Tribuna/Футбол/Блогі/Оршанский вокзал/Белфутбол яшчэ больш збяднеў, а вы маглі і не заўважыць. Івулін – пра невідавочную легенду, якая па-ціхаму сышла

Белфутбол яшчэ больш збяднеў, а вы маглі і не заўважыць. Івулін – пра невідавочную легенду, якая па-ціхаму сышла

Турэмшчыкі займелі яго аўтограф.

Аўтар — bytribuna com
20 сакавіка 2023, 15:01
1
Белфутбол яшчэ больш збяднеў, а вы маглі і не заўважыць. Івулін – пра невідавочную легенду, якая па-ціхаму сышла

Учора белфутбол стаў для мяне яшчэ больш прэсным.

Зараз я не пра якасць гульні каманд у першым туры ЧБ. Куды больш эмоцый выклікала рашэнне нападаючага "Крумкачоў" Сашы Яцкевіча завязаць з прафесійным спортам. Па розных прычынах Яцык не стаў выдатным форвардам. Да 38 гадоў ён узяў толькі адзін вялікі трафей: Кубак Беларусі з "Нафтанам" часоў Ігара Кавалевіча. Але колькі ж сэрцайкаў балельшчыкаў заваяваў гэты "кучаравы" за пару апошніх сезонаў.

Сёння для мяне гэта значна больш важна за медалёчкі АБФФ. Дзякуючы такім футбалістам я канчаткова ўсвядоміў, што насамрэч не так ужо важна, дзе ты гуляеш у футбол. Важна - для каго ты гэта робіш. Саня ў адрозненне ад многіх калег па цэху гуляў для сапраўдных беларусаў. Ух, як ён стараўся ў Тым Самым Матчы Кубка супраць мінскага «Дынама», каб парадаваць простых людзей. Не ведаю, як у вас, а ў мяне дагэтуль мурашы па скуры ад гэтага відэа.

Яцык - адзіны футбаліст таго складу «Крумкачоў», хто ўсе гэтыя гады заставаўся ў клубе. У яго была не адна прапанова ад каманд першай лігі "пад сур'ёзную задачу". Мінулай зімой усе фаварыты Д2 хацелі бачыць Яцыка ў сябе. Калі што, Саня, нягледзячы на ўзрост, выбягае 30 метраў з 3,8 секунды. Топ-паказчыкі для нашага чэмпіянату. Але чалавек застаўся ў «Крумкачах». Больш за тое, летась нырнуў з клубам у Д3. Чаму?

Ну а які сэнс на злом галавы ляцець ва ўмоўныя Пінск ці Наваполацк, дзе абяцаюць заробак на пару сотняў долараў большы? Бо да гэтых грошай яшчэ і даецца "сацпакет" у выглядзе матчаў пры пустых трыбунах. І гэта не адзіны сумнеўны бонус, які можна сёння атрымаць ад клубаў на дзярждатацыях. Саню гэта нецікава, таму што ён паважае сябе і шануе тых, хто побач. Гісторыя пра тое, што павага да сябе выклікае павагу з боку іншых. Так становяцца легендамі, няхай і лакальнымі.

Прыдзірлівы чытач пацікавіцца: "Ты ж толькі выйшаў з турмы, адкуль у цябе інсайды пра Яцкевіча?" Пра ўсё даведаўся яшчэ год таму з ліста, які нейкім цудам атрымаў ад Яцыка ў калоніі. Чаму цудам? Пасля перадачы маёй справы ў суд, 90 працэнтаў адрасаванай мне карэспандэнцыі знікала ў кабінетах цэнзараў. Не ведаю, якія фінты прыдумаў Яцык, але я ўсё ж капэртачку ад яго атрымаў. Як у такіх выпадках кажуць каментатары футбольных сімулятараў FIFA: "Адзін шанец - адзін гол". Сань, прабач, але на полі ты не часта дэманстраваў такую рэалізацыю:).

Разам са словамі падтрымкі і аповедам пра сваё жыццё Яцкевіч закінуў у канверт фатаграфію, на якой я радуюся першаму голу за «Крумкачоў». На задніку здымка быў прыкладна такі тэкст:

«Ты б, мусіць, больш узрадаваўся, калі б я даслаў фота дзяўчыны ў бікіні. Але ёсць так, як ёсць :). Гэта табе матывацыя, што няма нічога немагчымага. Але тлушч на жываце трэба ўсё ж прыбраць :). З павагай #25 ад #98».

Крыху пазней гэтыя бяскрыўдныя прапановы чамусьці максімальна зацікавілі турэмшчыкаў. Падчас чарговага дагляду маіх асабістых рэчаў кантралёры суперуважліва разглядалі картку. У выніку яна была канфіскаваная для вывучэння аператыўнікамі. Мусіць, сілавікі ўгледзелі ў гэтым тэксце нейкія сакрэтныя сэнсы, якіх не ўбачыў я. Хаця, як мне здаецца, ім проста хацелася займець аўтограф Яцыка.

У часы нашага выступу за «Крумкачы» менавіта Яцкевіч быў невідавочным і сціплым лідарам распранальні. Ён не гумарыў на кожным кроку (гэта было амплуа Вані Вераса), але лепш за астатніх жартаваў да месца. У крызісныя моманты Яцык мог выдаць магутную прамову, хаця звычайна на правах капітана матывацыяй займаўся Паша Грачышка – да Сані таксама прыслухоўваліся.

Калі клуб апусціўся ў другую лігу, Яцык стаў душой гэтай каманды. Як па мне, ператварыўся ў важатага піянер-атрада, таму што многія гульцы падыходзілі яму ў сыны. Да іх Саня ставіўся з бацькоўскай любоўю. Ведаю, маладыя нярэдка выхоплівалі ад кэпа за тое, што пасля парачкі ўдалых матчаў "лавілі зорачку" і шчыравалі на трэніроўках менш, чым раней. Кажуць, пасля паразы ў фінале мінулага розыгрышу Д3 некаторыя хлапцы атрымалі магутнага прачуханца за тое, што пасля няўдалага матчу ў распранальні з усмешкай накінуліся на піцу. Як быццам паўгадзіны таму не быў прайграны галоўны матч сезона, які так шмат значыў і для Сані, і для заўзятараў «Крумкачоў».

Калі раптам так атрымаецца, што Саня нейкім чынам прачытае гэты тэкст, ён, напэўна, усміхнецца. У яго выдатнае пачуццё гумару. Шкада, аматары серыяла "А Саша выйдзе?" не ўбачылі танцаў Яцыка з клоунскім носам пасля прайгранага мне пары. Мы дамовіліся, што калі я заб'ю ў "таварцы" з той самай "Віліяй", то ён дасць жыцця ў гарнітуры блазна. Шкада, такі гарнітур без якіх-небудзь пары ў апошні час усё часцей носяць «біг-босы» нашага футбола. Зрэшты, танчыць у Сані нядрэнна атрымлівалася і пасля галоў на полі ў афіцыйных матчах.

Гэтага будзе не хапаць не толькі заўзятарам «крумак», але і ўсяму белфутболу, у якім з кожным годам становіцца ўсё менш яркіх персанажаў – людзей, якія могуць не толькі ўключаць рэжым весялуна, але і ў патрэбныя моманты праяўляць чалавечнасць і адэкватнасць (і не трэба сюды дамешваць нейкай палітычны чыннік – гаворка зусім не пра гэта). Пасля майго затрымання ў 2021-м Яцык быў сярод тых, хто спрабаваў усімі спосабамі высветліць інфармацыю пра маё месцазнаходжанне. Пад'язджаў і да сцен на Акрэсціна, дзе ўжо былі мае сябры. Хлопцы чакалі хоць нейкіх навін. Дачакаліся не самых добрых. Сталі разыходзіцца, і Саня, паціскаючы руку майму сябручку, на аўтамаце выдаў:

- Ну што? Дзякуй за гульню!

Дзякуй за гульню і табе, легенда #98.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты