Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/І дождж не дапамог. Гран Пры Манака абышоўся без сенсацый і скончыўся перамогай Макса Ферстапена

І дождж не дапамог. Гран Пры Манака абышоўся без сенсацый і скончыўся перамогай Макса Ферстапена

І дождж не дапамог. Гран Пры Манака абышоўся без сенсацый і скончыўся перамогай Макса Ферстапена

Фота: formula1.com

Зрабіць цікавай гонку Формулы 1 на вуліцах Княства мог бы толькі дождж. Мог бы, але не зрабіў. Разбіраемся ў прычынах і ў тым, ці патрэбны гэты этап наогул.

Што нам патрэбна дакладна, дык гэта хутчэйшая перамога Украіны над расійска-фашысцкімі захопнікамі, якія працягваюць катаваць і тэрарызаваць украінцаў ракетнымі абстрэламі. Мірныя жыхары працягваюць гінуць ад іх рук, і гэта неабходна скончыць. Менавіта над гэтым і працуюць УСУ, і мы ўдзячныя ім за іх працу, а іх заходнім партнёрам – за іх дапамогу. Вызваленне ўкраінскай зямлі наблізіць і вызваленне беларускай. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Стан цяперашняй Формулы 1 – гэта, канечне, не трагедыя, у адрозненні ад вайны. Але і радасці мала, бо ў мінулым годзе, калі пачаў дзейнічаць новы тэхнічны рэгламент, мы ўсе чакалі іншага. І калі ў 2022-м хаця б у першай палове сезона гаворку пра барацьбу за тытул паміж двума пілотамі двух розных каманд весці было можна, то цяпер чэмпіён вызначыўся ледзь яшчэ не ў Бахрэйне.

Ну а Манака, якое ў выніку адмены Гран Пры Эміліі-Раманьі праз паводку ў гэтым рэгіёне Італіі стала шостым этапам, аказалася такім павелічальным шклом, праз якое мы пабачылі сучасныя праблемы чэмпіянату свету. Дакладней, праблема ў яго адна, проста яна складаецца з праблем асобных каманд, якія другі год запар аказваюцца не ў стане кінуць годны выклік дзейсным чэмпіёнам з Red Bull.

Таму прычына таго, што ўчарашняя гонка ў Манака была такой, якой была, не толькі і не столькі ў буйных габарытах цяперашніх машын, якія натуральна сталі занадта вялікімі, а падвескі іх – занадта жорсткімі. Тут хоць на карты перасядай, лідарам з іх хуткасцю барацьбы не навяжаш. Цікавая гонка, на мой погляд, тая, у якой пераможца ў ёй жа і вызначаецца, а не ў кваліфікацыі, а менавіта субота (традыцыйна, зрэшты, для Манака) і стала вырашальнай у мінулы ўік-энд.

Затое хоць кваліфікацыя стала па-сапраўднаму цікавай і, я б сказаў, аказалася самым яскравым эпізодам Гран Пры Манака. Асабліва фінал, у якім цудоўнае дэрбі зладзілі, змяняючы адзін аднаго на першай пазіцыі, Эстэбан Акон, Шарль Леклер, Фернанда Алонса і Макс Ферстапен. Двухразовы і дзейсны чэмпіён, аднак, быў апошнім з іх, хто паказаў заліковы час, і нават з памылкамі, чапляючы месцамі адбойнікі, заваяваў такі поўл. Яго напарнік па Red Bull Серхіа Перэс сам пазбавіў сябе такой магчымасці (і шанцаў атрымаць чарговую перамогу на вулічнай трасе), яшчэ ў першым сегменце разбіўшы машыну на выхадзе з Sainte Devote, першага павароту трасы, заадно знішчыўшы і інтрыгу.

Стартаваў Чэка ў выніку апошнім, а фінішаваў шаснаццатым, у тым ліку праз цэлых пяць піт-стопаў, першы з якіх ён правёў пасля першага ж круга. Ну а калі ў другой палове гонкі пайшоў дождж, мексіканец перайшоў спачатку на прамежкавыя шыны, і толькі потым на поўнасцю дажджавыя (а пазней ізноў на прамежкавыя вярнуўся). Вось Ферстапен, выдатна стартаваўшы на Medium, спакойна дацягнуў на ім да пяцьдзесят пятага круга, перайшоў на Intermediate і на гэтым жа камплекце фінішаваў. Першым, зразумела, амаль у палове гадзіны ад Алонса, які заняў другое месца.

Іспанец з Aston Martin, які стартаваў другім, памыліўся і сам. Першы адрэзак ён правёў на ужываным раней камплекце жорсткай гумы, а калі на пяцьдзесят пятым кругу (дождж у гэты момант ужо ішоў) наведаў боксы ў першы раз, перайшоў на Medium. Фернанда хутка зразумеў, што такія шыны бягучым умовам не адпавядаюць і праз круг заехаў на піт-стоп ізноў, перайшоўшы ўжо на Intermediate. Затое на подыум у чарговы раз падняўся, і ўжо не на трэцюю яго ступень, на якой апынуўся… Акон!

Пілот Alpine пачынаў гонку з трэцяй пазіцыі дзякуючы штрафу Леклера за блакіраванне Ланда Норыса ў кваліфікацыі. Шарль у выніку стартаваў і фінішаваў шостым, а яго напарнік па Ferrari Карлас Сайнс стаў дуэлянтам Акона. Іспанец некалькі разоў атакаваў Эстэбана, але то пярэдняе антыкрыло аб яго машыну ламаў, то шыкану зразаў. Ну а калі траса стала слізкай ад дажджу, не пазбег памылкі і візіту ў кішэнь бяспекі, з якога выбраўся, але да фінішу дабраўся толькі восьмым.

Сучасныя машыны не пасуюць трасе ў Манака, гэта праўда. Але ці сама траса наогул пасуе Формуле 1? Гэтае пытанне мучыла мяне цягам усёй учарашняй гонкі. Абганяць там не было дзе і ў лепшыя часы, і нават дождж, як аказалася, не заўсёды з’яўляецца эфектыўным дапаможнікам. Атрымліваецца такі этап дзеля этапу і для князя Альбера Другога. Зрэшты, прыкладна падобнае можна сказаць і пра Маямі, і пра Абу-Дабі, і, верагодна можна будзе сказаць пра Лас-Вэгас. Варта дачакацца 2026 года, калі машыны Формулы 1 зменяцца ў чарговы раз і стануць кампактней за цяперашнія.

Пакуль жа маем тое, што маем – Ферстапен лідзіруе ў чэмпіянаце са 144-ма ачкамі, на трыццаць дзевяць апярэджваючы Перэса, які застаецца другім. Алонса, у якога 93 балы, працягвае замацоўвацца на трэцяй пазіцыі. Red Bull непадзельна ўладарыць у Кубку канструктараў, маючы 249 балаў. У Aston Martin, які захоўвае другую пазіцыю, іх толькі 120, што ўсяго на адзін болей, чым у Mercedes, чые пілоты ўчора выступілі нядрэнна – Льюіс Хэмілтан і Джордж Расэл фінішавалі чацвёртым і пятым адпаведна.

Цудаў ад Гран Пры Іспаніі, які пройдзе ўжо ў канцы гэтага тыдню, я б не чакаў, але там усё ж павінна быць цікавей, яшчэ і дзякуючы мадэрнізацыі барселонскай трасы, на якой прыбралі шыкану перад апошнім паваротам. Аб усім важным, што адбудзецца паміж этапамі, раскажа наш сяброўскі Тэлеграм-канал «Формула перамогі», на які я заклікаю падпісвацца ўсіх, хто цікавіцца каралеўскімі аўтагонкамі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты