Tribuna/Футбол/Блогі/Пинта-Шминта/Украінец з Данбаса з пачаткам вайны стаў футбалістам ЧБ – цяпер гуляе ў Расіі за клуб, якi падтрымлiвае сем'і акупантаў

Украінец з Данбаса з пачаткам вайны стаў футбалістам ЧБ – цяпер гуляе ў Расіі за клуб, якi падтрымлiвае сем'і акупантаў

Трэнер новай каманды экс-паўабаронцы «Слуцка» бачыць «залаты час» у міжнародным бане.

Аўтар — bytribuna com
4 сакавіка 2023, 03:00
4
Украінец з Данбаса з пачаткам вайны стаў футбалістам ЧБ – цяпер гуляе ў Расіі за клуб, якi падтрымлiвае сем'і акупантаў

У чэмпіянаце Беларусі-2023 прыме ўдзел рэкордна малая колькасць легіянераў з Украіны – такіх усяго трое: абаронца Юрый Панця і форвард Раман Папарыга (у мінулым сезоне гулялі за «Гомель» і «Энергетык-БДУ», цяпер абодва ў «Нёмане») ды паўабаронца Аляксандр Бацішчаў (у 2021-м гуляў за «Гомель», а цяпер пасля года ў Казахстане падпісаўся з «Тарпеда-БелАЗ»). Колькасць футбалістаў з суседняй краіны стала заўважна скарачацца на фоне вайны ва Украіне, якую з 24 лютага 2022-га працягвае Расія з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. У 2021-м у «вышцы» згуляла 18 украінцаў, а ў 2022-м – ужо ўсяго пяцёра: акрамя згаданых Папарыгі і Панцi плюс Дзмітрыя Цярэшчанкі з «Дняпра», які жыве ў Беларусі ўжо 18 гадоў, гэта былі толькі Юрый Казырэнка з « Іслачы», які летам вярнуўся ва ўкраінскую «Ворсклу», адкуль быў арандаваны, і Андрэй Выскрабенцаў, які гуляў за «Слуцк».

Выскрабенцаў пакінуў Беларусь узімку па асабліва дзіўным у наш час маршруце – знайшоўся ў Расiі. Расказваем пра гульца, які з'ехаў у краіну, якая метадычна знішчае яго суайчыннікаў.

Амаль усё жыццё правёў на Данбасе

Выскрабенцаў нарадзіўся 27 кастрычніка 2000 года ў горадзе Макееўка, які прымыкае да Данецку і фактычна складае з ім агламерацыю. У 13 гадоў гулец трапіў у структуру данецкага «Металурга», дзе займаўся аж да расфарміравання каманды ў 2015-м. Да таго моманту «Металург» ужо базаваўся пад Кіевам – Данецк, Макееўка і вялiкая частка Данецкай, а таксама Луганскай абласцей Украіны з 2014-га была ўзятая пад кантроль «сепаратыстамі», якіх забяспечвала Расія.

Выскрабенцаў не пакінуў родны Данбас – перайшоў у структуру «Марыупаля», які базаваўся ў аднайменным горадзе Данецкай вобласці, які заставаўся пад кантролем Украіны. 25 жніўня 2019 года Выскрабенцаў дэбютаваў за «Марыупаль» ва УПЛ – і адразу ў матчы супраць данецкага «Шахцёра» (1:1). Свой другі і апошні матч у вышэйшым дывізіёне Украіны ён правёў праз год – і таксама супраць «гарнякоў» (1:4). Выхад футбаліста выключна на матчы з грандам тлумачыўся проста – фактычна паўкаманды «Марыупаля» складалі арандаваныя ў «Шахцёра» футбалісты, якім гуляць супраць клуба забаранялася, таму і даводзілася задзейнічаць глыбокія рэзервы. У астатнім Выскрабенцаў гуляў за юніёрскую і маладзёжную каманду свайго клуба.

У ліпені 2021-га футбаліст на паўгода адправіўся на самы захад Украіны – у арэнду ва «Ужгарад» з Д2. Там ён атрымаў вопыт на дарослым узроўні, але за 16 сустрэч лігі (у сярэднім 58 хвілін на полі) вынiковымі дзеяннямі не вызначыўся.

Быў прэзентаваны «Слуцкам» у дзень пачатку вайны

У пачатку 2022-га Выскрабенцаў скасаваў кантракт з «Марыупалем» і ўпершыню ў кар'еры адправіўся за мяжу – на прагляд у «Слуцк», які скончыўся падпісаннем кантракту. Пра падпісанне клуб абвясціў 24 лютага – усяго праз некалькі гадзін пасля таго, як Расiя пачала вайну. Скасаваць пагадненне паўабаронцы гэта не матывавала, хаця ў ЧБ быў і такі прыклад.

З пачатку ЧБ-2022 Выскрабенцаў стаў гульцом стартавага складу «цукарнікаў» і двойчы прызнаваўся найлепшым у складзе сваёй каманды, хаця адзначыўся толькі адным асістам у сустрэчы 21 красавіка з «Арсеналам» (1:1). Назва відэа гола да гэтага часу сцвярджае, што ўкраінец тады забіў, але АБФФ афіцыйна перапісала гол на Кірыла Вяргейчыка, у якога трапіў мяч пасля ўдару Выскрабенцава.

Пасля змены галоўнага трэнера «Слуцка» з Аляксандра Бразевіча на Аляксандра Гурыновіча Выскрабенцаў перастаў праходзіць у склад – згуляў толькі пяць сустрэч у другой палове чэмпіянату. Выніковая статыстыка сезона – 19 матчаў з 72 хвілінамі на поле ў сярэднім, 0+1 па «гол+пас», адно папярэджанне.

Перайшоў у расійскі клуб, дзе заахвочваюць сем'і акупантаў, а трэнер знайшоў у міжнародным бане «залаты час»

Мінулай зімой Выскрабенцаў і «Слуцк» не сталі працягваць кантракт. І паўабаронца адправіўся на прагляд у Расію – а дакладней, у «Зорку» з Санкт-Пецярбурга з Д3. Пры гэтым прадставілі гульца 23 лютага, у адзін з «дзён вайсковай славы Расіі», а праз камандны віншавальны калідор ён прайшоў 24 лютага – у гадавіну пачатку вайны.

Больш за тое, у лістападзе мінулага года ў сваіх сацсетках «Зорка» абвясцiла пра падтрымку сем'яў тых, хто добраахвотна або з-за мабілізацыі ўліўся ў расійскую акупацыйную армiю – іх дзецям ад 7 да 11 гадоў прапанавалі бясплатна трэніравацца ў школе клуба.

Гульцы і трэнерскі штаб «Зоркі» ў выказваннях наконт вайны заўважаны не былі. Але ёсць цікавае ўспрыманне наступстваў – міжнароднага бана, які нагнаў расійскі футбол у адказ на вайну. Галоўны трэнер «Зоркi» Дзмітрый Камбараў, у мінулым абаронца зборнай Расіі і маскоўскага «Спартака», адазваўся аб санкцыях вельмі пазітыўна.

– Стаўлюся як да ўнікальнага шанцу і залатога часу. Тыя грошы, якія траціліся на легіянераў, можна ўкласці ў сваіх. Мы павінны сфарміраваць фундаментальную платформу, каб рускія футбалісты набіраліся вопыту. Рана ці позна ўсё скончыцца, і мы будзем гуляць у еўракубках, – сказаў Камбараў.

Выскрабенцаў ужо дэбютаваў за каманду ў афіцыйнай сустрэчы – гэта здарылася 27 лютага ў Кубку Расіі, дзе «Зорка» да гэтага прайшла пяць сапернікаў, у тым ліку «Амкал» з аматарскай медыялігi. Шосты быў з РПЛ, і з «Пары НН» навічок, правёўшы поўны матч, справіцца не дапамог – 0:2 і вылет «Зоркі».

У гэты ж час расійскае войска працягвае бамбаваць украінскія гарады. Блізкія Выскрабенцаву Макееўка, Данецк і Марыупаль цяпер знаходзяцца пад акупацыяй наўпрост Расіі. «Марыупаль» прапускае чэмпіянат Украіны з-за цалкам разбуранай інфраструктуры – горад і асабліва мясцовы завод «Азоўсталь», у гонар якога калісьці называлася каманда, сталі цэнтрам кровапралітных баёў у пачатку вайны. Матчы ва ўкраінскім футболе гуляюцца без гледачоў на трыбунах з-за магчымых расійскіх ракетных удараў – гульні ўжо не раз перарываліся з-за сігналаў паветранай трывогі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты