Все новости

Кіберкаментатар Валачай – беларусам: «Для перамогі над рэжымам Лукашэнкі вам не хапіла зусім крыху. Стойце за сябе і думайце пра сваіх дзяцей, пра іх будучыню»

1 апреля 2022, 12:09

Знакаміты кіберкаментатар Віталь Валачай звярнуўся да беларусаў і папрасіў іх зрабіць усё, каб беларускія вайскоўцы не трапілі на вайну ва Украіне, якую разгарнула Расія.

- Ты маеш неверагодную папулярнасць у Беларусі як кіберкаментатар. Давай уявім, што гэтае інтэрв’ю пабачыць уся твая мэтавая аўдыторыя. Пра што ім важна даведацца пра Украіну з першакрыніцы — ад чалавека, які ўсю вайну правёў у цэнтры падзей?

– Вайна — гэта страшна. Страшна кожны дзень, кожны раз, калі пачынаецца сірэна. Кожны гук выбуху. Кожная раніца, калі пішаш родным ды сябрам, каб даведацца, ці жывыя ўсе, ці застаўся цэлым горад. Гэта насамрэч страшна — страх за ўласнае жыццё, жыццё блізкіх, за жыццё ўсіх украінцаў. За жыццё дзяцей, якія гінуць з-за акупантаў. Гэты страх становіцца яшчэ большым, калі разумееш: людзі, якія прыйшлі сюды забіваць, робяць гэта абсалютна свядома. Іх падтрымлівае краіна і народ, які ўпэўнены — тут ідзе нейкая «вызваленчая» вайна.

Калі б я мог звярнуцца да грамадзян Беларусі, то папрасіў бы ў іх зрабіць абсалютна ўсё, каб сыны вашай зямлі, вашыя людзі не ішлі на гэтую вайну. Зрабіць абсалютна ўсё, каб расіяне не выкарыстоўвалі Беларусь як плацдарм для атак па мірных жыхарах Украіны. Зрабіць абсалютна ўсё, каб хаця б беларусы не паміралі — не кажу ўжо пра ратаванне Украіны, бо на гэта здольныя выключна ЗСУ, чым яны і займаюцца.

Паважаныя беларусы! Мы бачылі, як вы выходзілі на пратэсты супраць рэжыму Лукашэнкі. Мы разумеем, што вам не хапіла зусім крыху для перамогі, бо мы былі такімі ж. Я ў прыватнасці 20 дзён правёў на Майдане падчас «Рэвалюцыі Годнасці» і разумею, за што мы там стаялі. Мы свайго дамагліся, аднак заплацілі за гэта велізарную цану. У барацьбе за нашую будучыню, светлую будучыню, загінулі ўкраінцы. І за тое, што мы сталі краінай, якая не здалася, сёння па Украіне ляцяць ракеты. Беларусы, стойце — стойце за сябе і думайце пра сваіх дзяцей, пра іх будучыню. І тады ўсё ў нас будзе цудоўна. Слава Украіне! – сказаў Валачай.