Цераз падзенні да перамог. Фэвр і дэ Вольф паказалі добры прыклад на мотакросавым Гран Пры Іспаніі
Фота: mxgp.com
Перамагае той, хто не здаецца. Менавіта такім лозунгам кіруюцца лепшыя гоншчыкі ў чэмпіянаце свету па мотакросе, і ў іспанскім Луга ў мінулыя выхадныя правільнасць такога падыходу на практыцы даказалі лідары турнірных табліц Рамэн Фэвр і Кай дэ Вольф. За свае перамогі ім насамрэч прыйшлося пазмагацца.
Зноў, як і ў выпадку з Гран Пры Францыі чэмпіянату MotoGP, мы канстатуем, што дождж робіць гонкі цікавейшымі. Дажджоў па ўсёй Еўропе зараз ідзе шмат, дажджавым быў і папярэдні мотакросавы Гран Пры Партугаліі. Вось і на іспанскім этапе ападкі каго парадавалі, а каму і натуральна ўскладнілі жыццё.
У рознай ступені дажджавымі выдаліся і кваліфікацыйныя гонкі ў суботу. У малодшай катэгорыі ў складаных умовах ярчэй за ўсіх бліснуў прадстаўнік Monster Energy Yamaha Factory MX2 Цібольт Беністан, які і выйграў заезд. Але ў першай з нядзельных гонак, якая проста пад дажджом стартавала, фаварыты былі ўжо іншыя.
Беністан, аднак, выйграў хол-шот і нават пэўны час лідзіраваў, а следам за ім прыстроіўся спачатку гоншчык Monster Energy Triumph Racing Камдэн МакЛелан. Ззаду тым часам ужо абганяў аднаго суперніка за адным дзейны чэмпіён і лідар бягучага чэмпіянату з Nestaan Husqvarna Factory Racing Кай дэ Вольф, які за першы ж круг прарваўся на трэцюю пазіцыю.
МакЛелан, насупраць, тэмп страціў і пачаў адкочвацца назад, фінішаваўшы ў выніку толькі сёмым, тады як дэ Вольф ужо на другім кругу апярэдзіў і Беністана, што пазней зрабіў і партнёр нідэрландца па камандзе Ліам Эвертс, які фінішаваў другім. Цібольт задаволіўся трэцяй пазіцыяй, ну а Кай выйграў першую гонку.
Да старту другой траса паспела падсохнуць, але на вынік гэта наўпрост не паўплывала. Дрэнны старт дэ Вольфа быў абумоўлены кантактам з усё тым жа Беністанам, пасля гэтага дзейнаму чэмпіёну прыйшлося прарывацца з сярэдзіны другой дзясяткі. Прарваўся ён у выніку на чацвёртую пазіцыю, якой яму хапіла для перамогі, таму што ніхто з тых, хто фінішаваў у першай тройцы, не бліснуў у першым заездзе.
Склалі гэтую самую першую тройку прадстаўнікі Red Bull KTM Factory Racing. Адзін з іх, Саша Коэнэн, які ў першай гонцы фінішаваў шостым, у другой выйграў хол-шот. За яго спінай паміж сабой разбіраліся Сімон Лангенфельдэр, які праз два падзенні ў першай гонцы скончыў яе восьмым, і Андрэа Адама, які фінішаваў у папярэднім заездзе пятым. На чацвёртым кругу італьянец абагнаў немца ў спрэчцы за другую пазіцыю, а Коэнэн бліжэй да фінішу сваім падзеннем падарыў яму і першую, а сам скончыў заезд на другой.
На подыуме ж Андрэа і Саша стаялі на другой і трэцяй пазіцыях адпаведна, тады як дэ Вольф святкаваў перамогу. Яна дапамагла Каю замацавацца на першай пазіцыі чэмпіянату, дзе ён мае 380 ачкоў. Лангенфельдэр захаваў другую пазіцыю, у яго 365 балаў, што на шэсць болей, чым у Адама, які замыкае першую тройку. Залік вытворцаў з 431-м пунктам узначальвае KTM, Husqvarna другая, у яе 315 балаў, на трэцяй пазіцыі Yamaha, у якой 304 ачкі.
У старэйшай катэгорыі MXGP у першай гонцы са старту дамінаваў новы лідар чэмпіянату (Цім Гайсэр, які быў ім да гэтага, нагадаю, праз траўму пляча на Гран Пры Швейцарыі надоўга выбыў з ладу) Рамэн Фэвр. Француз з Kawasaki Racing Team MXGP на трасе, якая падсыхала, выступіў беспамылкова і першым атрымаў адмашку клецістым сцягам. Другім фінішаваў яго суайчыннік з Monster Energy Yamaha Factory MXGP Максім Рэно, а трэцім – прадстаўнік заводскай Хонды Рубэн Фернандэс.
Што ж да Фэвра, то яму ў мінулы ўік-энд давялося ўпасці ў кваліфікацыйнай гонцы на сырой трасе і ў другой нядзельнай ужо на амаль сухой. Прычым упаў ён на першым жа кругу, захапіўшы перад гэтым лідарства на старце. Таму адкаціўся Рамэн разам на восьмую пазіцыю, з якой, канечне, адразу ўзяўся прарывацца наперад.
Там, наперадзе, гоншчыка заводскай Ямахі Кальвіна Вландэрэна, які стаў лідарам пасля падзення Фэвра, на першым жа кругу абагнаў завадчанін KTM Лукас Коэнэн, які і выйграў у выніку заезд. А пад самы канец гонкі, на пятнаццатым кругу з сямнаццаці, нідэрландца пакінуў ззаду і Фэвр, які пасля свайго прарыву фінішаваў другім.
Вландэрэн скончыў заезд на трэцяй пазіцыі, а следам за ім адмашку клецістым сцягам атрымаў Фернандэс, які заняў выніковае трэцяе месца на Гран Пры. Коэнэн падняўся на другую ступень подыуму, а на яго вяршыні стаяў Фэвр, які таксама замацаваў сваё лідарства ў чэмпіянаце.
У француза 386 ачкоў супраць 337-мі ў Коэнэна, які займае другую пазіцыю. Гайсэр з 305-цю баламі пакуль што трэці. Honda, у якой 402 ачкі, пакуль што застаецца лідарам заліку вытворцаў, але Kawasaki, займаючы другую пазіцыю, саступае ёй усяго дзесяць пунктаў. KTM, у якога 356 балаў, трэці.
Наступным этапам чэмпіянату свету па мотакросе стане Гран Пры Францыі, які пройдзе ў Эрнэ 23-25 мая. Калі і ён будзе дажджавым, сітуацыя ў турнірных табліцах можа заўважна памяняцца. Прынамсі, гонкі дакладна будуць цікавейшымі. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!