Все новости

Чэмпіён сьвету ў шахматах Каспараў: «Для Пуціна ліквідацыя Украіны стала ідэяй фікс, пачынаючы з 2014 году. Ён, як і ўсе дыктатары, дастаткова адкрыта выказваў свае думкі»

26 апреля 2022, 17:24
1

13-ы чэмпіён сьвету ў шахматах и сузаснавальнік Форуму свабоднай Расеі Гары Каспараў лічыць, што для Пуціна ліквідацыя Украіны стала ідэяй фікс, пачынаючы з 2014 году.

- Давайце трошкі адыдзем назад, на некалькі месяцаў. Я якраз хацеў спытаць аб рашэньні Пуціна ваяваць. Бо маса людзей зыходзіла з рацыянальных разьлікаў, што ня будзе поўнамаштабнай агрэсіі, могуць быць нейкія асобныя дзеяньні, ціск і гэтак далей. Што ж перавяло гэтую сытуацыю ў поўнамаштабную вайну?

– Колькі можна паўтараць гэтае трызьненьне? Гэта ўжо ня толькі досьвед Другой сусьветнай вайны, якая пачалася роўна таму, што Эўропа лічыла, што можна ўлагодзіць аднаго дыктатара, ігнараваць бандытызм другога (я гавару пра Гітлера і Сталіна, натуральна). Але ўсё ж зразумела з Пуціным было. Для Пуціна ліквідацыя Украіны стала ідэяй фікс, пачынаючы з 2014 году. Хаця зусім відавочна, што і да гэтага гэтая думка ў галаве ў яго прысутнічала. Пуцін, як і ўсе дыктатары, дастаткова адкрыта выказваў свае думкі.

Ягоны сьветапогляд укладваецца ў некалькі ягоных уласных фраз: «Не бывае былых супрацоўнікаў КДБ» (гэта яшчэ 1999 год, да таго, як ён стаў прэзыдэнтам). Гэта і знакамітая фраза, паўтораная шмат разоў, што распад Савецкага Саюзау быў найбуйнейшай геапалітычнай катастрофай ХХ стагодзьдзя. Між іншым, адно зь ягоных першых дзеяньняў як прэзыдэнта — гэта аднаўленьне савецкага гімна, таксама індыкатар таго, што было ў ягонай галаве.

Але галоўная фраза, дакладней выступ, Пуціна — гэта 2007 год, 15 гадоў таму, на канфэрэнцыі аб бясьпецы ў Мюнхэне, калі ён прамым тэкстам паведаміў усяму цывілізаванаму сьвету, усім кіраўнікам краін, якія там прысутнічалі, што Расея лічыць неабходным вяртаньне да сфэр уплыву. Хачу нагадаць, што гэта роўна мова з дамовы Молатава — Рыбэнтропа, тая самая мова, якую Сталін і Гітлер выкарыстоўвалі для падзелу Эўропы. Пуцін указаў дакладна, што NATO павінна вярнуцца да лініі 1997 году. То бок гэта было пасланьне NATO прамым тэкстам, марзянкай перадалі без усялякага шыфру. Рэакцыя нулявая. Наступны год — атака на Грузію, Грузія імкнулася ў NATO. Пасьля нападу на Грузію я пісаў артыкул ва «Уол-стрыт джорнал», у якім сказаў, што наступнай будзе Ўкраіна. На пытаньне, чаму я прыйшоў да такой высновы, я сказаў, што я паглядзеў на карту.

І нарэшце 2014 год, анэксія Крыму — гэта была праверка ў гэтым выпадку рэакцыі Захаду. Ніякай рэакцыі не было. Пуцін паспрабаваў ужо тады стварыць «Новороссию», мы ж памятаем карты, якія публікаваліся ў Расеі, ад Луганску да Адэсы, фактычна адразаючы Ўкраіну ад Азоўскага і Чорнага мораў. Але тады не атрымалася. Пачынаючы з 2014 году ўся расейская прапаганда, не перастаючы, гаварыла аб тым, што Ўкраіна — гэта недадзяржава, што Ўкраіна — гэта гістарычнае непаразуменне. Гэта значыць, у нейкай меры зноў вяртаньне да 1939 году, фраза Молатава знакамітая пасьля падзелу Польшчы, што Польшча, гэтае выродлівае стварэньне Вэрсальскай дамовы, перастала існаваць. Для Пуціна Ўкраіна — гэта таксама пачварнае стварэньне белавескай змовы, як у ягонай сьвядомасьці гэта ўяўляецца. Таму для мяне пытаньне пуцінскай фінальнай атакі на Ўкраіну было пытаньнем часу толькі.

Мяне ўражвала, што многія людзі глядзелі на мабілізацыю расейскага войска, 200-тысячную групоўку, якая акружыла Ўкраіну з боку Беларусі таксама, на перавод часткі Ціхаакіянскага флёту ў Чорнае мора як на проста спробу Пуціна запалохаць кагосьці. Пуцін рыхтаваўся. Больш за тое, зь яго пункту гледжаньня яму гэта таксама павінна было сысьці з рук. Плян Пуціна быў просты да немагчымасьці: тры-чатыры дні — захоп Кіева, далей падвозім Януковіча ці яшчэ нейкую марыянэтку на танку, як Кармаля ў Аўганістане падвезьлі, і ўсё, Зяленскі ўцякае. Нейкія агмені супраціву разрозьненыя ёсьць.

Захад пачынае перамовы. Самае трагічнае ў тым, што разьлік Пуціна быў абсалютна правільны: Захад саступіў у перамовах, спрабуючы выратаваць тое, што можна выратаваць. Баязьлівыя прадажныя заходнія палітыкі пабаяліся наогул якога-небудзь канфлікту, таму вы чулі перад пачаткам вайны размовы: Афганістан, Віетнам, гэта партызанская вайна. Амэрыканскі вайсковы істэблішмент і разьведсупольнасьць ў адзін голас казалі, што вайна працягнецца чатыры дні, Кіеў упадзе за 96 гадзін, а зброю даваць Украіне ня трэба, таму што ўкраінскае войска разваліцца за некалькі дзён. Вось на што разьлічваў Пуцін. Дзіўна, што ягоныя ацэнкі супадалі з амэрыканскімі, – сказаў Каспараў.