Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Юбілейная драма. Гран Пры Францыі дзейснаму чэмпіёну MotoGP Франчэска Баньяі не дастаўся

Юбілейная драма. Гран Пры Францыі дзейснаму чэмпіёну MotoGP Франчэска Баньяі не дастаўся

Юбілейная драма. Гран Пры Францыі дзейснаму чэмпіёну MotoGP Франчэска Баньяі не дастаўся

Фота: motogp.com

Вы, напэўна, будзеце смяяцца, але ён ізноў упаў! Хоць, насамрэч, смяяцца тут няма над чым, бо ў гравіі гонку юбілейнага тысячнага Гран Пры чэмпіянату свету італьянец з завадской каманды Ducati скончыў у выніку вельмі непрыемнага сутыкнення з канкурэнтам з завадской Апрыліі Маверыкам Віньялесам. На шчасце, іх аварыя была не адзінай цікавай падзеяй французскага этапу.

Увесь свет разам з беларусамі сёння зычыць поспеху Узброеным сілам Украіны ў вызваленні сваёй зямлі ад расійска-фашысцкіх захопнікаў, а беларусы – яшчэ і вызвалення сваёй зямлі ад калгаснага дыктатара. Вызваленне гэта ў хуткім часе можа зладзіць ён сам, чым моцна дапаможа адразу двум народам. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Верыць у перамогу і дзейсны чэмпіён MotoGP Франчэска Баньяя, але атрымаць яе такімі тэмпамі будзе складана. На некаторых папярэдніх этапах Пэка сам ускладніў сабе жыццё ўласнымі памылкамі і сходамі з дыстанцыі. Не дабраўся ён і да фінішу Гран Пры Францыі – тысячным у гісторыі чэмпіянату свету этапе, што праходзіў на трасе Бугаці ў Ле Мане ў мінулыя выхадныя.

Пачаў Франчэска пры гэтым за здароўе, выйграўшы кваліфікацыю ў суботу і добра стартаваўшы ў спрынце ў той жа дзень. Італьянец з Ducati Lenovo Team утрымліваў першую пазіцыю на першых кругах, але саступіў яе канкурэнту з Prima Pramac Racing Хорхе Марціну. Іспанец да гэтага ўжо паспеў пакінуць ззаду гоншчыка Red Bull KTM Factory Racing Джэка Мілера, які на старце прарваўся быў з чацвёртай пазіцыі на другую. Верагодна, аўстраліец і паспрачаўся бы за перамогу нават, але ўпаў і сышоў з дыстанцыі хутка пасля таго, як саступіў Марціну.

Баньяі ж, калі ён апынуўся за спінай у Хорхе, прыйшлося адбівацца ад яшчэ аднаго іспанца – гоншчыка Repsol Honda Team Марка Маркеса. Шасціразовы чэмпіён прэм’ер-катэгорыі нарэшце вярнуўся ў лад пасля аварыі на першым этапе ў Партугаліі, дзе ён выбіў яшчэ і Мігеля Алівейру. І паехаў Марк вельмі хутка, хаця і не хутчэй за ўсіх. А вось напарнік Мілера Брэд Біндэр у спрынце якраз быў адным з самых хуткіх, і, дачакаўшыся зручнага моманту, у шыкане Dunlop абагнаў і Маркеса, і Баньяю.

Дагнаць Марціна паўднёваафрыканец не паспеў, задаволіўшыся другім месцам. Баньяя фінішаваў трэцім, а Маркес прапусціў яшчэ і прадстаўніка Mooney VR46 Racing Team Луку Марыні. Зналі б Пэка і Марк, што ім рыхтавала нядзеля…

Для Маркеса, зрэшты, нядзельная гонка пачалася вельмі нядрэнна – стартаваўшы другім, ён захапіў лідарства, тады як Баньяя адкаціўся на пятую пазіцыю. Адну італьянец, аднак, амаль адразу адыграў, абагнаўшы Марціна, але ззаду імкліва накочваў Маверык Віньялес. Гоншчыку Aprilia Racing на пятым кругу ўдалася прарвацца на трэцюю пазіцыю, але контратака з боку Баньяі прывяла да кантакту з Топ Ганам, які ў выніку страціў кантроль над сваім байкам. Паўторны кантакт паміж іспанцам і італьянцам прывёў да падзення абодвух.

Эмоцыі ў абодвух гоншчыкаў ў той момант білі праз край, і самі яны былі гатовыя біць адзін аднаго. Маршалы, якія падбеглі да месца здарэння, неяк іх разнялі і нават усадзілі на адзін скутэр, на якім адвезлі да боксаў. Ну а там ужо Франчэска і Маверык нават паціснулі рукі адзін аднаму. Будзем спадзявацца, канфлікт паміж імі вычарпаны.

Амаль адразу пасля іх аварыі, дарэчы, здарылася яшчэ адна, ці не болей жудасная. На выхадзе са згаданай вышэй шыканы Dunlop упаў Лука Марыні, у якога ззаду ўляцеў брат Марка Маркеса Алекс, які выступае за Gresini Racing. Абодва паваліліся практычна пад колы іншых удзельнікаў гонкі, і толькі цудам не здарылася трагедыі. Цікава, што тры пазіцыі на старце наступнага Гран Пры малодшы Маркес страціць не за гэты інцыдэнт, а за тое, што на першым кругу выціснуў з трасы Біндэра.

У групе лідараў падзеі складваліся меней драматычна, але і тут было на што паглядзець. Спачатку Мілер абагнаў Маркеса і захапіў лідарства, потым напарнік Марыні Марка Безэкі, які рухаўся следам, атакаваў шасціразовага чэмпіёна і выціснуў яго з трасы, за што суддзі загадалі яму прапусціць бліжэйшага канкурэнта, якім на той момант быў Марцін. Аднак былы лідар чэмпіянату нядоўга быў ззаду ў іспанца, і хутка абагнаў яго, захапіўшы пры гэтым лідарства, бо тэмп Мілера ўпаў і ён пачаў адкочвацца назад (пазней Джэк ізноў упаў і сышоў з дыстанцыі).

Безэкі неўзабаве пачаў адрывацца ад пераследнікаў, якія былі занятыя найперш адзін адным. Гаворка тут у першую чаргу ідзе пра Марціна і Маркеса, якія спрачаліся за другую пазіцыю. Гоншчык Хонды, калі яго раней груба атакаваў Безэкі, адкаціўся на чацвёртую пазіцыю, але потым апынуўся перад Марцінам. Хорхе доўгі час ціснуў на свайго тытулаванага суайчынніка, але паспяховую атаку правёў толькі за шэсць кругоў да фінішу. І практычна адразу пасля таго, як Марцін яго абагнаў, Марк таксама ўпаў і датэрмінова завяршыў заезд у гравіі.

Падзенняў па ходу гонкі ў Ле Мане, дарэчы, было шмат. Да фінішу дабраліся толькі трынаццаць гоншчыкаў з дваццаці, якія стартавалі. Апошнім фінішаваў прадстаўнік GasGas Factory Racing Tech3 Йонас Фольгер, а вось яго часовы напарнік Аўгуста Фернандэс заняў чацвёртае месца – выдатны вынік! На ніжнюю ж ступень подыуму, на радасць балельшчыкам на трыбунах, падняўся французскі напарнік Марціна Жоан Зарко.

Іншы француз Фабіа Куартарара працягвае мучыцца з новым завадскім матацыклам Yamaha YZR-M1. У асноўным сходы супернікаў дазволілі яму ў нядзелю фінішаваць сёмым (стартаваў чэмпіён 2021 года трынаццатым), а ў суботнім спрынце Эль Д’ябла наогул упаў і сышоў з дыстанцыі. На яго фоне ўсё не так ужо і дрэнна ў яго напарніка па Monster Energy Yamaha MotoGP Франка Марбідэлі – італьянец фінішаваў трынаццатым у суботу і дзясятым у нядзелю.

Перамога ж Безэкі разам з чарговым «абаранкам» у Баньяі ажывіла інтрыгу ў чэмпіянаце. Пэка лідарства захаваў, але з 94-ма ачкамі ён цяпер усяго на адно апярэджвае Марка. Біндэр захаваў трэцюю пазіцыю, у яго 81 бал, толькі на адзін болей, чым у Марціна. Mooney VR46 Racing Team, лідзіруючы ў камандным заліку, таксама толькі на адзін бал апярэджвае Prima Pramac Racing – 147 ачкоў супраць 146-ці. Red Bull KTM Factory Racing цяпер замыкае першую тройку і мае 130 балаў.

Сезон MotoGP працягнецца 9-11 чэрвеня Вялікім прызам Італіі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты