Все новости

Трэнер брамнікаў «Крумкачоў» Макарэвіч пра тое, што падштурхнула да беларускай мовы: «Падзеі ва Украіне 2014 года. Вось тады я і пачаў шмат чытаць і шукаць адказы на пытанні»

15 июня 2022, 13:58

Трэнер брамнікаў «Крумкачоў», які нядаўна далучыўся за польскага клуба па пляжным футболе «Згода», расказаў тэлеграм-каналу «О, спорт! Ты – мир», як адбыўся яго пераход да беларускай мовы.

- У дзяцінстве вы гутарылі па-беларуску?

– Так! Выдатна памятаю, што на вёсцы ў бабулі (вёска Мэйры ў Лідскім раёне – заўв.), дзе я праводзіў шмат часу, мы амаль ўсе размаўлялі па-беларуску. Жыхары гэтай вёскі гутарылі выключна на роднай мове з польскім каларытам, бо большасць з іх вучылася ў школе па-польску. Вось і мы, іх ўнукі, калі прыязджалі на вакацыі, пераймалі пануючую ў вёсцы мову. Пазней я даведаўся ў мовазнаўцаў, што гэта быў віленскі дыялект беларускай мовы, бо не ўсе словы можна было знайсці ў сучасным слоўніку.

Мама і тата, пераехаўшы ў горад, ужо трасянілі, бо ў горадзе чамусьці было сорамна размаўляць па-вясковаму. Мяне бацькоўскі лёс таксама не абмінуў, і я, калі вяртаўся ў горад, пераходзіў на рускую мову, бо на ёй мы выхоўваліся ў садках і вучыліся ў школе.

- З чаго пачалі вяртацца да беларускасці?

– Пасля школы аказаўся на гістфаку БДУ завочнай формы навучання, дзе пачаў трохі цікавіцца гісторыяй. Чаму трохі? Прывяду да прыкладу словы аднаго майго выкладчыка, які калісьці казаў: «Верабей скончыў кансерваторыю завочна, а салавей вочна, вось і выбірайце, як вучыцца». Але адметным яшчэ было тое, што на гістфаку даволі шмат выкладалі па-беларуску і нават ад студэнтаў можна было пачуць родную мову. Потым яшчэ пазнаёміўся з [спеваком] Андрэем Усанавым і «Песнярамі».

- Што было канчатковай кропкай, пасля якой вы вырашылі пераходзіць на родную мову?

– Падзеі ва Украіне 2014 года. Вось тады я і пачаў шмат чытаць і шукаць адказы на пытанні. І прыйшоў да высновы, што абавязкова трэба пераходзіць на родную мову, бо другая дзяржаўная навязваецца нам гвалтоўна. Тады ж і перайшоў на беларускую.

- Як гэта было?

– Часова адмовіўся ад усяго рускага кантэнту: чытаў, глядзеў, размаўляў, пісаў па-беларуску, пераключыў на беларускую мову ўсе сацсеткі. І вось калі пачаў выпадкова казаць беларускія словы замест рускіх, зразумеў, што знаходжуся на правільным шляху. Мяркую, што і паступова перайсці атрымаецца, галоўнае, рабіць крокі насустрач, а вялікія ці дробныя – гэта як у каго атрымліваецца. Цалкам ад іншай мовы і не трэба адмаўляцца, як кажуць, колькі моваў ведаеш, столькі разоў ты чалавек, – распавёў Макарэвіч.