Традыцыйная разнастайнасць серыі GT World Challenge Europe у Брэндс-Хэтчы
У мінулыя выхадныя ў брытанскім Брэндс-Хэтчы прайшоў другі этап серыі GT World Challenge Europe. Фармат Sprint прадугледжвае дзве асобныя кароткія гонкі, і яны гэтым разам парадавалі зусім не аднолькавымі вынікамі.
Тым і добрыя гонкі ў класе Gran Turismo, што адна на другую падобныя рэдка. Расклад сіл тут можа заўважна мяняцца ад этапу да этапу, ад трасы да трасы, і ў кожным выпадку свае лепшыя бакі паказваюць розныя пілоты і экіпажы. Брэндс-Хэтч у гэтым сэнсе быў паказальным.
Серыя GT World Challenge Europe прыязджае на гэтую брытанскую трасу не ўпершыню, і кожны раз падзеі тут развіваюцца па розных сцэнарыях, тым больш што этапы тут праводзяцца менавіта ў фармаце Sprint. Гэтым разам абедзве гадзінныя гонкі прайшлі ў нядзелю, пры практычна аднолькавых умовах, але вынікі іх адрозніваліся.
Кваліфікацыя да першай скончылася міні-сенсацыяй – перамогай шэсцьдзесят дзявятага экіпажа Emil Frey Racing, за які выступаюць Цьеры Вермюлен і Крыс Лулам і які адносіцца да залатой (адносна аматарскай) катэгорыі. Першы з іх затым выдатна стартаваў і здолеў на тры секунды ад’ехаць ад бліжэйшага з пераследнікаў, якім быў Марвін Кірхофер на пяцьдзясят дзявятым McLaren 720S GT3 EVO каманды Garage 59.
Дасведчаны Кірхофер, які на старце апярэдзіў пяцьдзясят першую Ferrari 296 GT3 калектыву AF Corse - Francorchamps Motors, затым, аднак, наблізіўся да такой жа машыны з Вермюленам за стырном наперадзе. Было зразумела, што многае, калі не ўсё, вырашыць абавязковы піт-стоп, на які абодва гоншчыкі накіраваліся максімальна рана і адначасова.
Абслугоўванне машыны і змена гоншчыка лепей прайшла ў Garage 59, аднак Луламу ўдалася выехаць на трасу акурат перад цяпер ужо Бенджамінам Гётэ, зменшчыкам Кірхофера. Патэнцыйна гэта была барацьба за перамогу, але проста бліскучы піт-стоп пазней правялі ў AF Corse - Francorchamps Motors са сваім пяцьдзясят першым экіпажам.
Алесіа Равэра, які праводзіў першы адрэзак і які стаў лідарам пасля піт-стопу двух экіпажаў канкурэнтаў наперадзе, затрымаўся на трасе на адзін круг і быў на ім дастаткова хуткім, каб ужо Вінсэнт Абрыль па вяртанні на трасу застаўся перад супернікамі. Дакладней, акурат перад носам у Лулама, які практычна адразу пайшоў у атаку ў павароце Druids. Але Крыс, нырнуўшы ва ўнутраны радыюс, перастараўся, зачапіў траву і не толькі не абагнаў Равэру, але і прапусціў наперад Гётэ.
Той паспрабаваў быў сам атакаваць Равэру, аднак Алесіа здолеў абараніцца і ўтрымаў лідарства да фінішу, прынёсшы сваім экіпажу і камандзе перамогу. Кірхофер і Гётэ занялі другое месца, Вермюлен і Лулам фінішавалі трэцімі, хаця ў сваёй залатой катэгорыі выйгралі гонку.
У другой гонцы былі ўжо іншыя фаварыты, прытым што Вермюлен і Лулам зноў кваліфікаваліся выдатна – другімі. Поўл жа дастаўся звышдасведчаным Лукас Аўэр і Мара Энгель з сорак восьмага экіпажа Winward Racing. Энгель затым пачынаў гонку, і зрабіў гэта паспяхова, утрымаўшы лідарства на старце, які прайшоў адносна спакойна.
Аднак другі заезд усё ж такі не абышоўся без нейтралізацыі, спачатку рэжымам жоўтых сцягоў па ўсёй трасе, а затым і кароткім перыядам рэальнага аўтамабілю бяспекі. На дваццатай хвіліне спатрэбілася эвакуацыя дзевятнаццатага Lamborghini Huracan GT3 EVO 2 каманды Grasser Racing, які апынуўся ў гравіі, і гэты інцыдэнт адклаў час абавязковых піт-стопаў, якія ў звычайных умовах праводзяцца пасярэдзіне дыстанцыі.
На рэстарце Энгель захаваў лідарства, а на піт-стоп накіраваўся пры першай жа магчымасці, як і Лулам, і Сэндзі Мітчэл з семздесят восьмага экіпажа Barwell Motorsport, за які таксама выступае Хуга Кук. Але ў выпадку і з шэсцьдзесят дзявятай Ferrari, і з семдзесят восьмай Lamborghini піт-брыгады адпрацавалі не бліскуча, і экіпажы адкаціліся далёка назад. Гоншчыкі Barwell Motorsport фінішавалі ў выніку толькі сёмымі, а прадстаўнікі Emil Frey Racing – дзявятымі.
Хто на піт-стопе адыграўся, дык гэта каманда Team WRT са сваім трыццаць другім экіпажам. Калі Кэльвін ван дэр Ліндэ, які гонку пачынаў, да піт-стопу быў шостым, то Шарль Віртс вярнуў іх BMW M4 GT3 EVO на трасу на другой пазіцыі, на якой і фінішаваў. Аўэр і Энгель, чыя каманда таксама добра адпрацавала на піт-стопе, выйгралі гонку, а трэцяе месца занялі Свэн Мюлер і Патрык Нідэрхаўзэр з дзевяноста шостага экіпажа Rutronik Racing.
Для гэтай каманды заезд склаўся неадназначна – другі яе Porsche 911 GT3 R пад дзевяноста сёмым нумарам вылецеў з трасы ў павароце Westfield. Затое Мюлер, які пасля піт-стопу ішоў чацвёртым, на апошніх кругах абагнаў чатырнаццатую Ferrari каманды Emil Frey Racing пад кіраваннем Бэна Грына, які прыняў змену ад Консты Лапалайнена. Той, дарэчы, фінішаваў наогул пятым, прапусціўшы наперад яшчэ і пяцідзясяты экіпаж AF Corse - Francorchamps Motors, за які выступаюць Артур Леклер і Томас Нойбаўэр.
Пасля двух этапаў лідарамі чэмпіянату ў камандным заліку застаецца Team WRT, у якой 51 бал. Другую пазіцыю з 41-м ачком займае M-AMG Team, замыкае першую тройку Rutronik Racing, у якой 38 пунктаў. Сярод гоншчыкаў, маючы 48 ачкоў, лідзіруюць Віртс і ван дэр Ліндэ, Аўэр і Энгель саступаюць ім дзесяць балаў і займаюць другую пазіцыю, трэція Нідэрхаўзэр і Мюлер, у іх 34,5 бала.
Наступны этап GT World Challenge Europe пройдзе таксама ў фармаце Sprint у нідэрландскім Зандварце 16-18 мая. Можна не сумнявацца, што і яго падзеі не будуць падобнымі на падзеі ў Брэндс-Хэтчы, за што мы і любім гонкі ў класе Gran Turismo. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!