Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Vive la France! Жоан Зарко здзейсніў мару сваіх суайчыннікаў на хатнім Гран Пры

Vive la France! Жоан Зарко здзейсніў мару сваіх суайчыннікаў на хатнім Гран Пры

Фота: motogp.com

Першы француз – пераможца Гран Пры Францыі чэмпіянату свету MotoGP за семдзесят адзін год! Не атрымалася ў чэмпіёна 2021 года Фабіа Куартарара, затое атрымалася ў Жоана Зарко, ды яшчэ і ў гонцы, якая сама па сабе запомніцца ўсім надоўга.

Вада дае жыццё. У тым ліку калі яна льецца з неба на гоначную трасу, на якой праходзіць спаборніцтва. У такім выпадку ажывае нават самая сумная гонка, і галоўная нядзельная Вялікага Прызу Францыі, што праходзіў у мінулыя выхадныя, стала яскравым прыкладам.

Першым надзею французам, што прыйшлі на трасу Бугаці ў Ле Мане, аднак, падарыў згаданы вышэй Фабіа Куартарара. Гоншчык Monster Energy Yamaha MotoGP сенсацыйна выйграў поўл і натуральным чынам наважваўся бліснуць і ў суботнім спрынце, і ў нядзелю. Ну, Эль Д’ябла хаця б паспрабаваў, дзякуй яму і за гэта.

Старт спрынту, зрэшты, чакана выйграў шасціразовы чэмпіён прэм’ер-катэгорыі і лідар бягучага чэмпіянату з Ducati Lenovo Team Марк Маркес. Іспанец вырваўся быў на першую пазіцыю, але ў другім павароце перастараўся і прапусціў Куартарара наперад на радасць трыбунам.

Трыбуны тыя наўрад ці так ужо радаваліся падзенню напарніка Маркеса і некалі галоўнага канкурэнта Куартарара Франчэска Баньяі, якое здарылася на другім кругу ў трэцім павароце і скончыла ўдзел Пэка ў спрынце. А вось той факт, што мясцовы герой даволі доўга ўзначальваў заезд, прыйшоўся ўсім даспадобы.

Прычым Маркесу на шостым кругу спатрэбілася дзве спробы атакі на Куартарара, і першая ў трэцім павароце не прайшла – Марк ізноў памыліўся, і Фабіа вярнуў сабе першую пазіцыю. Але ў восьмым павароце Маркес усё ж такі перахапіў лідарства ў француза і пачаў хутка ад яго адрывацца.

Ну а ззаду Куартарара ўжо падціскалі гоншчыкі BK8 Gresini Racing MotoGP. І спачатку на восьмым кругу ў другім павароце гоншчык Ямахі прапусціў наперад Алекса Маркеса, а пазней і Ферміна Альдэгера. Хіба што дэбютанта дасведчаны француз контратакаваць усё ж такі паспрабаваў, але ў выніку ўсё роўна задаволіўся чацвёртым месцам.

Альдэгер жа ўпершыню фінішаваў у Топ-3, хай і ў спрынце, Алекс Маркес заняў другое месца, ну а Марк атрымаў перамогу. Пасля чаго ўсіх зноў пачалі мучыць флэшбэкі некалькіх папярэдніх этапаў, калі за перамогу ў гонках, а заадно і за лідарства ў чэмпіянаце, спрачаліся ў асноўным браты Маркесы. На шчасце, у нядзелю сітуацыя памянялася карэнным чынам.

Тут-та мы і дзякуем дажджу, які намачыў трасу перад стартам гонкі ў прэм’ер-класе і ўзбаламуціў увесь падак. На прагрэўны круг усе гоншчыкі адправіліся на сліках, але адразу стала зразумела, што лепей так не рызыкаваць, той жа Куартарара ледзь не страціў свой байк. Дырэкцыя гонкі адразу выкінула чырвоныя сцягі і скараціла дыстанцыю на адзін круг.

На наступны ўсталявальны ўсе выехалі на матацыклах з дажджавымі наладамі і на шынах для сырой трасы, але ці не палова пелатону пасля яго вярнулася ў боксы ізноў і перасела на «сухія» матацыклы, у тым ліку ўсіх лідараў акрамя Баньяі. Прагрэўны ўся гэтая вялікая кампанія пачала з піт-лэйна і атрымала па два штрафы ў выглядзе праезду па штрафной зоне трасы (так званы Long Lap Penalty).

Стартавала ж гонка адразу з драмы: Баньяя зноў упаў у трэцім павароце! На гэты раз праз кантакт са сваім былым напарнікам, а цяпер гоншчыкам Red Bull KTM Tech3 Энеа Басціаніні. І ў гэтым замесе паўдзельнічаў Жоан Зарка, які вымушаны быў праехацца па гравіі! Баньяя пры гэтым падняўся і сам накіраваўся ў боксы за матацыклам з сухімі наладамі, а гоншчыкі наперадзе тым часам наведвалі штрафную зону.

А вось Куартарара неўзабаве склаў зброю, упаўшы ў апошнім павароце разам з прадстаўніком Red Bull KTM Factory Racing Брэдам Біндэрам. Здавалася, што пачуць Марсэльезу на подыумнай цырымоніі Гран Пры Францыі MotoGP не атрымаецца і гэтым разам, аднак у гонцы застаўся яшчэ адзін француз – той, які выступае за CASTROL Honda LCR.

Жоан Зарко не кідаўся туды-сюды, выбіраючы шыны, а скарыстаўся рэкамендацыяй дырэкцыі гонкі стартаваць на дажджавых шынах. Таму калі тыя, хто рызыкнуў, усвядомілі свае памылкі і ўжо па ходу гонкі пераселі на правільныя байкі, Жоан апынуўся на першай пазіцыі. Следам за ім у сямі секундах знаходзіўся гоншчык Prima Pramac Yamaha MotoGP Мігель Алівейра, але яго пасля сваіх піт-стопаў без цяжкасцей адолелі абодва Маркесы.

Аднак угнацца за Зарко яны былі не ў стане – Жоан нарошчваў свой адрыў! А там яшчэ і Алівейра з Алексам Маркесам прыкладна на сярэдзіне дыстанцыі выбылі з гонкі, упаўшы ў апошнім і ў трэцім паваротах адпаведна. Марк Маркес стаў фактычна адзіным пераследнікам Зарко, на трэцюю пазіцыю падняўся прадстаўнік заводскага калектыву KTM Педра Акоста, але яго неўзабаве абагнаў Альдэгер, які нарэшце заваяваў і першы подыум па выніках галоўнай гонкі.

Марк Маркес выканаў сваю чэмпіянатную задачу, фінішаваўшы другім, ну а Жоан Зарко атрымаў другую ў кар’еры, але такую важную для яго самога і яго суайчыннікаў на трыбунах перамогу. Дый для Хонды, чые гоншчыкі – ні з заводскай каманды, ні з сатэлітнай – даўно не выйгравалі гонак. Жоан поўнасцю заслужыў Марсэльезу ў свой гонар, як і ўся Францыя.

Што ж да Марка Маркеса, то ён лідзіруе ў чэмпіянаце ўжо са 171-м ачком, Алекс захоўвае другую пазіцыю і мае 149 балаў. Баньяя, які ў Ле Мане фінішаваў шаснаццатым, па-ранейшаму замыкае першую тройку, у яго 120 пунктаў. Ducati Lenovo Team узначальвае камандны залік, маючы 291 бал, BK8 Gresini Racing MotoGP на другой пазіцыі са 197-мю ачкамі, трэцюю займае Pertamina Enduro VR46 Racing Team, у якой 159 балаў.

Як бачым, бліскаць у MotoGP могуць не толькі Маркесы і не толькі гоншчыкі на Ducati Desmosedici. Таму нашы чаканні ад Сільверстоўна, які будзе 23-25 мая прымаць Гран Пры Вялікабрытаніі, высокія. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!