Бацька пакутваў у Расii, сына пракінулі на «Мінск-Арэне», дачка – лiдар у Канадзе: цiкавая сям’я белспорту з трох вiдаў
Маці заўважыла будучага мужа праз абутак.
У беларускай сям’і Мікановічаў на прафесiйным узроўнi пераплялiся тры вельмi розных віды спорту. Дастатковая падстава, каб расказаць пра гэтых людзей больш падрабязна – тым больш ёсць i цiкавыя дэталi.
Алег Мікановіч
49-гадовы былы валейбаліст гуляў на пазіцыі дагульвальнiка. Мікановіч-старэйшы пагуляў у шматлікіх камандах з Беларусi, Венгрыі, Ізраіля i Кіпра. У апошняй краiне нарадзіліся абодва дзіцёнка спартсмена, пра якiх яшчэ пагаварым нiжэй.
Мікановіч з маленькай дачкой Эміліяй
Большую частку кар’еры гулец правёў у мінскім «Будаўніку» (цяпер – «Сталіца»). З гэтым клубам ён 7 разоў запар стаў чэмпіёнам Беларусі (2009-2016) і 6 разоў выйграваў Кубак краіны, у сезоне-2014/15 дайшоў да паўфіналу Кубку ЕКВ – найлепшы ў гісторыі вынік каманды ў другім па значнасці клубным турніры Еўропы.
Мікановіч мае багаты досвед і ў зборнай Беларусі – выступаў за яе з 1995-га амаль 20 гадоў. У 2013-м каманда з гульцом ўпершыню выйшла ў фінальны раўнд ЧЕ, дзе было перадапошняе, 15-е месца.
Пасля завяршэння кар’еры Мікановіч стаў трэнерам. Спачатку працаваў у МАПІД, потым уваходзіў у трэнерскі штаб зборнай, быў галоўным у камандзе U-20. З 2018 па 2021 год узначальваў расійскі «Кузбас», з якім у 2019-м стаў чэмпіёнам краіны і уладальнікам Суперкубку, а ў 2020 годзе дайшоў да паўфінала Лігі чэмпіёнаў.
У траўні 2021 Мікановіч вярнуўся ў Беларусь, дзе ўзначаліў «Будаўнiк» і зборную краіны. Апошняй менш чым праз год прыляцеў антываенны мiжнародны бан. Клуб жа з коўчам двойчы ўзяў срэбра чэмпіянату Беларусі, адзін раз – бронзу і Суперкубак, а таксама ўпершыню за 8 гадоў не выйшла ў фінал ЧБ. Ну а спроба паварыцца ў расійскай суперлізе абярнулася ганьбай: апошняе месца ў сезоне-2022/23 з двума перамогамі ў 36 матчах. Больш у турніры клуб не з’яўляўся.
У жніўні 2024-га Беларуская федэрацыя валейбола сціпла абмовілася, што цяпер зборную ўзначальвае ўжо Андрэй Талочка. У «Сталiцы» Мiкановiч пост захаваў, але новы сезон у ЧБ толькi пачаўся – прагназаваць нешта рана.
Людміла Мікановіч
Жонку Мікановіча завуць Людміла. Жанчына ў свой час займалася фiгурным катаннем, але потым перайшла ў водныя лыжы – спорт, дзе ў Беларусi шмат дасягненняў, але ў свеце проста не так шмат краiн, дзе такiм вiдам увогуле займаюцца. Звесткi пра дасягненнi жанчыны не знайсцi, але сцвярджаецца, што яна была майстрам спорту СССР.
З мужам яна пазнаёмілася ў вучэльні алімпійскага рэзерву. Спачатку дзяўчына не звяртала ўвагі на хлопца, але яму дапамог абутак.
– Нiчога цiкавага ў iм не назiрала. Былі агульныя сябры, з якімі хадзілі ў кіно, на дні нараджэння. Але так, «прывітанне-пакуль», не больш за тое. А калі вучылася ўжо ў ВНУ, у нас быў Дзень студэнта, і на дыскатэцы я ўбачыла вельмі прыгожыя чаравікі. Падняла галаву, а гэта аказаўся Алег. Усё, – распавядала жанчына.
Цяпер Людмiла Мiкановiч – суддзя міжнароднага узроўню ў водных лыжах, а не так ужо даўно была старшай трэнеркай зборнай Беларусі па водных лыжах. I там перасякалася з Алегам Дзевятоўскiм – ён у канцы 2010-х быў галоўным трэнерам каманды, а ў 2020-м спрабаваў забiць сябе пасля перажытага гвалту ад «сiлавiкоў» Лукашэнкi.
Але гэтая сiтуацыя не перашкодзiла жанчыне стаць крыху пазней падпiсанткай за лукашэнкаўскі рэжым.
У 2021-м, да вайны і міжнароднага бана, Мікановіч судзіла чэмпіянат свету па кайтсёрфінгу ў Польшчы, а яшчэ была галоўным арбітрам на адкрытым чэмпіянаце Украіны. У 2023 годзе згадвалася як намесніца гендырэктара САК «Алімпійскі».
Эмілія Мікановіч
Старэйшая дачка пары напрыканцы лістапада сустрэла 21-годдзе. У дзяцiнстве, як мацi, пачынала з фігурнага катання, але потым таксама перайшла ў водныя лыжы. Там мела лакальныя поспехi, аднак з часам мацi вырашыла, што дачка для гэтага вiду стала занадта высокай. Тады дзяўчыну перавялi ў валейбол – казалi, што яна «шалёна любiць тату i ўсё, што з iм звязана», таму праблем не было.
У вынiку Мiкановiч-малодшая таксама стала дагульвальнiкам. З 2018-га выступала за рэзервовую каманду «Мінчанкі», з якой у сезоне-2020/21 перамагла ў моладзевай лізе Расіі і атрымала бронзу ЧБ. А ў ліпені 2020 года ў складзе зборнай Беларусі U-19 заняла трэцяе месца на чэмпіянаце Еўропы.
У 2022 годзе дзяўчына пераехала з Беларусі ў Канаду, дзе паступіла ва ўніверсітэт Святой Марыі ў Галіфаксе. Там Мікановіч вывучае біялогію, ўжо перайшла на трэці курс. Ды працягвае гуляць у валейбол за ўніверсітэцкую каманду «Хаскіз». У бягучым сезоне каманда ідзе на другiм месцы ў студэнцкай лізе пасля 9 матчаў, а Мікановіч застаецца самым карысным гульцом «Хаскіз» са 126 ачкамі, гэта пяты паказчык ва ўсё лізе. 19 лістапада арганiзатары з Atlantic University Sport прызналi беларускую валейбалістку найлепшай спартсменкай тыдня.
Дарэчы за «Хаскіз» таксама гуляе 24-гадовая цэнтральная блакавальнiца Алена Петухова. Яна таксама гуляла за «Мінчанку-2», выклiкалася ў зборную Беларусі U-19, а потым разам з Мікановіч паступіла ў канадскую ВНУ, дзе вывучае эканоміку і фінансы. Петухова займае другое месца па лізе па колькасці сольных блокаў і трэцяе ў камандзе па ачках (102).
Дамінік Мікановіч
Малодшы брат Эмiлii Мiкановiч толькi дасягнуў 19 гадоў – нарадзіўся 1 снежня 2005-га. Хлопец таксама спрабаваў i водныя лыжы, i валейбол. Але знайшоў сябе ў хакеi, куды яго аддалi бацькi, верачы, што штучны лёд вылечыць хлопца ад перманентнага насмарка, якi ў яго раптам узнiк. Прычына дзiўная, але Мiкановiчу-малодшаму вельмi спадабалася гульня.
У дзяцінстве ён займаўся ў СДЮШАР выканкама Лукашэнкi па Мiнску, потым – у сiстэме «Юнацтва», пасля – у цэнтры па зімніх відах спорту ў Раўбічах. На прафесійным узроўні Мікановіч пачаў гуляць за фарм-клуб жлобінскага «Металурга» – «Белсталь». У складзе гэтай каманды ён стаў срэбраным прызёрам беларускага Д2 ў сезоне-2022/23, набраўшы 36 (11+25) ачкоў у 57 матчах. А ў вераснi 2023-га абаронца паехаў у сістэму расійскага «Трактара».
Мiкановiча часцяком вызываюць у сістэму зборных Беларусi, якiя ва ўмовах мiжнароднага бана гуляюць з расiянамi i зрэдку з казахстанцамi. На «Кубку будучыні» ў лістападзе 2024 года Мікановіч ў складзе зборнай Беларусі U-20 згуляў у двух матчах, дзе не адзначыўся галявымі дзеяннямі, а каманда абыграла Казахстан U-20 i Расiю U-18, але саступiла Расii U-20.
У мінулым сезоне Мiкановiч гуляў за фарм «Трактара» ў МХЛ «Белыя Мядзведзi» i за 55 матчаў набраў 11 (2+9) ачкоў. Нядаўна пачаў гуляць у ВХЛ, другім па моцы дывізёне Расіі, за «Чэлмет», а 21 лістапада атрымаў выклік у галоўную каманду. I мог дэбютаваць за яе ў добра знаёмым горадзе – на «Мiнск-Арэне» ў матчы супраць «Дынама» 26 лiстапада. Хлопец перад матчам нават зрабіў «кола пачаткоўца», але ў выніку на лёдзе не з’явіўся.
«Трактар» выйграў у авертайме 4:3, а пасля матча галоўны трэнер клуба Бенуа Гру патлумачыў, што Мiкановiчу сапраўды хацелi даць досвед на высокiм узроўнi, таму што гэта «цікавы малады чалавек». Але для гэтага павiнна была скласцiся «крыху іншая гульня» – Гру назваў умовай перавагу адной з каманд у тры шайбы. Так што дэбют маладога беларускага гульца ўсё яшчэ можа адбыцца ў блiжэйшай будучынi.