«Барбі» ў напаўпрытомным стане, бэкфіст для Шакуты. 6 эпічных накаўтаў, у якіх пабывалі байцы з Беларусі
Адбітая нага Кулебіна, той самы скачок Арлоўскага і іншае.
У гісторыі беларускіх адзінаборстваў хапала топавых байцоў. Андрэй Арлоўскі быў чэмпіёнам UFC, а баксёр Сяргей Ляховіч браў тытул па версіі WBO у цяжкай вазе. У кікбоксінгу і тайскім боксе ўвогуле калісьці была безліч тытулаў. Але нават у выбітных спартсменаў здараюцца чорныя дні. Вось якімі яны былі ў топаў з Беларусі.
Андрэй Арлоўскі
Класіка ММА. У студзені 2009-га Арлоўскага сустракаўся з Фёдарам Емяльянекам у Анахайме (ЗША). Першы раўнд ішоў з перавагай беларуса. Ён дамінаваў і ў нейкі момант загнаў легенду прамоўшна Pride у кут. Арлоўскі настолькі натхніўся сваімі лакальнымі поспехамі, што вырашыў эфектна атакаваць расіяніна каленам у галаву са скачка. Але то была фатальная памылка. Емяльяненка паспеў выкінуць насустрач правы крос – і, здаецца, яго супернік прызямляўся ўжо без прытомнасці. Пасля ўдару Арлоўскі не мог акрыяць некалькі хвілін.
Кацярына Вандар’ева
Нячаста ўбачыш, як эфектная бландзінка падае на канвас у напаўсвядомым стане, але бывае і такое. У кастрычніку 2019-га беларуская «Барбі» ўдзельнічала ў турніры азіяцкага прамоўшна ONE Championship – ONE Championship 100: Century. У вазе atomweight (да 52,2 кг) ёй супрацьстаяла амерыканка Джанет Тод. Букмекеры лічылі фаварыткай Вандар’еву і давалі каціроўкі на яе перамогу ў раёне 1.50. Аднак ні розніца ў антрапаметрыі, ні нейкія расклады не перашкодзілі Тод накаўтаваць апанентку. У другім раундзе Вандар'ева прыняла на галаву магутны хай-кік, пасля чаго бой для яе скончыўся.
Андрэй Кулебін і Віталь Ахраменка
Накаўт ударам па назе. Хто не соча за адзінаборствамі, можа сказаць, што так не бывае, але бывае і яшчэ як. Беларускія байцы не дадуць схлусіць.
У сакавіку 2012-га Кулебін на запрашэнне прамоўшна The Main Event біўся ў Манчэстэры з мясцовым тайбаксёрам Ліамам Харысанам. Брытанец быў андэрдогам у тым паядынку, і быццам бы на пачатку для госця ўсё ішло, як мае быць. На апошніх хвілінах першага раўнда сённяшні падпісант за беззаконне ў Беларусі локцем зламаў Харысану нос. Аднак той не здаўся і паслядоўнымі правымі лаўкікамі адбіў Кулебіну нагу так, што той датэрмінова здаўся за некалькі секунд да канца трэцяга раўнда:
У жніўні 2013-га падобная сітуацыя здарылася з Віталём Ахраменкам. Беларус тады біўся з легендарным Жэромам Ле Банэрам за тытул чэмпіёна свету па кікбоксінгу WKN Oriental у суперцяжкай вазе на Fight Night Saint-Tropez. У другім раўндзе беларускі баец прапусці наймагутнейшы лаўік. Ён нібыта здолеў ачомацца, але пасля дазволу рэферы працягнуць бой француз яшчэ раз прабіў у тое ж месца – і гэта быў накаўт:
Сяргей Ляховіч
У лістападзе 2006-га беларускага баксёра чакала абарона тытула чэмпіёна свету па версіі WBO. У суперніках быў амерыканец Шэнан Брыгс. Паядынак праходзіў спакойна – баксёры не рваліся ў атаку. Перад 12-м раундам Ляховіч выйграваў па пунктах на запісках усіх трох суддзяў (105-104 і двойчы па 106-103). Аднак у апошняй троххвілінцы чэмпіён прапусціў цэлую серыю ўдараў, а за 30 секунд да фінальнага гонгу апынуўся ў сур'ёзным накдаўне. Ляховіч з цяжкасцю здолеў падняцца, а Брыгс рынуўся на дабіванне – і ў нейкі момант супернік проста вываліўся за межы рынгу. На гэтым усё і скончылася.
Дзмітрый Шакута
Пра гэтага чалавека ў апошні час значна часцей успамінаюць у кантэксце датычнасці да смерці Рамана Бандарэнкі і ўдзелу ў карнай брыгадзе лукашыстаў. Тым не менш калісьці Шакута быў топавым байцом, які зрабіў добрую кар’еру, але і ў ёй здараліся эпічныя паразы. Адна з такіх была зафіксаваная ў верасні 2009 года на турніры Tatneft у Казані. Наогул, той турнір добра вядомы дзіўнымі правіламі. Калі цягам трох раўндаў ні ў аднаго з байцоў было не зафіксавана накдаўнаў, прызначаецца экстрараўнд.
Такая сітуацыя і склалася ў паядынку Шакуты з расіянінам Арцёмам Левіным. Тры раўнды добрага шчыльнага бою перацяклі ў дадатковую троххвілінку, і ў яе сярэдзіне Левін вырубіў беларуса фірмовым спінінг-бэкфістам: