам. Шарль скончыў гонку трэцім, упершыню ў сезоне не пусціўшы на подыум яшчэ аднаго двухразовага чэмпіёна Фернанда Алонса. Іспанец з Aston Martin, зрэшты, усё роўна выступіў нядрэнна – стартаваўшы шостым, фінішаваў чацвёртым. Яшчэ і не скупіўся на карысныя парады свайму маладому напарніку Лэнсу Стролу, які прарваўся з дзявятага месца на сёмае.

Пэўны пазітыў аднак, калі весці гаворку пра чэмпіянат у цэлым, знайсці па выніках Гран Пры Азербайджана можна. Перэс – гэта яўна не Валтары Ботас 2.0, і ён не будзе лёгка прапускаць наперад напарніка, як гэта калісьці рабіў фін, калі працаваў у адным гаражы з сяміразовым чэмпіёнам Льюісам Хэмілтанам. Таму на ўнутрыкаманднае суперніцтва ў Red Bull мы можам разлічваць.

Ферстапен пасля этапу ў Баку захаваў лідарства, у яго 93 ачкі, але Перэс саступае яму ўсяго шэсць. Алонса застаўся трэцім, ён мае 60 ачкоў, Леклер жа з 28-мю баламі толькі шосты (хоць напарніка Хэмілтана па Mercedes Джорджа Расэла, у якога такая ж колькасць балаў, ён апярэдзіў). У Red Bull у Кубку канструктараў 180 ачкоў і першая пазіцыя, Aston Martin, у якога 87 ачкоў, другі, замыкае першую тройку, маючы 76 балаў, Mercedes.

Сезон Формулы 1 працягнецца ўжо на гэтым тыдні першым з трох запланаваных амерыканскіх этапаў – Гран Пры Маямі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты