Все новости

Кіберкаментатар Валачай пра бан беларусаў і расіян: «Калі нехта напіша ва ўнутрагульнявых чатах «мы вас тут разбамбім», то іх імгненна забаняць. Аднак гэта ніяк не звязана з культурай адмены — гэта элементарнае глупства»

1 апреля 2022, 10:22

Кіберкаментатар Віталь Валачай рассказаў «Нашай Ніве», ці адхіляюць беларускіх і расійскіх кіберспароўцаў ад спаборніцтваў, як гэта робяць міжнародныя спартыўныя федэрацыіі і арганізацыі, праз вайсковую агрэсію Расіі супраць Украіны пры ўдзеле Беларусі.

- Ці ёсць сёння культура адмаўлення расіян у кіберспорце? І распавядзі падрабязней, як там зараз успрымаюць беларусаў.

– Калі мы канкрэтна вядзем размову пра cancel culture, то яе па сутнасці няма. Увогуле не разумею, як пра такую з’яву можна гутарыць ва ўмовах вайны. Расійскія каманды і клубы, якія напрамкі звязаныя з патэнцыйнымі кампаніямі, што спансуюць армію агрэсара і вайну ва Украіне, цалкам лагічна патрапілі ў няміласць. Іх адусюль дыскваліфікуюць, не дазваляюць браць удзел у спаборніцтвах. У некаторых дысцыплінах баняць нават гульцоў з той прычыны, што няма часу ды і рэальных магчымасцяў дэталёва дазнацца, хто, як і за каго.

Аднак калі мы звернем увагу на самыя вядомыя лігі — такія, як ESL Pro League у CS:GO альбо спаборніцтвы па Dota 2, то тут ніякай культуры адмены няма. Не дазваляюць выступаць клубам, а вось гульцоў, беларусаў альбо расіян, ніхто не дыскваліфікуе. Яны маюць права змагацца ў нейтральным статусе, без лагатыпаў клубаў, што належаць разнастайным структурам.

Я не сказаў бы, што культура адмены ўвогуле характэрна для кіберспорту — яе ніколі і не было. Зразумела, калі маладыя людзі дазваляюць сабе ва ўнутрагульнявых чатах пісаць «мы вас тут разбамбім», то іх імгненна забаняць і закрыюць доступ да сервераў. Аднак гэта ніяк не звязана з cancel culture — гэта элементарнае глупства, за якое караюць усіх, а не толькі расіян альбо беларусаў, – сказаў Валачай.