Пакуль што гэта ого: МАК назваў барцоў ад Беларусі, каму можна ў Парыж, і там няма самых топаў. Затое ёсць іх дублёры
Праўда, спісы абнаўляюцца.
Да Алімпійскіх гульняў у Парыжы крыху больш за месяц, і Міжнародны алімпійскі камітэт нарэшце пачаў даваць інфармацыю пра тое, каго з беларусаў і расіян дапусцяць да галоўнага старту чатырохгоддзя, няхай і пад нейтральным сцягам. У сакавіку гэтага года МАК стварыў адмысловую камісію (AINERP), каб праверыць спартсменаў на падтрымку вайны ва Украіне і ўвогуле на адпаведнасць нейтральнаму статусу, і вось пачалі з'яўляцца першыя вынікі. У лукашэнкаўскага міністэрства па спорце яны павінны выклікаць занепакоенасць і насцярожанасць. Ды і спартсменаў яны наўрад ці цешаць.
AINERP паведаміў пра першую групу тых, каго дапускаюць да Алімпіяды ў вольнай барацьбе.
У катэгорыі да 74 кілаграмаў пакуль няма звязанага барца Магамедхабіба Кадзімагамедава, які заваяваў срэбра мінулай Алімпіяды ў Токіа. У красавіку гэтага года барэц стаў пераможцам алімпійскай кваліфікацыі ў Баку і ўжо будаваў планы на Парыж.
Магчыма, Кадзімагамедаў з'явіцца ў нейкім пазнейшым спісе, але пакуль у яго вагавай катэгорыі да паездкі ў Парыж камісія ўхвалены Ягор Акуліч, які ў складзе зборнай Беларусі цяпер знаходзіцца на так званых Гульнях БРІКС у Казані. У актыве выхаванца чэрвеньскай СДзЮШАР залатыя медалі нацыянальнага першынства, а на міжнароднай арэне можна адзначыць хіба што бронзу на турніры ў Кіеве ў 2021-м годзе.
Чым адрозніваюцца гэтыя атлеты? Акрамя дасягненняў, якія відавочна вышэйшыя ў натуралізаванага дагестанца, ёсць і нюанс наконт датычнасці да лукашэнкаўскіх сілавікоў – Кадзімагамедаў мае кантракт з БФСТ «Дынама» (прынамсі яшчэ нядаўна меў згодна з афіцыйнай інфармацыяй). А адным з крытэраў допуску на Гульні з боку МАК якраз была адсутнасць такіх працоўных адносін. Дык вось Акуліч на носьбітаў формы не працаваў. Абвяшчаючы першую групу правераных атлетаў без Кадзімагамедава, МАК асабліва падкрэсліў тое, што для AINERP былі карыснымі спісы спартсменаў, звязаных са спартыўнымі клубамі ваенных і сілавых ведамстваў, што былі размешчаныя на афіцыйных сайтах у Расіі і Беларусі.
Цікава, што на сайце Беларускай федэрацыі вольнай барацьбы гаворыцца, што Акуліч – чэмпіён Еўропы-2020, бронзавы прызёр індывідуальнага Кубка свету-2020, срэбны прызёр Алімпійскіх гульняў-2021, хаця насамрэч усе гэтыя рэгаліі належаць Кадзімагамедаву.
На гэты момант адсутнічае ў спісе імя яшчэ аднаго тытулаванага атлета, срэбранага прызёра чэмпіянатаў Еўропы Аляксандра Гуштына, хаця па дакументах ён нiяк не звязаны з рэжымнымi «сiлавiкамi». Аднак, у 2019-м годзе барэц удзельнічаў у сусветных гульнях вайскоўцаў ва Ухані, дзе стаў другім, а яшчэ з'яўляўся на публіцы ў кампаніі Віктара Лукашэнкі - непрызнанага кіраўніка лукашэнкаўскага алімпійскага камітэту, чым таксама мог прыцягнуць увагу AINERP.
Затое ў катэгорыі да 97 кілаграм, дзе і выступае Гуштын, дапушчаны да Парыжа Уладзіслаў Казлоў, які таксама гэтымі днямі знаходзіцца на Гульнях БРІКС. Вынікі Казлова куды больш сціплыя, чым у візаві, – у жніўні 2023-га заваяваў срэбра другіх Гульняў СНД, упусціўшы вікторыю за 7 секунд да заканчэння сустрэчы. Тады ж галоўны трэнер беларускай каманды па вольнай барацьбе Іван Янкоўскі канстатаваў, што Казлоў яшчэ «не наступае на пяткі» лідарам, хоць і працуе разам з тым жа Гуштынам.
Неяк Казлоў дзяліўся, што яго галоўная мара – алімпійскае золата, для заваявання якога ў яго быццам бы ёсць усё неабходнае: дысцыпліна, упэўненасць у сабе, імкненне выконваць парады і рэкамендацыі трэнера. «Цярпенне, нязменнасць у сваіх мэтах і жаданнях і ўседлівасць – тры кіты, на якіх грунтуецца золата для барца», – казаў атлет у адным са сваіх інтэрв'ю. Цалкам магчыма, у яго з'явіцца шанс прадэманстраваць гэтыя якасці на справе.
Яшчэ адзін спартсмен, якога МАК пакуль не згадваў, нягледзячы на заваяваную ліцэнзію, - чэмпіён свету U-23 Павел Глінчук, які выступае ў катэгорыі да 130 кілаграмаў. У спісачных складах на 2024 год Глінчук быў прыпісаны да спартыўнага камітэта Узброеных сіл Лукашэнкі.
Можа, Глінчука абвесцяць пазней, але пакуль ад беларускіх цяжаў у Парыж дапушчаны толькі выкладчык універсітэта фізкультуры Дзмітрый Зарубскі, у якога сярод дасягненняў хіба што медалі нацыянальных чэмпіянатаў і невялікіх міжнародных турніраў.
У красавіку гэтага года Зарубскі і Глінчук правялі кантрольную схватку за права адправіцца на сусветны кваліфікацыйны турнір у Стамбул. Глінчук атрымаў упэўненую перамогу 7-1.
У спісе жанчын таксама ёсць адсутныя. У вагавай катэгорыі да 62 кілаграмаў пакуль не згаданая бронзавая прызёрка чэмпіянату Еўропы Вераніка Іванова, якая, як і Глінчук, прыпісаная да спорткамітэта лукашэнкаўскіх Узброеных сіл.
Пры гэтым МАК ухваліў кандыдатуру 23-гадовай Крысціны Сазыкінай. У актыве спартсменкі ёсць чэмпіянатаў свету і Еўропы U-23. У жніўні 2023-га Сазыкіна заваявала золата Гульняў СНД, а ў студзені гэтага года на Кубку Івана Ярыгіна ў Краснаярску стала другой.
Яшчэ пакуль застаецца без допуску бронзавая прызёрка АГ у Токіа, чэмпіёнка свету і Еўропы Ванэса Каладзінская, якая мае дачыненне ўсё да таго ж таварыства лукашэнкаўскіх сілавікоў «Дынама».
У красавіку 2024-га Каладзінская ўзяла ліцэнзію ў катэгорыі да 53 кілаграмаў, пасля чаго распавядала, што вельмі хоча даехаць да Алімпіяды. Але супраць яе кандыдатуры актыўна выступаў украінскі бок. 13 красавіка стала вядома, што украінцы накіравалі ў МАК ліст з патрабаваннем не дапускаць беларуску да Алімпійскіх гульняў, адзначаўшы, што спартсменка «парушае патрабаванні нейтралітэту». Таксама ў дакуменце было пазначана, што 9 студзеня 2024 года яна ўдзельнічала ў прапагандысцкім мерапрыемстве разам з Лукашэнкам. Тады Каладзінская атрымала прэмію Лукашэнкі за «духоўнае адраджэнне».
Пры гэтым МАК ухваліў Віялету Рэбікаву, якая выступае ў вагавой катэгорыі да 50 кг.
У актыве Рэбікавай (былой Чырык) ёсць золата юніёрскага ЧЕ дзесяцігадовай даўніны і медалі нацыянальных турніраў. У лістападзе 2023-га спартсменка стала пераможцай турніру імя Аляксандра Мядзведзя, але тады нават прапагандысцкія СМІ не ўтойвалі, што ўзровень спаборніцтваў ўпаў.
Адзначым, што існуючы спіс дапушчаных спартсменаў яшчэ не канчатковы і будзе дапаўняцца. Як думаеце, ці з'явяцца ў ім беларускія топы ад барацьбы?