Чаму рэстарт чэмпіянату свету па мотакросе на Гран Пры Партугаліі – гэта не толькі добрая навіна
Фота: mxgp.com
У мінулыя выхадныя ў партугальскай Агэдзе сусветны мотакрос правёў ужо сёмы этап свайго сезону. Інтрыга па яго выніках абвастрылася ў абедзвюх катэгорыях, але толькі ў адным выпадку гэта абумоўлена спартыўнай барацьбой.
Усім нам прыемна, калі гоншчыкі спаборнічаюць за тытул у шчыльнай барацьбе. Далёка не ўсе серыі радуюць нас сёлета такой прыгажосцю, акрамя, бадай, чэмпіянату свету па мотакросе, але і тут, так бы мовіць, не ўсё так адназначна.
Не ў выпадку з малодшай катэгорыяй MX2, зрэшты. Тут усё якраз вырашаецца непасрэдна на трасах, якія часам бываюць мокрымі, як гэта было ў мінулыя выхадныя ў Агэдзе. Прычым сітуацыя была, здаецца, максімальна складанай для ўсіх, бо надвор’е цягам усяго ўік-энду было пераменлівым.
У адрозненні ад мінулагодняй версіі Гран Пры Партугаліі, гэтым разам яго заезды не нагадвалі заплывы, але нападаліся на слізкім грунце многія, у тым ліку фаварыты чэмпіянату. Як, напрыклад, гоншчык Nestaan Husqvarna Factory Racing Ліам Эвертс, які выйграў хол-шот на старце першай гонкі, але на першым жа кругу не ўтрымаў свой байк у вертыкальным становішчы.
Гэта было першае, але далёка не апошняе падзенне бельгійца цягам заезду, таму фінішаваў ён толькі адзінаццатым. А хутка пасля Эвертса ўпаў і яго напарніка па камандзе – дзейны чэмпіён і лідар турнірнай табліцы Кай дэ Вольфам. Нідэрландзец, зрэшты, вялікіх страт пазбег, саступіўшы толькі другую пазіцыю канкурэнту з Red Bull KTM Factory Racing Андрэа Адама, які напярэдадні выйграў кваліфікацыйны заезд.
Лідарам жа пасля непрыемнасці Эвертса стаў адзін з партнёраў Адама па калектыве Саша Коэнэн. Які ў самым пачатку чацвёртага круга… пераляцеў цераз стырно свайго матацыкла! Бельгіец гонку працягнуў, але фінішаваў у ёй толькі дзевятнаццатым, зрабіўшы яшчэ і візіт за межы трасы.
Перад Адама задача пасля гэтага паўстала простая: не нарабіць дурных памылак, з чым чэмпіён 2023 года справіўся, выйграўшы заезд. Другім мусіў фінішаваць дэ Вольф, але яго бліжэй да фінішу падлавіў на памылцы яшчэ адзін прадстаўнік заводскай каманды KTM Сімон Лангенфельдэр. Так што Кай задаволіўся трэцяй пазіцыяй.
Другім немец мог бы скончыць і другую гонку, але на першым яе кругу, займаючы другую пазіцыю, ён упаў. Аднак адыграўся затым ці не на сто адсоткаў, прарваўшыся на чацвёртую пазіцыю, на якой і атрымаў адмашку клецістым сцягам. А вось Эвертсу не пашанцавала – ён пры падзенні пашкодзіў матацыкл і сышоў з дыстанцыі.
Адама ж выйграў хол-шот на старце, хаця амаль адразу яго абагнаў Коэнэн. Лідарства Саша ўтрымліваў да сёмага круга, на якім Андрэа яго абышоў, каб затым адарвацца на чатыры секунды і выйграць і другі заезд. Коэнэн фінішаваў другім, дэ Вольфу ўдалася ўтрымаць трэцюю пазіцыю, хаця на яе пад канец заезду прэтэндаваў і Лангенфельдэр.
Сімон у выніку ўзышоў на ніжнюю ступень подыуму Гран Пры Партугаліі, дэ Вольф заняў на ім другое месца, ну а Адама перамог. Які цяпер на пару з Лангенфельдэрам уяўляе сабой рэальную пагрозу ўсё таму ж дэ Вольфу. Кай пакуль што лідзіруе, маючы 328 ачкоў, але Сімона ён апярэджвае на чатыры балы, а Андрэа – на дзесяць. KTM з 382-ма пунктамі па-ранейшаму першы сярод вытворцаў, Husqvarna, у якой 363 ачкі, на другой пазіцыі, Yamaha замыкае першую тройку, у яе 258 балаў.
Неспартыўнымі метадамі змянілася сітуацыя ў чэмпіянаце ў старэйшай катэгорыі MXGP. У другой гонцы папярэдняга этапу ў Швейцарыі вельмі непрыемныя падзенні перажылі прадстаўнік Monster Energy Yamaha Factory MXGP Максім Рэно і гоншчык Honda HRC Цім Гайсэр. Славенец, як меркавалася спачатку, проста вывіхнуў плячо, але пазней высветлілася, што без аперацыі не абысціся.
Таму Ціма мы ў Агэдзе не бачылі і, магчыма, пабачым яшчэ не хутка. Ён ужо сам пацвердзіў, што яму запатрабуецца шмат часу на аднаўленне здароўя і што за тытул ён сёлета ўжо не паспрачаецца. Шкада, калі лёс чэмпіёнства вырашаецца вось такім чынам, і ўсе астатнія прэтэндэнты на галоўную перамогу, напэўна, хацелі б атрымаць яе, змагаючыся з Гайсэрам на трасах. Ну хоць Рэно застаўся ў ладзе і выступіў у Патругаліі даволі нядрэнна, фінішаваўшы пятым у першай гонцы і дзявятым у другой.
Падзенняў хапала і сярод старшакласнікаў, прычым тое, што здарылася ў кваліфікацыйнай гонцы ў суботу, магло б вывесці з ладу яшчэ двух чэмпіёнаў, ломаных-пераломаных шмат разоў, праз што прапускалі ці не сезоны. Прадстаўнік KTM Джэфры Херлінгс вельмі няўдала прызямліўся на слізкі трамплін і ўпаў, а Рамэн Фэвр з Kawasaki Racing Team MXGP, які ехаў за ім, не паспеў адрэагаваць на жоўтыя сцягі і запаволіцца, і проста знёс нідэрландца. На шчасце, абодва пазбеглі траўм і выйшлі на старт у нядзелю.
Француз дык нават ледзь не выйграў хол-шот у першай гонцы, які дастаўся пераможцу кваліфікацыі з KTM Лукасу Коэнэну. Яны рухаліся побач усю дыстанцыю, і бліжэй да фінішу Фэвр паспрабаваў атакаваць Лукаса і нават выйшаў быў наперад, але памыліўся і саступіў лідарства бельгійцу ізноў, задаволіўшыся другой пазіцыяй. Трэцюю заняў партнёр Гайсэра па Хондзе Рубэн Фернандэс, якому цяпер прыйдзецца пэўны час аднаму абараняць гонар каманды. Што, трэба адзначыць, у Партугаліі ў яго атрымалася.
Іспанец і ў другой гонцы фінішаваў трэцім, дабіўшыся лепшага выніку ў кар’еры. Наогул, па выніках фінальнага заезду першая тройка выглядала аналагічным чынам, дый падзеі ў групе лідараў былі падобнымі. Коэнэн захапіў лідарства на старце, Фэвр прыстоіўся следам і чакаў ад маладога бельгійца памылкі. У пэўны момант нават да секунды з малым скараціў адставанне, але збавіў тэмп, калі на апошніх кругах з новай сілай пайшоў дождж.
Першая тройка па выніках этапу выглядала гэтак жа, як і вынікі абедзвюх гонак: Коэнэн першы, Фэвр другі, Фернандэс трэці. Галоўнае ж, што Гайсэр ужо саступіў лідарства ў чэмпіянаце Фэвру, у якога 330 ачкоў супраць 305 у Ціма, які апусціўся пакуль што на другі радок. Коэнэн з 287-мю баламі замыкае першую тройку. У заліку вытворцаў, маючы 364 ачкі, лідзіруе пакуль што Honda, Kawasaki на другой пазіцыі з 336-цю пунктамі, што роўна на трыццаць болей, чым у KTM, які ідзе трэцім.
Наступны этап чэмпіянату свету па мотакросе – Гран Пры Іспаніі – пачынаецца ўжо літаральна заўтра. Будзем спадзявацца, што і на ім, і на ўсіх астатніх, перамены ў турнірных табліцах будуць мяняцца не ўвыніку сходаў каго б там ні было. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!