Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Стратэгія вырашае. Дзякуючы ёй Макс Ферстапен выйграў Гран Пры Маямі пры не самых спрыяльных стартавых умовах

Стратэгія вырашае. Дзякуючы ёй Макс Ферстапен выйграў Гран Пры Маямі пры не самых спрыяльных стартавых умовах

Стратэгія вырашае. Дзякуючы ёй Макс Ферстапен выйграў Гран Пры Маямі пры не самых спрыяльных стартавых умовах

Фота: formula1.com

За сваю ўчарашнюю перамогу двухразовы і дзейсны чэмпіён Формулы 1 мусіць паставіць бутэльку якога-небудзь вельмі дарагога алкаголю галоўнаму стратэгу Red Bull Хане Шмітц. Канструктарскаму штабу каманды Макс, напэўна, ужо «праставіўся» раней. Лепшы ў пелатоне аўтамабіль і пісьменная стратэгія сталі складнікамі яго поспеху ў Маямі.

Складнікамі поспеху ўкраінскага народу ў яго барацьбе з расійска-фашысцкімі захопнікамі стане яго гераізм. Шчыра жадаю Узброеным сілам Украіны ўнесці карэктывы ў сцэнарый заўтрашняга параду на Чырвонай плошчы ў Маскве, дзе перамогу над аднымі фашыстамі будуць святкаваць іншыя. Але самай галоўнай мэтай з’яўляецца вызваленне ўкраінскай зямлі, якое наблізіць і вызваленне беларускай. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Сказаць штосьці такое ж натхняльнае пра чарговы трыумф Макса Ферстапена на Гран Пры Маямі атрымаецца наўрад ці. Адзін з самых таленавітых сучасных гоншчыкаў на аб’ектыўна лепшым аўтамабілі перамог бы, здаецца, і стартаваўшы з піт-лэйну. Нідэрландцу ж было значна лягчэй – ён учарашнюю гонку пачынаў з дзявятай пазіцыі. Як так здарылася, што не з поўлу або хаця б з першага шэрагу? За гэта мы мусім падзякаваць Шарлю Леклеру.

Той нязручны момант, калі кваліфікацыя была ці не цікавейшай за гонку. Да самага яе фіналу для Ферстапена ўік-энд складаўся добра – не стаў найхутчэйшым Макс толькі ў першай свабоднай практыцы ў пятніцу. Ва ўсіх астатніх сесіях да другога кваліфікацыйнага сегменту ўключна ён стабільна ўзначальваў пратаколы, а потым нешта пайшло не па плане. У фінальнай частцы чэмпіён не паказаў часу ў першай спробе, запароўшы яе, а другую яму запароў канкурэнт з Ferrari.

Леклер на апошніх хвілінах памыліўся ў сёмым павароце, урэзаўшыся ў бар’ер бяспекі. Жоўтыя сцягі амаль адразу змяніліся чырвонымі, працягваць кваліфікацыю сэнсу ўжо не было, і Ферстапен так і застаўся дзявятым (акрамя яго часу не паказаў яшчэ і пілот Alfa Romeo Валтары Ботас, Леклер кваліфікаваўся сёмым). Максу проста не пашанцавала, а вось яго напарніку Серхіа Перэсу Фартуна ўсміхнулася – мексіканец заваяваў поўл.

На апісанне галоўных падзей гонкі хапіла б і аднаго абзаца. Вырашальнай стала стратэгія, і тут можна выказаць здагадку, што ў Red Bull ад пачатку паставілі на Ферстапена – ён стартаваў на шынах Hard (з «сярэдняй» тройкі кампаўндаў C2,C3 і C4), а Перэс – на Medium. Адпаведна, Чэка адправіўся на піт-стоп раней, на дваццаць першым кругу, пераабуўшыся на ім у Hard і саступіўшы лідарства… Ферстапену, вядома.

Макс ужо на пятнаццатым кругу пакінуў ззаду яшчэ аднаго двухразовага чэмпіёна Фернанда Алонса, які на старце дзяліў першы шэраг з Перэсам. Яго Aston Martin AMR23 на сёння можна прызнаць другой па хуткасці машынай у чэмпіянаце, але розніца паміж ім і Red Bull RB19 усё ж такі занадта вялікая. Нават на «медыуме» іспанец не знайшоў што супрацьпаставіць Ферстапену на «хардзе» і прапусціў таго практычна без барацьбы.

Жорсткія шыны дазволілі Максу ўтрымліваць першую пазіцыю да сорак шостага круга, на якім нідэрландзец нарэшце наведаў боксы, атрымаўшы там свежую гуму сярэдняй жорсткасці. На трасу ён вярнуўся акурат за Перэсам, які ўжо шмат кругоў правёў на болей жорсткіх шынах, і ўсяго праз круг абагнаў напарніка і спакойна давёў справу да трыццаць восьмай у кар’еры перамогі. Перэс заняў другое месца, Алонса ізноў падняўся на ніжнюю ступень подыуму.

Адарваўся Макс ад Серхіа і ў чэмпіянаце, у якім ён мае 119 ачкоў супраць 105-ці ў мексіканца. Алонса ўпэўнена ўтрымлівае трэцюю пазіцыю, маючы 75 ачкоў. У Льюіса Хэмілтана, які бліжэйшы да яго знізу (ў Маямі сяміразовы чэмпіён з Mercedes фінішаваў шостым), толькі 56 балаў. А вось у Кубку канструктараў Mercedes, набліжаецца да Aston Martin, займаючы трэцюю пазіцыю з 96-цю ачкамі і саступаючы шэсць канкурэнту з Сільверстоўна. Red Bull далёка наперадзе – у яго ўжо 224 балы.

Карацей, інтрыгай пакуль што ёсць толькі ўнытрыкаманднае суперніцтва ў калектыве з Мілтан-Кінса. Дый назірання за ім нас, як паказалі падзеі ў Маямі, могуць пазбавіць. Наступнай вулічнай трасай, дзе, па статыстыцы, можа бліснуць Перэс, будзе Манака, куды, дарэчы, у мінулыя выхадныя наведалася Формула Е. Але Формула 1 туды дабярэцца толькі ў апошні майскі ўік-энд. Наступным жа этапам стане Гран Пры Эміліі-Раманьі, які пройдзе 19-21 мая.

Іншыя пасты блога

Усе пасты