Все новости

«Не хочу коверкать» — нахабная лухта»

12 мая 2012, 10:06
12

Алег Хаменка заклікае людзей размаўляць па-беларуску і не баяцца рабіць памылак Саліст гурта «Палац» узгадвае, як сам пачаў размаўляць па-беларуску, прызнаецца, што яго бацькі гавораць на трасянцы, тлумачыць, чаму не святкуе Дзень роднай мовы, разважае пра беларусафобаў, апавядае, як пісаў гімн для хакейнага «Дынама», расказвае, як у дзяцінстве займаўся гандболам, а таксама выказвае павагу да Зміцера Дашчынаскага. — Хто такі Алег Хаменка? — Чалавек! Заходзіьце ў інтэрнэт і чытаеце: там столькі пра мяне напісана :)... — Што за з’ява ў сучаснай белорускай культуры гурт «Палац»? — Заходзьце ў інтэрнэт і чытайце! Там столькі легенд, паданняў пра родапачынальнікаў стыляў і напрамкаў. — А што «Палац» у вашым жыцці? — Гэта мой гурт, значная частка майго творчага «я». Не ведаю, што яшчэ можна дадаць. Цікава было б у Міхаіла Фінберга запытацца, што для яго аркестр! — Выкарыстанне ў тэкстах «Палаца» дыялектных, незразумелых сучасніку, слоў, на ваш погляд, не пужае патэнцыйных слухачоў? — Багата людзей слухаюць музыку на французскай, ангельскай мовах і ўвогуле не разумеюць, пра што спяваюць выканаўцы :). Ёсць цікавыя беларускія словы, якія наш народ згубіў. Мы спрабуем іх вярнуць ва ўжытак. Можа, не кожны хоча браць гэтыя словы! Але гэта асобная справа кожнага чалавека. — Як лічыце, у «Палаца» шмат ці мала канцэртаў? — А як вы лічыце? Нам дастаткова. Можна было б нешта рабіць, каб іх было больш. Але тады гэта будзе зусім іншае жыццё. Пакуль тое, што маем, нас задавальняе. Бывае, на нейкім тыдні нам не пашкодзіў бы выступ. Але ў іншы раз у нас іх чатыры за дзень. Гэта вельмі моцна раздражняе. — Некалькі гадоў таму гурт прымаў удзел у нацыянальным адборы да «Еўрабачання». Чым быў цікавы гэты вопыт? — Мы хацелі паглядзець, што такое «Еўрафэст». Да гэтага часу лічу, што гэта быў цікавы фестываль беларускіх выканаўцаў, якія спрабавалі разважаць катэгорыямі еўрапейскай папулярнай музыкі. Як раз у гэтым для мяне была карысць удзелу ў мерапрыемстве. Пабачыў, што хацеў, ізнутры, нават знайшоў для сябе нешта цікавае і нечаканае. Прадставіць краіну на «Еўрабачанні» – гэта не праблема. Іншая справа, што ад гэтага будзе мець краіна, сам выканаўца, айчынная музычная індустрыя. Але гэта асобнае вялікае пытанне. — Ваш любімы музычны інструмент? — Я граю на розных інструментах. Часцей за ўсе — на 12-струннай гітары. Напэўна, гэта самы любімы інструмент. Ён заўседы са мной у машыне. Калі пішу музыку, пачынаю менавіта з гітары. Толькі потым саджуся за фартэпіяна. — Каго вылучыце сярод сучасных белорускамоўных гуртоў ці выканаўцаў? — Не хачу вылучаць, таму што іх вельмі шмат. — Вы заўседы размаўлялі па-беларуску? — Зразумела, не. Я вучыўся ў савецкай школе, дзе ўсе прадметы выкладаліся на рускай. Мае бацькі? Хутчэй за ўсё, яны гавораць на рускай мове беларуса — трасянцы. — А калі вы загаварылі на мове? — Я не памятаю. Неяк гаварыў і зразумеў, што па-руску я гавару з акцэнтам і няшчыра. — Ёсць у вас нейкі звычай святкавання Дня беларускай мовы? — Не святкую гэты дзень. Мне здаецца, што гэта свята яшчэ мала каму вядома. Іншая справа, што родная мова для кожнай краіны — вельмі значная частка культуры, і да яе ставяцца ва ўсім свеце з надзвычайнай павагай. У Беларусі пакуль гэта вельмі спрэчная рэч. Калі пачынаюць гаварыць пра беларускую мову, адразу ўзнікаюць нейкія незразумелыя рэакцыі ад якіх-небудзь беларусафобаў. У грамадстве пачынаецца паніка і напружанне. Ненармальны стан у краіны. Ён павінен хоць як-небудзь змяняцца! Ці будзе ён змяняцца, ці ўжо мяняецца? Здаецца, нейкі рух ёсць. — Як лічыце, калі замежнікі, ды і рускія, з якімі мы, быццам, адзіны народ, пачнуць паважаць беларускую мову? — Мне здаецца, яны паважаюць яе значна болей, чым мы самі. Яны адразу спрабуюць на густ беларускія словы! Хтосьці вучыць мову, прыязджае потым да нас, а тут яе ніхто не ведае, не хоча на ёй гаварыць! — Вы выкладаеце ва ўніверсітэце. Калі не сакрэт, што? — Тэхналогіі прадзюсавання. Гэта кафедра «Мэнэджменту сацыяльнай і культурнай дзейнасці» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры. — Наколькі паспяхова атрымоўваецца ў студэнтаў вывучаць дысцыпліну на мове? — Ёсць студэнты, якія робяць усё ўпэўнена на беларускай мове. Я заўсёды вітаю такое стаўленне да вучэбнага працэсу. Разумею, што ўсе яны вучацца, памыляюцца. Але самае галоўнае, каб не было такого адчування: «Ой, я с ошибками говорю, поэтому…» Калі не будзеш памыляцца, ніколі не загаворыш па-беларуску. Апраўданні «не хочу коверкать», «нужно правильно говорить» — нахабная лухта. — Цікава, ці да спадобы вам удакладненні беларускага правапісу, якія ўступілі ў сілу ў мінулым годзе? — Ёсць цэлы шэраг пазіцый, якія мне спадабаліся. Але ёсць і іншыя. Напрыклад, я заўседы пісаў Пітэрбург, таму што гэта слова нямецкага паходжання. Зараз мне прапаноўваюць пісаць Пецярбург. Не хачу так, не прымаю і буду ўсё роўна пісаць па-свойму. Узмацненне «якання» не падабаецца. Такога ў шырокім ужытку ніколі не было, гэта дыялект. Мне здаецца, гэта штучнае ў беларускай мове. — Лічыце сябе спартыўным чалавекам? — У маладосці любіў і займаўся спортам. Гэта былі лёгкая атлетыка, гандбол. Зараз перайшоў у стан прыхільнікаў спорту. Вабяць аўтагонкі і яшчэ шмат іншых відаў. Спорт — прыгожая рэч, але ёсць ў ім цэлы шэраг цяжкасцяў. — Якія апошнія падзеі ў беларускім спорце здзівілі, мабыць, прыйшліся да спадобы? — Малайцы хакеісты, што трапілі ў гэты плэй-офф. За БАТЭ вельмі радуюся. Гэта ўжо мае эмацыйныя рэчы, але вельмі паважаю гэтых хлопцаў. — А як з’явілася ў «Палаца» ідэя напісаць гімн для хакейнага «Дынама»? — Клуб звярнуўся да нас. «Дынама» захацела гімн з нейкімі беларускімі музычнымі інструментамі, каб форма яго была звязана з традыцыйнымі гукапабудовамі. Нас гэта вельмі ўзрадавала. Так нарадзіўся гэты самы гімн. Уважліва сачылі за вынікамі каманды на працягу сезону. Асабліва ўзрадавала та серыя з шасці, калі не памыляюся, матчаў напачатку чэмпіяната КХЛ, калі «Дынама» паспяхова набірала заліковыя балы. Хай гавораць пра каманду, што хочуць, але гэтая падзея вельмі мяне ўразіла. Потым клуб меў нейкія цяжкасці, але гэта ўжо не мая справа — іх абмяркоўваць. — Матч з магнітагорскім «Металургам» застанецеся паглядзець? — Не ўсе з «Палацу» застануцца. Ёсць яшчэ справы, аднак хацелі б застацца, паглядзець гульню. — А з кім са спартоўцаў знаёмы, сябруеце? — Шмат з кім. Гэта спартоўцы, якія былі ў мінулым вельмі паспяховымі. Са Зміцерам Дашчынскім пазнаёміліся ў адным з тэлевізійных праектаў. Вельмі паважую гэтага чалавека. — Чым займаецеся ў вольны час? — Праводжу час у кампаніі тэлевізара, халадзільніка і канапы. Чым я займаюся? Адчапіцеся, дайце паспаць :)! Калі я і культуролаг-фалькларыст, і выкладчык, і музыкант, і радыёвядучы, і прадзюсар, у мяне яшчэ мільён праектаў! Адкуль у мяне воьмецца вольны час? А калі ён з’яўляецца, баўлю яго ў сацыяльных сетках, кампутарных гульнях. Гэта тое, што можна рабіць лёжачы.

«Спрабуем вярнуць ва ўжытак беларускія словы»

Ёсць цікавыя беларускія словы, якія наш народ згубіў. Мы спрабуем іх вярнуць ва ўжытак.

«Не святкую дзень роднай мовы»

Калі пачынаюць гаварыць пра беларускую мову, адразу ўзнікаюць нейкія незразумелыя рэакцыі ад якіх-небудзь беларусафобаў. У грамадстве пачынаецца паніка і напружанне.

Напрыклад, я заўседы пісаў Пітэрбург, таму што гэта слова нямецкага паходжання. Зараз мне прапаноўваюць пісаць Пецярбург. Не хачу так.

«Пераможная серыя «Дынама» на пачатку сезона ўразіла»

Са Зміцерам Дашчынскім пазнаёміліся ў адным з тэлевізійных праектаў. Вельмі паважую гэтага чалавека.

Показать еще 12