Топы ў тэнісе вельмі асцярожна рэагуюць на вайну ва Украіне (ні ў каго няма пытанняў да РФ), але пазіцыя Сабаленкі – адна з самых бязглуздых
Падтрымка Лукашэнкі плюс вывучаная бездапаможнасць.
За 11 месяцаў поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну падпісантка ліста за Лукашэнку Арына Сабаленка другі раз прызналася, што ўсё ж такі супраць вайны. Упершыню пра гэта тэнісістка напісала 1 сакавіка, калі выклала ў старыс дза сказы: «Малюся пра мір🙏 Няма вайне».
Наступным разам Сабаленка выступіла з антываеннай заявай у пачатку 2023-га на турніры ў Адэлаідзе. Праўда, зрабіла гэта спецыфічна. 24-гадовая спартсменка, якая з'яўляецца зоркай тэніса сусветнага маштабу, не разумее, чаму неабходна публічна асуджаць вайну і навошта рабіць гэта рэгулярна. Зрэшты, асуджэнне вайны - занадта некамфортная опцыя для чалавека, які падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, бо менавіта рэжым Лукашэнкі ўсё бліжэй штурхае Беларусь да рэальных баявых дзеянняў.
«Гэта сапраўды жудасна, таму што ніхто не падтрымлівае вайну - ніхто. Праблема ў тым, што мы павінны казаць пра гэта ўслых… Але чаму мы павінныя крычаць пра гэта на кожным кроку? Гэта зусім не дапаможа. Мы не кантралюем гэтую сітуацыю», - сказала Сабаленка, якая так і не прапанавала свой варыянт уплыву на тое, што адбываецца.
Цікаўная гісторыя з Арынай адбылася ў сакавіку. Тады спартоўка расказала, што гатова прымацаваць да сваёй тэніснай сукенкі сіне-жоўтую стужку.
«Цяпер усё проста перажываюць. Сярод гульцоў наогул не асабліва радасны настрой. Я не адчую сябе дрэнна, калі надзену яе. Я адчуваю, што людзі маюць патрэбу ў нашай падтрымцы. Я спадзяюся, яны разумеюць, што мы ўсур'ёз перажываем. Думаю, нават "нам сумна" - не самыя прыдатныя словы, але мы клапоцімся пра іх, мы ўсе спадзяемся на лепшае, на мір. Надзеўшы стужку, я б адчувала сябе камфортна», - сказала Сабаленка.
Вось толькі на корце з сіне-жоўтай стужкай яна так і не з'явілася. Больш за тое, кіраўнік беларускага тэніса Сяргей Рутэнка аператыўна выступіў з заявай, што словы Сабаленкі няправільна інтэрпрэтавалі - і Арына мела на ўвазе зусім іншае.
Словы пятай ракеткі свету выбіваюцца з агульнага шэрагу антываенных заяў іншых топавых тэнісістаў, хаця і тыя выступаюць вельмі асцярожна - напрыклад, не крытыкуюць Расію. Некаторым нічога не перашкаджала "гаварыць пра гэта ўслых". І пры гэтым ніхто не "крычаў пра вайну" на кожным куце, а проста абазначаў сваю пазіцыю па меры цікавасці да яе.
Швэнтэк арганізавала турнір для Украіны, сяброўка гуляла з сіне-жоўтай стужкай
Адной з першых сярод сусветных топаў выказалася першая ракетка планеты Іга Швёнтэк. На трэці дзень уварвання полька пасля перамогі ў горадзе Доха загаварыла пра Украіну.
«Нават не магу ўявіць, што адбываецца ў суседняй краіне. Спадзяюся, што ў выніку стане больш бяспечна і што, хоць у параўнанні з тым, што адбываецца ў свеце тэніс - зусім нязначная рэч, спорт зможа нас аб'яднаць. Нягледзячы на тое, што многія рэчы нас падзяляюць, спорт павінен нас аб'яднаць і прыносіць радасць», - сказала Іга.
Крыху пазней Швёнтэк наўпрост заявіла, што выступае супраць вайны, заклікала дапамагаць гуманітарным арганізацыям і захаплялася суайчыннікамі, якія «адчынілі свае дамы для ўкраінцаў». Акрамя таго тэнісістка, якая пакарыла ў 2022-м Roland Garros і US Open, без якіх-небудзь абяцанняў выходзіла на корт з сіне-жоўтай стужкай. У ліпені Іга разам з экс-другой ракеткай Агнешкай Радванскай правяла ў Кракаве дабрачынны турнір у падтрымку Украіны.
На антываенных пазіцыях у некаторым сэнсе знаходзіцца і другая ракетка планеты Онс Жабер. Тэнісістка з Туніса казала, што разумее ўкраінцаў і выступае супраць уварвання. Жабер выступала супраць вайны яшчэ да пачатку канфлікту ва Украіне, калі адкрыта падтрымлівала палестынскі народ. У дзяўчыны, якая ненавідзіць палітыку, узнікла неразуменне, чаму менавіта ўкраінскі канфлікт прыцягнуў да сябе больш увагі, чым астатнія, а пад міжнародны бан патрапілі спартоўцы толькі з Расіі і Беларусі, а не з усіх краін-агрэсараў ранейшых войнаў.
«У мяне ёсць асабісты досвед, у прыватнасці ў 2020 годзе ў Кубку Білі Джын Кінг мы павінны былі гуляць з Ізраілем. Я на 100 адсоткаў спачуваю палестынскаму народу, мне вельмі шкада дзяцей, якія паміраюць кожны дзень на працягу 74 гадоў. Таму я не разумею, як зараз можна змешваць палітыку і спорт. А як жа ўсе астатнія краіны, дзе дарослыя і дзеці паміраюць кожны дзень?» - задавалася пытаннем Жабер.
Не стала маўчаць сяброўка Сабаленкі іспанка Паўла Бадоса. 13-я ракетка планеты выступіла супраць вайны, але пры гэтым падтрымала беларуску, якая не паехала на "Уімблдон" і выступае пад нейтральным сцягам.
«[Вайна] - гэта нешта вельмі, вельмі сур'ёзнае, чаго не павінна быць, але іншая справа - змешваць палітыку са спортам, асабліва з тэнісам, які з'яўляецца індывідуальным відам. Так, мы выступаем пад сцягам, але ўяўляем сябе. Змешваць рэчы, якія не маюць нічога агульнага адзін з адным і ў якіх [Сабаленка] не вінаватая, мне здаецца несумленным», - казала Бадоса, якая выходзіла на корт з сіне-жоўтай стужкай і надпісам «Не вайне» на кепцы.
Праўда, у парных матчах з Сабаленкай (дуэт нават атрымаў мянушку ў туры Sabadosa) іспанка здымала стужку. Верагодна, каб не бянтэжыць сяброўку на корце.
Цікава агучыла сваю пазіцыю пераможца "Уімблдона"-2022 Алена Рыбакіна. Да 2018-га масквічка выступала за Расію, а затым пераехала ў Казахстан. На прэс-канферэнцыі пасля перамогі на «Уімблдоне» журналісты пачалі пытацца ў тэнісісткі пра яе стаўленне да вайны і Пуціна. Адразу Рыбакіна сказала, што не пачула пытанне, а затым спаслалася на тое, што не хоча адказваць праз сваю дрэнную англійскую мову (праблемы тут ёсць на самой справе).
«Выбачайце, у мяне не найлепшая англійская. Я не зразумела другую частку пытання [пра Пуціна]. Са свайго боку магу сказаць толькі тое, што прадстаўляю Казахстан. Я не выбірала, дзе мне нарадзіцца. Людзі паверылі ў мяне. Казахстан мяне моцна падтрымлівае. Нават сёньня я чула шмат падтрымкі. Я бачыла сцягі. Так што я не ведаю, як адказаць на ваша пытанне», - адказала Рыбакіна.
Тры легенды ATP выразна супраць вайны
Сітуацыя ў першых нумароў мужчынскага рэйтынгу не адрозніваецца ад WTA - топы таксама займаюць выразную пазіцыю супраць вайны. Праўда, кожны са сваімі нюансамі.
На наступны дзень пасля пачатку ўварвання 21-разовы чэмпіён турніраў Вялікага шлема Рафаэль Надаль сказаў, што не хоча разбірацца, хто мае рацыю, а хто вінаваты», - тэнісіст у любым выпадку супраць ваенных дзеянняў.
«Не хачу казаць пра вінаватых ці пра сутнасць праблемы. Скажу толькі, што ў наш час мне ўвогуле падаецца неверагодным, што ідуць войны. Я не магу гэта ўсвядоміць. Спадзяюся, што ўсё як мага хутчэй скончыцца. Гэта жахлівыя навіны», - сказаў Надаль.
У сакавіку выступіў легендарны Роджэр Федэрэр.
«Я і мая сям'я былі ў жаху, пабачыўшы фатаграфіі з Украіны. Мы забітыя горам за нявінных людзей, якія так жудасна пацярпелі. Мы за мір. Мы будзем аказваць дапамогу дзецям з Украіны, якія маюць патрэбу ў даглядзе», – заявіў швейцарац, які перавёў паўмільёна даляраў арганізацыі, якая займаецца дапамогай украінскім дзецям.
Не стала адмоўчвацца і трэцяя легенда сучаснага мужчынскага тэнісу - Новак Джокавіч. Серб выдатна памятае вайну на Балканах, таму ведае, пра што гавора.
«Я заўсёды першым асуджу [ваенныя дзеянні]. Я дзіця вайны і ведаю, да якіх эмацыйных траўмаў войны прыводзяць. Мы ў Сербіі ведаем, што здарылася ў 1999-м, што заўжды пакутуюць звычайныя людзі. На Балканах было шмат войнаў», – сказаў Джокавіч.
Больш за тое, Новак у асабістых перапісках адпраўляў словы падтрымкі ўкраінскім тэнісістам. Пра адно з такіх паведамленняў распавёў украінец Сяргей Стахоўскі.
«Я пра цябе думаю. Спадзяюся, што ўсё хутка супакоіцца. Калі ласка, паведамі, куды лепш накіраваць дапамогу - любую...» - напісаў серб.
Чэшскі тэнісіст Іржы Весялы на другі дзень вайны пасля перамогі ў паўфінале турніру ў Дубаі проста напісаў на тэлевізійнай камеры "Не вайне".
Што кажуць расіяне
Топавыя расійскія тэнісісты таксама не засталіся ў баку ад асуджэння ўварвання ва Украіну. Тры лепшыя прадстаўнікі краіны ў ATP у рознай меры выступілі супраць вайны.
Праз некалькі дзён пасля нападзення Расіі Данііл Мядзведзеў стаў першай ракеткай планеты. Праўда, гэты факт не вельмі цешыў тэнісіста.
«Для мяне вялікі гонар заняць гэтую пазіцыю. Але ўпэўнены, усе разумеюць, што ў мяне змешаныя эмоцыі праз тое, што гэта адбылося на гэтым тыдні», - распавёў Мядзведзеў. Праз некалькі дзён тэнісіст прыбраў расійскі сцяг з апісання свайго профіля ў Instagram. Тое ж самае зрабіў і Карэн Хачанаў, які на другі дзень вайны апублікаваў кароткую заяву ў сторыз.
Больш жорсткую пазіцыю заняў Андрэй Рублёў. 24 лютага на прэс-канферэнцыі пасля пераможнага матча расіянін распавёў, што ёсць нашмат важнейшыя рэчы, чым ягонны выхад у наступны круг. На наступны дзень Рублёў пасля перамогі ў паўфінале Дубая замест аўтографа на камеры напісаў: "Не трэба вайны, калі ласка".
Турнір у Дубаі расіяніну ўсё ж скарыўся. На ўзнагароджанні тэнісіст зноў зрабіў акцэнт на распачатай вайне ва Украіне, калі заявіў, што "цяпер не важны тэніс, цяпер не важны спорт", а "цяпер важны мір ва ўсім свеце".
Не застаўся ўбаку і чэмпіён Алімпіяды-2000 Яўген Кафельнікаў. Раніцай 24 лютага расіянін у сваім Twitter напісаў, што «сквапнасць аднаго чалавека давядзе да слёз шматлікіх маці Расіі пасля сённяшняга дня».
Сярод дзяўчат самую непрымірымую пазіцыю заняла першая ракетка Расіі Дар'я Касаткіна. Праўда, тэнісістка маўчала да ліпеня.
«[Хачу] каб скончылася вайна [ва Украіне]. З 24 лютага не было ні дня, каб я не прачытала нейкую навіну ці не падумала [пра вайну]. А я ўвогуле, па сутнасці, прамога дачынення да гэтага не маю. Мяне гэта не кранула, дзякуй Богу, блін», - казала тэнісістка.
24 лютага алімпійская чэмпіёнка-2016 Алена Весніна, якая нарадзілася ў Львове, выклала антываенны сторыз.
У той жа дзень такі сторыз апублікавала Ганна Калінская.
А вось Марыя Шарапава вырашыла дапамагаць не словам, а справай. У сакавіку тэнісістка паведаміла, што ахвяруе дабрачыннаму фонду Save the Children.
"З кожным днём у мяне ўсё больш і больш разрываецца сэрца, і я глыбока засмучаная фота і гісторыямі сем'яў і дзяцей, якія пацярпелі ад абвастрэння крызісу на Украіне", - напісала Шарапава ў Instagram.