Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/З пятай спробы. Толькі на Ралі Партугалія дзейсны чэмпіён WRC Кале Раванпэра адкрыў лік перамогам у сезоне 2023 года

З пятай спробы. Толькі на Ралі Партугалія дзейсны чэмпіён WRC Кале Раванпэра адкрыў лік перамогам у сезоне 2023 года

З пятай спробы. Толькі на Ралі Партугалія дзейсны чэмпіён WRC Кале Раванпэра адкрыў лік перамогам у сезоне 2023 года

Фота: wrc.com

На чатырох папярэдніх этапах чэмпіянату свету па ралі маладому фіну ўвесь час чагосьці не хапала. А вось у Партугаліі ён нарэшце ўзяў быка за рогі і перамог з зайздроснай перавагай.

Мінулай ноччу нам ізноў нагадалі, што ва Украіне ідзе вайна. Расійскія фашысты ізноў абстралялі ракетамі Кіеў, але на гэты раз не мелі поспеху. Прафесіяналізм байцоў украінскай супрацьпаветранай абароны і дапамога ад саюзнікаў уратавалі шмат жыццяў. Яны стануць складнікамі перамогі і вызвалення ад акупантаў не толькі Украіны, але і Беларусі, у чым хутка можа моцна дапамагчы апанаваўшы апошнюю калгасны дыктатар. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

У распараджэнні гоншчыкаў зброі няма, а ёсць самыя хуткія ў свеце машыны на двух або чатырох колах. Толькі не ўсім і не заўсёды гэта дапамагае дабівацца поспеху, нават чэмпіёнам свету па ралі, як Кале Раванпэра. Пры гэтым яго калегі па завадской камандзе Toyota Себасцьен Аж’е і Элфін Эванс у гэтым годзе ўжо ўзбіраліся на вяршыні подыумаў, і француз нават зрабіў гэта двойчы – у Монтэ-Карла і Мексіцы.

Доўгі час чэмпіянат узначальваў якраз васьміразовы ўладальнік кароны WRC. Валіец, атрымаўшы перамогу на папярэднім Ралі Харватыя, зраўняўся з Аж’е па ачках, але застаўся другім. Ну а ў Партугаліі роўных сабе не ведаў ужо чэмпіён дзейсны, тады як Эвансу не пашанцавала.

Спачатку толькі з хуткасцю – усю першую палову пятніцы Элфін правёў на пазіцыях ад пятай і ніжэй. Што, зрэшты, не дзіўна, бо як лідар чэмпіянату ён быў першым у канале і чысціў дарогі сваім канкурэнтам. У выніку працы бульдозерам пасля шостага спецучастка, калі ўжо лідзіраваў Раванпэра, Эванс саступаў яму болей за сорак шэсць з паловай секунд. А на сёмым ён наогул патрапіў у аварыю і склаў зброю датэрмінова.

У групе лідараў у той жа час у самым пачатку Ралі Партугалія было шчыльна. Першую пазіцыю спачатку захапіў быў малады французскі гоншчык каманды M-Sport Ford П’ер-Луі Любэ, потым на ёй апынуўся яго партнёр па камандзе От Цянак, які ў сваю чаргу на кароткі момант перадаў лідарства трэцяму гоншчыку Hyundai Дані Сорда. Саступіў, дарэчы, праз пракол, які адкінуў яго на сёмую пазіцыю. Не пашанцавала і Любэ – у яго машына ледзь не загарэлася на трэцім спецучастку, праз што экіпаж таксама адкаціўся ў сярэдзіну першай дзясяткі.

У Сорда праблем не было, але хуткасці яму хапала толькі для ўтрымання другой пазіцыі. Раванпэра, які раніцай скардзіўся на недастатковую паварочвальнасць, на сэрвіс-парку скарэктаваў налады свайго GR Yaris Rally1 і на пятым спецучастку выйшаў у лідары. На гэтым аповед пра партугальскае ралі можна было б і скончыць, бо астатнія два дні Кале ўпэўнена кантраляваў сітуацыю, і па выніках суботы Сорда, які заставаўся другім, саступаў яму без некалькіх секунд хвіліну.

На два астатніх месцы на подыуме прэтэндавалі тры гоншчыкі Hyundai: сам Дані, Цьеры Нэвіль і Эсапека Лапі. Рэальная барацьба, праўда, ішла ў асноўным паміж бельгійцам і фінам, якія некалькі разоў мяняліся пазіцыямі. Трэцім па выніках суботы быў Нэвіль, але ў нядзелю на яго i20 N Rally1 зламаўся турбакампрэсар, у выніку чаго ён адкаціўся на пятую пазіцыю, прапусціўшы яшчэ і Цянака.

Ну а Раванпэра пасля сваёй доўгачаканай перамогі вырваўся і ў лідары чэмпіянату, у якім ён мае 98 ачкоў (пяць бонусных Кале ўзяў за лепшы час на фінальным партугальскім суперспэшле). Цянак падняўся на другую пазіцыю, у яго 81 бал. Аж’е апусціўся на трэці радок, у яго з Эвансам па-ранейшаму 69 ачкоў. Toyota з 201-м балам першая ў заліку вытворцаў, Hyundai мае 169 ачкоў і займае другую пазіцыю, M-Sport Ford, у якога 134 балы, трэці.

Дзе ў Партугаліі драмы было хоць адбаўляй, дык гэта ў катэгорыі WRC2, прычым нарадзілася гэтая драма ў апошні спаборніцкі дзень. Па выніках суботы Олівер Сольберг упэўнена ішоў да перамогі, маючы 35,4 секунды запасу перад брытанскім канкурэнтам Гасам Грынсмітам. Але раніцай у нядзелю швед адхапіў хвілінны штраф за тое, што пасля фінішу апошняга з суботніх допаў пачаў круціць пончыкі на трасе.

У выніку лідарам у класе стаў Грынсміт (як і Сольберг, ён выступае на Škoda Fabia RS), чыя перавага перад шведам, які перамясціўся на другую пазіцыю, складала 24,6 секунды. Але для яго нядзеля лёгкім шпацырам не стала, бо на сямнаццатым спецучастку вакол горада Фафэ на знакамітым трампліне Педра Сентада Гас пашкодзіў пярэдні бампер сваёй машыны, ды яшчэ і зламаў яе ўзмацняльнік стырнавога кіравання. Сольберг пачаў хутка адыгрывацца і адгрызаць перавагу ў канкурэнта, але апярэдзіць яго не здолеў, застаўшыся ў 1,2 секунды ззаду і на другой пазіцыі. Трэцяе месца заняў нарвежац Андрэас Мікельсэн, які таксама выступае на Шкодзе.

Наступным этапам чэмпіянату свету стане Ралі Сардынія, якое пройдзе 1-4 чэрвеня.

Іншыя пасты блога

Усе пасты