Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Усе супраць Ferrari на гонцы 6 гадзін Спа

Усе супраць Ferrari на гонцы 6 гадзін Спа

Фота: FIAWEC / DPPI

Этап чэмпіянату свету па аўтагонках на цягавітасць на бельгійскай трасе Спа-Франкаршам заўсёды лічыўся генеральнай рэпетыцыяй перад сутачным марафонам у Ле Мане. І калі гэтак жа ўспрымаць той, што прайшоў у гэтыя выхадныя, то лепей за ўсіх да цэнтральнай падзеі сезону гатовыя ў Ferrari AF Corse.

Я не буду зараз кранацца тэмы балансу прадукцыйнасці, які абмяжоўвае паказчыкі адных гіперкараў і крыху раздушвае іншыя – спрэчкі на гэтую тэму не скончацца ніколі. Проста канстатую, што ў гэтым сезоне WEC машыны Ferrari 499P заўважна прыбавілі ў хуткасці, сведчаннем чаму да гэтага былі перамогі экіпажаў на іх у Катары і Імале. Заводская каманда паўтарыла поспех і ў Спа, хаця гэтым разам яна пачула і гучны выклік з боку канкурэнтаў.

Кваліфікацыю, якая традыцыйна праходзіла ў пятніцу, выйграў пяцідзясяты экіпаж Ferrari AF Corse, у якім выступаюць Антоніа Фуока, Мігель Маліна і Ніклас Нільсэн. Следам за імі размясціліся Роберт Кубіца, Іфэй Е і Філіп Хансан з восемдзесят трэцяга экіпажа фармальна сатэлітнага калектыву AF Corse, а заводскі пяцьдзясят першы ў складзе Алесанда П’ер Гуідзі, Джэймса Калада і Антоніа Джавінацы кваліфікаваўся трэцім.

Многія, напэўна, чакалі, што ў Спа італьянскія прататыпы акупіруюць і подыум па выніках гонкі, але тут ужо тое-сёе не па плане пайшло і ў стане Ferrari. Гаворка, канечне, не пра абгон Хансана Джэймсам Калада цягам першай траціны дыстанцыі, а пра механічныя праблемы (імаверна, з турбінай) на восемдзесят трэцяй машыне, якія ўзніклі хутка пасля і праз якія экіпаж доўгі час правёў у боксах.

Вярнуць яго ў гонку ў выніку атрымалася, але пра подыум гаворкі ўжо не ішло – Кубіца, Е і Хансан фінішавалі пятнаццатымі, хаця і не апошнімі ў катэгорыі гіперкараў. Таму супрацьстаяць уціску з боку супернікаў прыйшлося пілотам на заводскіх прататыпах. А ўціск, дарэчы, аказваўся з даволі нечаканага боку.

Напрыклад, на трэцяй гадзіне, пасля піт-стопу пяцідзясятага экіпажа Ferrari, у лідары выйшаў Фрэдэрык Макавекі на трыццаць шостай машыне Alpine Endurance Team, на якой таксама выступаюць Жуль Гунон і Мік Шумахер. Маліне ўдалася вярнуцца на трасу перад французам, але той, ужо правёўшы свой піт-стоп, паспеў прагрэць шыны і на спуску да Eau Rouge абагнаў італьянца. А Джавінацы, які на той момант ішоў трэцім, умыдрыўся прапусціць наперад дзевяноста трэці прататып каманды Peugeot TotalEnergies пад кіраваннем Пола дзі Рэсты, разам з якім выступаюць Мікел Енсэн і Жан-Эрык Вернь.

Брытанец праводзіў ужо трэці адрэзак на адным і тым жа камплекце шын, а калі ўжо Вернь застаўся на трасе падчас нейтралізацыі гонкі аўтамабілем бяспекі (патрабавалася эвакуацыя разбітай на выхадзе з Les Combes дзевяноста пятай McLaren 720S LMGT3 Evo каманды United Autosports), гіперкар Peugeot 9X8 наогул падняўся на першую пазіцыю. Пазней, праўда, дзевяноста трэці экіпаж лідарства ўсё роўна саступіў, а фінішаваў наогул адзінаццатым, але сам факт яго барацьбы з лідарамі натхніў многіх.

Пасля піт-стопу Верня ў лідары вярнуўся пяцідзясяты экіпаж Ferrari, але Фуока, які на той момант працаваў на трасе, папаў пад расследаванне з боку суддзяў за парушэнне на піт-лэйне. Таму падчас чарговай нейтралізацыі гонкі аўтамабілем бяспекі экіпажы каманды размяняліся пазіцыямі на піт-стопе. Ну а чарговая тактычная гульня, калі на італьянскіх гіперкарах, у адрозненні ад трыццаць шостага Alpine A424, не мяняліся шыны, дазволіла вывесці іх на першыя дзве пазіцыі.

Таксама ў Ferrari вырашылі запраўляць пяцьдзясят першую машыну меншай колькасцю паліва, што было рызыкоўна, бо патрабавала дадатковага прыпынку ў боксах. Аднак да апошняга візіту ў боксы П’ер Гуідзі нарасціў адрыў дастаткова, каб застацца лідарам і па вяртанні на трасу. Разам з Калада і Джавінацы ён атрымаў перамогу, а пяцідзясяты экіпаж, які ў выніку пазбег пакарання, заняў другое месца. Трэцімі фінішавалі Гунон, Макавекі і Шумахер, якія паўтарылі сваё дасягненне ў Імале.

У катэгорыі LMGT3 у Спа наогул паўтарылася гістарычная дуэль Ford і Ferrari, хоць спачатку гэтага не планавалася. З поўлу гонку пачынаў семдзесят восьмы экіпаж Akkodis ASP Team, за які выступаюць Арнольд Робін, Фін Герсітц і Юічы Накаяма. Але атрымаць першую перамогу на Lexus RC F LMGT3 ім не дазволіў у тым ліку павольны піт-стоп, пасля якога экіпаж адкаціўся далёка назад і фінішаваў толькі восьмым.

Нечакана хуткімі ў Спа выглядалі і два Ford Mustang LMGT3 каманды Proton Competition, якія, так ужо атрымалася, спаборнічалі якраз з канкурэнтамі з VISTA AF Corse на іх Ferrari 296 LMGT3. Прычым Томас Флор, Франчэска Кастэлачы і Давідэ Рыгон на пяцьдзясят чацвёртай машыне стартавалі пятымі, а Франсуа Херыо, Сайма Мэн і Алесіа Равэра на дваццаць першай – наогул сёмымі.

Але ў марафонскіх гонках больш важнае значэнне мае хуткасць на доўгіх дыстанцыях і стратэгія, якая і дазволіла VISTA AF вывесці свае экіпажы ў групу лідараў, чаму паспрыялі і перыяды аўтамабіля бяспекі. І менавіта Херыо, Мэн і Равэра атрымалі перамогу, ажно на сорак секунд апярэдзіўшы восемдзесят восьмы Мустанг Proton Competition пад кіраннем Стэфана Гатуса, Джіамарка Леварата і Дэніса Ольсэна, якія занялі другое месца.

Партнёры пераможцаў па камандзе Флор, Кастэлачы і Рыгон замкнулі першую тройку. Вось у іх барацьба з канкурэнтамі з Proton Competition была шчыльнай, і семдзесят сёмы Ford, на якім выступалі Бернарда Соўса, Бэн Так і Бэнджамін Баркер, яны на фінішы апярэдзілі ўсяго на секунду, а Гатуса, Леварата і Ольсэну саступілі меней дзвюх.

Першая тройка чэмпіянату ў заліку гоншчыкаў катэгорыі гіперкараў па выніках этапу ў Спа не змянілася, хаця адрывы ў ёй павялічыліся. Залік вытворцаў у гіперкарах па-ранейшаму ўзначальвае Ferrari, у якой ужо 136 балаў, Toyota з 71-м ачком на другой пазіцыі, BMW, маючы 64 балы, па-ранейшаму замыкае першую тройку. У Спа лепшымі прадстаўнікамі японцаў сталі Себасцьен Буэмі, Брэндан Хартлі і Рыа Хіракава з восьмага экіпажа, якія занялі чацвёртае месца, Кэвін Магнусэн і Рафаэле Марчэла з пятнаццатага экіпажа BMW фінішавалі дзясятымі.

П’ер Гуідзі, Джавінацы і Калада лідзіруюць з 75-цю ачкамі, Фуока, Маліна і Нільсэн другія, у іх 57 балаў, Хансан, Кубіца і Е трэція і маюць 39 пунктаў. Бэн Кіцінг, Даніэль Хункадэла і Джоні Эдгар з трыццаць трэцяга экіпажа TF Sport у Спа фінішавалі толькі трынаццатамі, аднак захавалі лідарства ў Трафеі LMGT3. Хаця са сваімі 44-ма ачкамі яны ўсяго на чатыры апярэджваюць Равэру, Херыо і Мэна, якія падняліся на другую пазіцыю. Трэцюю займаюць Робін і Герсітц, у якіх 38 балаў.

Наперадзе ва ўдзельнікаў WEC ва ўсіх сэнсах цэнтральная падзея сезону – гонка 24 гадзіны Ле Мана, якая пройдзе 14-15 чэрвеня. Так, экіпажы Ferrari пакуль што выглядаюць мацнейшымі за астатніх, але на кальцы Сартэ, як мы ўсе выдатна ведаем, значэнне мае не толькі чыстая хуткасць, таму ў любым выпадку чакаем цікавых падзей. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!