Удрыс пра магчымасць вярнуцца ў Беларусь: «Быў момант, але я нават не зразумеў: мне прапануюць ці падалося?»
Беларускі экс-валейбаліст Артур Удрыс расказаў пра тое, як яму прапаноўвалі вярнуцца ў Беларусь.
– Вас не спрабавалі вярнуць назад у Беларусь? Дзянісу Дудзінскаму вось пісалі: маўляў, прыязджай, павінся і будзеш жыць як раней.
– Быў момант, але я нават не зразумеў: мне прапануюць ці падалося?
Тут мая пазіцыя дакладная: не лічу, што я нешта такое рабіў, за што трэба прасіць прабачэнне. Разумею, што ў людзей, якія вяртаюцца ў Беларусь, няма іншага варыянту, акрамя як запісваць гэтыя «пакаяныя» відэа, і ні ў якім разе не асуджаю. Наадварот, лічу, што, калі ты не вораг свайму здароўю, – запісвай што заўгодна, каб цябе там не катавалі.
– А пры якой умове вы вярнуліся б у Беларусь?
– Пры ўмове, што гэта было б бяспечна. Не толькі для мяне, а ў прынцыпе.
Але цяпер, што б там Лукашэнка, губоп і амон ні сказалі-ні паабяцалі – я не ўспрыму гэта як бяспечнае. Нават калі скажуць: «Усё, вяртайцеся! Цяпер будзе ўсё добра, выпускаем усіх палітвязняў і нікога больш за палітыку саджаць не будзем».
Не будзе ўжо да іх даверу, каб адказаць «окей» і спакойна вярнуцца, – сказаў Удрыс.