Усе навіны

Удрыс пра землятрус у Турцыі: «У Анкары панікі няма, але гэта вялікае гора. Фота – як быццам з Украіны»

6 лютага 2023, 17:55

Беларускі валейбаліст турэцкага клуба «Акуш Беледзіеспар» Артур Удрыс распавёў пра землятрус у Турцыі.

– Цяпер я ў бяспецы, у Анкары, геаграфічна – у цэнтры Турцыі. Хоць і нас сёння крыху трасянула. Мы камандай нічога не адчулі, але нам сказалі, што дзе-нідзе люстры гайдаліся.

– У Анкары ўсё спакойна?

– Панікі ў горадзе няма. Зразумела, што для туркаў гэта вялікае гора, навіны ўвесь час абмяркоўваюцца, але панікі ў горадзе няма. У чаце хлопцы з каманды дзеляцца навінамі, але ніхто не перажывае асабліва.

– Няма асцярог, што і да вас можа дабрацца?

– Не. Я б сябе не назваў бестурботным чалавекам, проста землятрус – гэта такая справа, да якой можна рыхтавацца шэсць дзён у тыдзень або 364 дні ў годзе, а яно здарыцца менавіта ў той дзень, калі ты не гатовы.

– Указанняў з боку кіраўніцтва клуба або трэнерскага штаба не было?

– Не, у гэтым плане нічога нам не казалі, ніякіх зменаў. Усё далёка ад нас, і калі б я навіны сёння не чытаў, то нічога б і не даведаўся.

– Якія эмоцыі ад навін?

– Зразумела, што гэта вельмі страшна. Перад сазвонам паглядзеў, як выглядае адзін з гарадоў у Турцыі пасля землятрусу. Як быццам фатаграфіі з Украіны, з зоны баявых дзеянняў, не з Турцыі. А так апісаць эмоцыі цяжка.

– Кажуць, што ўсе спартыўныя мерапрыемствы ў краіне прыпыненыя.

– Яшчэ адзін наш валейбаліст, Саша Куклінскі, гуляе ў Турцыі, ён сказаў, што на ўсходзе краіны сапраўды прыпынілі. І толькі пасля гэтага я пачытаў, што і ва ўсёй краіне ўводзяць такія правілы. Але ў нас пакуль цішыня – ніхто ў клубе пра гэта нічога не казаў. Мы адыгралі ў суботу, а бліжэйшы матч – праз тыдзень. Так што, можа, нас нічога і не закране. Да таго ж у нас, здаецца, будзе хатняя гульня, у горадзе Аккуш, а гэта зусім далёка ад эпіцэнтра.

– Няма асцярог за сваю бяспеку ў Турцыі?

– Землятрус, вядома, можа здарыцца, але гэта такая асцярога... Ведаеш, гэта ўсё роўна, што ляціш у самалёце — і ён можа ўпасці, а можа і не ўпасці. Калі нешта па-за кантролем, засцерагчы сябе ад гэтага цяжка. Адзінае, можна паглядзець, якія крокі рабіць, куды бегчы, калі ўсё гэта здарыцца ў нас. А так перажываць праз тое, што ты не можаш змяніць і кантраляваць... Я магу падрыхтавацца толькі да таго, што рабіць у моманце, - сказаў Удрыс.