Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Нястрымныя Лангенфельдэр і Херлінгс. Немец і нідэрландзец сталі галоўнымі героямі мотакросавага Гран Пры Іспаніі

Нястрымныя Лангенфельдэр і Херлінгс. Немец і нідэрландзец сталі галоўнымі героямі мотакросавага Гран Пры Іспаніі

Нястрымныя Лангенфельдэр і Херлінгс. Немец і нідэрландзец сталі галоўнымі героямі мотакросавага Гран Пры Іспаніі

Фота: mxgp.com

Этап чэмпіянату свету па мотакросе ў Мадрыдзе павінен быў стаць звышпаспяховым для мясцовых зорак, як для Хорхе Прада, які лідзіруе ў турнірнай табліцы ў катэгорыі MXGP. Аднак і ён, і лідар MX2 Яга Гіртс апынуліся толькі на другіх ролях.

Першую ролю ў сусветнай гісторыі на сённяшні дзень граюць Узброеныя сілы Украіны, якія мужна супрацьстаяць навале расійска-фашысцкіх захопнікаў. Іх поспех наблізіць вызваленне ўсіх, да каго недаразбураная расійская імперыя дацягнулася са сваёю любоўю старэйшага брата. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Гонкі па небяспецы ні ідуць ні ў якое параўнанне з вайной, але і яны часам забіраюць жыцці, і ў гэтым годзе мы ўжо засталіся без ірландскага раліста Крэйга Брына. У мотакросе нярэдкія сур’ёзныя траўмы, і той жа Джэфры Херлінгс, выйграўшы тытул у MXGP у 2021 годзе вымушаны быў прапусціць сезон 2022-га, каб падлячыцца. Дзейсныя чэмпіёны Цім Гайсэр і Том Віаль робяць гэта і зараз, а цяпер у іх з’явілася кампанія.

Для ўдзельнікаў катэгорыі MX2 сусветнага пяршынства, зрэшты, іспанскі этап прайшоў адносна спакойна і без страт. Лідар чэмпіянату з Monster Energy Yamaha Factory MX2 Team Яга Гіртс пачаў яго нават нядрэнна, атрымаўшы перамогу ў кваліфікацыйным заездзе ў суботу. Але замацаваць поспех у нядзельных гонках бельгійцу ўдалася толькі часткова.

Першую хол-шотам пачаў яго напарнік Цібольт Беністан, але і яго ўжо на другім кругу апярэдзіў канкурэнт з Red Bull GasGas Factory Racing Сімон Лангенфельдэр, які яўна найбольш удала падабраў ключы да мадрыдскай трасы. І пакуль немец адрываўся ад пераследнікам, ім хіба што за другую пазіцыю спрачацца і заставалася.

На першых кругах апроч Беністана на яе прэтэндаваў таксама Гіртс і нідэрландскі гоншчык Nestaan Husqvarna Factory Racing Кай дэ Вольф. Спачатку ён абагнаў француза на пятым кругу, а на шостым Яга выбіў яго з першай тройкі. Часткова Цібольт, аднак, пазней рэабілітаваўся, абагнаўшы ўжо дэ Вольфа, якога хутка пасля яго абышоў Гіртс.

У другой гонцы Лангенфельдэр узяў быка за рогі на самым старце, захапіўшы лідарства ў першым жа павароце. Угнацца за Сімонам не мог ніхто, і Гіртс, напрыклад, апынуўшыся адразу на другой пазіцыі адразу пасля старту і захаваўшы яе да фінішу, саступіў немцу амаль пятнаццаць з паловай секунд. Суцешыцца Яга мог хіба што тым, што канкурэнта з Red Bull KTM Factory Racing Андрэа Адама, які ўпэўнена фінішаваў трэцім, ён апярэдзіў на адзінаццаць секунд.

Першая тройка па выніках другой гонкі, дарэчы, супала з першай тройкай па выніках усяго Гран Пры Іспаніі. Што дазволіла Гіртсу ўсё ж такі замацавацца на лідарскай пазіцыі ў чэмпіянаце. Ён мае 319 ачкоў супраць 271-го ў Адама, які застаецца другім. З 263-ма баламі трэцюю пазіцыю захоўвае дэ Вольф. Лангенфельдэр пасля іспанскага этапу быў чацвёртым, але пакуль што невядома, ці выйдзе ён на старт наступнага Гран Пры, бо на трэніроўцы ў аўторак немец пашкодзіў руку.

Жадаем яму хутчэй ачуняць і падняць вышэй брэнд GasGas у заліку вытворцаў, дзе ён зараз чацвёрты. Першую тройку па-ранейшаму замыкае KTM, які з 273-ма ачкамі на чатыры адстае ад Хускварны. Лідзіруе Yamaha, у якой 334 балы.

Не пазбеглі непрыемнасцей, але якраз падчас уік-энду ў Мадрыдзе, некаторыя фаварыты старэйшай катэгорыі MXGP. Толькі да першага павароту ў кваліфікацыйным заездзе і дабраліся Рамэн Фэвр з Kawasaki Racing Team, Брэнт ван Донінк з JM Honda Racing і абодва гоншчыкі KTM Kosak Team Том Кох і Сімеа Убах.

Гонка амаль адразу была прыпыненая чырвонымі сцягамі, а на яе рэстарт Фэвр ужо не выйшаў. Суайчыннік Рамэна з Monster Energy Yamaha Factory MXGP Team Максім Рэно непрыемнасцей у першым павароце пазбег, але моцна пашкодзіў нагу потым па ходзе адноўленай гонкі. Наколькі хутка ён і Фэвр вернуцца ў лад, пакуль што сказаць цяжка.

Перамог у кваліфікацыі на радасць балельшчыкам на трыбунах лідар чэмпіянату Хорхе Прада. Добра завадскі гоншчык GasGas выступіў і ў нядзелю, але Джэфры Херлінгс выступіў яшчэ лепей. Хаця яму прыйшлося зноў спраўджваць свой тытул Кулі. Аўтарам хол-шоту ў першай гонцы стаў прадстаўнік завадской Ямахі Джэрэмі Сівер, які ўтрымліваў першую пазіцыю да пятага круга.

Толькі на шостым швейцарац саступіў лідарства канкурэнту з завадскога калектыва GasGas Маціа Гуаданьіні. Некаторы час Джэрэмі стрымліваў Херлінгса, які да гэтага пакінуў ззаду Прада, але нідэрландца якраз было не стрымаць. Абышоўшы Сівера, ён накіраваўся за Гуаданьіні і абагнаў яго на дванаццатым кругу. Пазней Маціа саступіў і свайму партнёру па камандзе Прада, задаволіўшыся трэцяй пазіцыяй.

Хол-шот у другім заездзе дастаўся ізноў Сіверу, але яго хутка, ізноў жа на радасць мясцовым фанатам, абагнаў іспанец з завадской Хонды Рубэн Фернандэс, а потым і Гуаданьіні. Ну а крыху ззаду ізноў накочваў Херлінгс, які на шостым кругу абагнаў Сівера, а яшчэ праз пару кругоў – і Гуаданьіні з Фернандэсам, прычым абодвух разам. Першым завадскі гоншчык KTM і фінішаваў, атрымаўшы заадно сто другую перамогу ў Гран Пры. Такім чынам, Херлінгс пабіў рэкорд легендарнага Стэфана Эвертса.

Другое месца па выніках іспанскага Гран Пры заняў Гуаданьіні, Фернандэс замкнуў першую тройку. Прада стаў толькі чацвёртым, але пакуль што захаваў чырвоную таблічку лідара чэмпіянату. Іспанец мае 294 ачкі, на шэсць апярэджваючы Херлінгса. Фернандэс, у якога 224 балы, падняўся на трэцюю пазіцыю. GasGas захапіў лідарства ў заліку вытворцаў, але з 300-мі баламі ўсяго на чатыры апярэджвае Ямаху, якая цяпер другая, і на восем роднасны KTM, які захоўвае трэцюю пазіцыю.

Наступным этапам MXGP стане Гран Пры Францыі, які пройдзе 19-21 мая ў Вілар-Су-Эко.

Іншыя пасты блога

Усе пасты