На шляху беларуса да бронзы АГ стаялі славак, албанец і таджык – уляцеў ад другога. Дэ-факта гэта быў чэмпіянат Расіі ў Парыжы
Дапамог гэтаму яшчэ адзін «замежнік».
9 жніўня на АГ-2024 пачаў свой шлях беларускі спартсмен Магамедхабіб Кадзімагамедаў – яму ў апошні момант далі нейтральны статус, нягледзячы на дакументальна аформленае членства ў «сілавым» БФСТ «Дынама». У вольнай барацьбе ў вагавой катэгорыі да 74 кг атлет стартаваў у 1/16 фіналу – супернікам стаў Разамбек Жамалаў пад сцягам Узбекістана. Кадзімагамедаў перад АГ заяўляў, што «тры гады рыхтаваўся, каб алімпійскім чэмпіёнам стаць», а атрымаўся пшык – Жамалаў перамог без варыянтаў.
Але на гэтым шлях Кадзімагамамедава не скончыўся. У барацьбе дзве бронзы – за кожную змагаюцца паміж сабой усе, хто прайграў аднаму з фіналістаў, а Джамалаў узяў ды і дайшоў да сутычкі за золата. Таму 10 жніўня «нейтральнага атлета» чакала вось такая сетка за медаль.
Для бронзы трэба было перамагчы трох супернікаў – са Славакіі, Албаніі і Таджыкістана. Праўда ж?
Насамрэч у катэгорыі Кадзімагагомедава сетка склалася так, што ў Парыжы здарыўся чэмпіянат Расіі пад рознымі сцягамі. З’яжджалі з Радзімы расійскія барцы і да вайны ва Украіне і міжнароднага бана ў адказ – проста ад самой Расiі ў кожнай катэгорыі на вялікіх турнірах быў адзін удзельнік, а спартсменаў высокага ўзроўня ў кожным вiдзе ў гэтай краіне як мінімум некалькі. Вайна дадала матывацыі з’яжджаць – так і атрымалася, што на АГ-2024 у вольнай барацьбе няма прадстаўнікоў Расiі, а па факце ўдзельнічаюць аж 18 расiян.
У выпадку «бронзавай» сеткі Кадзімагамедава канцэнтрацыя дасягнула максімуму. Уласна, 26-гадовы Жамалаў, які «спрадусаваў» сітуацыю, – і сам расiянiн, які нарадзіўся і вырас у Дагестане. Толькі ў 2024-м спартсмен перайшоў ва Узбекістан – паспеў адабрацца на АГ і прынесці медаль новай краіне, прычым рыхтаваўся да Гульняў у расійскім Кіславодску.
28-гадовы Таймураз Салказанаў з роднай расійскай Паўночнай Асеціі ў Славакію з’ехаў у 2018-м – і браў золата на апошніх чатырох ЧЕ, заадно ўзяўшы два срэбра ЧС. Яшчэ адзін асецін, 25-гадовы Чэрмен Валіеў, у Албанію перайшоў у гэтым годзе – і паспеў выйграць Гран-пры ў Тыране. 30-гадовы Віктар Рассадзін – з расійскай Якуціі, у Таджыкістан пераехаў у 2023-м і падняўся ў больш цяжкую вагу, дзе ўзяў срэбра чэмпіянату Азіі. Усе трое ўзялі пуцёўкі на АГ у апошні момант – на майскім сусветным адборы, дзе аддавалі, уласна, заключныя тры алімпійскія месцы. А цяпер усе па чарзе патрапілі пад Жамалава – і прайгралi.
30-гадовы дагестанец Кадзімагамедаў, які ў Беларусь перайшоў у 2020-м, з Салказанавым з цяжкасцю, але справіўся – пры выніковым рахунку 6:6 пераможцам прызналі беларускага барца па дадатковым паказчыку. Пасля фінальнай сірэны Кадзімагамедаў без сіл лёг на мат, а ў роце спартсмена відаць было кроў.
Але з Валіевым нічога не атрымалася. Першы перыяд абодва барцы правялі пасіўна, а вось у пачатку другога натуралізаваны албанец правёў некалькі паспяховых кідкоў – і лік з 1:0 стаў 7:0 на яго карысць.
Толькі на апошняй хвіліне Кадзімагамедаў сам зайшоў на кідок і зарабіў два ачкі – але Валіеў у працэсе так выкруціўся, што і яму прысудзілі столькі ж.
А потым албанскі барэц захапіў Кадзімагамедава за ногі – і яшчэ адным рухам зрабіў лік 11:2. Беларускі бок запатрабаваў відэапрагляд – але і пасля яго суддзі вырашылі, што ўсё правільна, і ў якасці штрафу дадалі яшчэ бал Валіеву. 12:2 – разрыў у дзесяць ачкоў, згодна з правіламі, скончыў бой за 19 секунд да заканчэння часу. Зрэшты, магчыма, Кадзімагамедаў і так не змог бы працягнуць – пакуль глядзелі відэа, да яго выбягаў лекар, барэц трымаўся за левае калена.
Сыходзячы з мата зрынутым, Кадзімагамедаў агаліўся да пояса і накульгваў.
Беларуская барацьба абышлася без медалёў на гэтых АГ – ну а расiйскія разборкі ўвечары давершыць сутычка за бронзу паміж Валіевым і Рассадзіным.