Селімаў пра міжнародны бан: «З плоскасці спорту ўсё, на жаль, перанесена ў плоскасць палітыкі»
Старшыня Беларускай федэрацыі барацьбы Алім Селімаў пракаментаваў рашэнне UWW у дачыненні да беларускіх і расійскіх спартсменаў.
«Перагледжаны і зацверджаны абноўленыя крытэры допуску спартсменаў. Цяпер толькі наяўнасць доказаў прамога ўдзелу ў СВА ці публічных выказванняў у вуснай ці пісьмовай форме ў падтрымку баявых дзеянняў лічыцца падставай для нядопуску спартсменаў на міжнародныя старты, якія праводзяцца пад эгідай UWW. Міжнародная федэрацыя перагледзіць усе рашэнні пра адхіленне, якія былі прыняты раней не толькі ў адносінах да спартсменаў, але і персаналу. На вялікі жаль, беларускія і расійскія змагары пакуль працягваюць выступаць на міжнародных спаборніцтвах пад нейтральным сцягам – у статусе індывідуальных нейтральных спартсменаў. Пры перамогах нашых спартсменаў будзе гучаць не беларускі гімн, а гімн міжнароднай федэрацыі. Гэта, безумоўна, не добрая навіна. Але пацяпленне ўсё ж ёсць.
Пакуль бюро UWW не прыняло рашэння і пра вяртанне міжнародных спаборніцтваў у Беларусь і Расію. У канцы кастрычніка пройдзе кангрэс міжнароднай федэрацыі. Мы будзем удзельнічаць у ім і прасіць магчымасці выступіць. Працягнем змагацца за нашу краіну, правы нашых спартсменаў. Лічым, што ў адносінах да нас дзейнічае вельмі шмат падвойных стандартаў. З плоскасці спорту ўсё, на жаль, перанесена ў плоскасць палітыкі, дзе правілы дыктуюць зацікаўленыя бакі», – сказаў Селімаў.
Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.
28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.