Реклама 18+
    Реклама 18+
    Реклама 18+
    Реклама 18+

    «Цяпер футбол — школа разбэшчвання»

    Вядомы беларускі пісьменнік прызнаецца, што яму не да спадобы гульня нацыянальнай зборнай, але падабаецца, як гуляе БАТЭ. Леанід Дранько-Майсюк з сумам зазначае, што беларускія дзеці ходзяць у майках Руні і Лэмпарда. Што па тэлевізары шмат спорту, але няма культуры. Што спартоўцы атрымоўваюць вялізныя грошы, але не думаюць пра тое, колькі зарабляюць настаўнікі і ўрачы.

    Леанід Дранько-Майсюк спадзяецца, што калісьці футбалісты перад матчамі будуць чытаць «Новую зямлю»
    Леанід Дранько-Майсюк спадзяецца, што калісьці футбалісты перад матчамі будуць чытаць «Новую зямлю»
    Maysyuk1Леанід Дранько-Майсюк спадзяецца, што калісьці футбалісты перад матчамі будуць чытаць «Новую зямлю» intex-press.by

    Вядомы беларускі пісьменнік прызнаецца, што яму не да спадобы гульня нацыянальнай зборнай, але падабаецца, як гуляе БАТЭ. Леанід Дранько-Майсюк з сумам зазначае, што беларускія дзеці ходзяць у майках Руні і Лэмпарда. Што па тэлевізары шмат спорту, але няма культуры. Што спартоўцы атрымоўваюць вялізныя грошы, але не думаюць пра тое, колькі зарабляюць настаўнікі і ўрачы.

    «Незалежнасць прыйшла пад знакам «Пагоні» і бел-чырвона-белым сцягам»

    — Хто такі Леанід Дранько-Майсюк?

    — Беларускі пісьменнік, які шчаслівы, бо піша па-беларуску. Беларуская мова прыносіць мне творчую асалоду.

    –  Што цяпер ствараеце?

    — Кнігу «У Вільні і больш нідзе». Твор пра Вільню — нашу гістарычную і культурную сталіцу. Беларусы павінны памятаць: Вільня — наш нацыянальны пачатак. Тут жылі Францішак Скарына, Кастусь Каліноўскі, Францішак Багушэвіч. Тут надрукавана першая беларуская газета, адкрыты першы беларускі музей і першая беларуская гімназія. Тут дзейнічала першае Беларускае навуковае таварыства. Тут працавалі Янка Купала і Вацлаў Ластоўскі. Гэта прастора Івана Луцкевіча. Гэта горад Браніслава Тарашкевіча — аўтара «Беларускай граматыкі для школ» і Рыгора Шырмы, знакамітага нашага дырыжора. Тут убачыла свет адзіная прыжыццёвая кніга Максіма Багдановіча «Вянок» і першая кніга Максіма Танка «На этапах». У Вільні пахаваны пачынальнік беларускага тэатра — Францішак Аляхновіч. Антон Луцкевіч сказаў, што Вільня — архіў беларускай мінуўшчыны! Дарэчы, усяго не назваць і не пералічыць, бо Вільня — гэта кніга, у якой тысячы і тысячы беларускіх старонак, і ўсе яны вельмі цікавыя. Аднак жа не трэба забываць, што Вільня — гэта места і Ёнаса Басанавічуса, бацькі літоўскага адраджэння! Заўсёды трэба памятаць аб тым, што літоўцы — нашы браты, з якімі на працягу стагоддзяў жылі мы дружна. Гісторыя ж распарадзілася так, што цяпер Вільня — сталіца Літоўскай рэспублікі. Справядлівасць бывае і такой.

    — Калі звяртацца да гістарычных звестак, каля 50 працэнтаў жыхароў Вільні былі беларусы ў той час, калі горад канчаткова быў замацаваны за Літвой ў ХХ стагоддзі.

    — Гэта занадта завышаная лічба. Наогул жа з працэнтамі заўсёды цяжка разбірацца, бо ў кожнага свае працэнты… У Вільні  жылі літоўцы, палякі, габрэі, татары. Максім Танк з любоўю пісаў пра сяброўства літоўскіх пісьменнікаў з беларускімі… А гістарычная справядлівасць заўсёды бывае крыху містычнай. Напрыклад, хто мог ведаць, што ў 1991 годзе знікне Савецкі Саюз? А ён знік! Усе думалі, у тым ліку і я, што гэта дзяржаўнае ўтварэнне вечнае. Праўда, мы марылі аб тым, каб Беларусь была незалежнай дзяржавай, і гэта здзейснілася. Калі нехта кажа, што беларуская незалежнасць упала з неба, то гэта няпраўда. На нашу незалежнасць працавалі палітыкі, якія жылі ў той жа Вільні. Зноў назаву іх — Іван Луцкевіч, Антон Луцкевіч, Вацлаў Ластоўскі, Браніслаў Тарашкевіч... Іх праца марна не згінула. Яна рэалізавалася ў 1991 годзе. Наша незалежнасць прыйшла пад знакам «Пагоні» і бел-чырвона-белым сцягам. Можна сказаць, што ў 1991 годзе ў нейкай ступені ажыццявіліся ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі.

    –  Цяпер Беларусь застаецца незалежнай краінай?

    — Канешне. Беларуская дзяржава — частка сусветнай супольнасці, член ААН. Беларусь мае сваю палітыку, свой урад. Якая палітыка? Які ўрад? Гэта тэма іншай гаворкі, але мы, ва ўсякім разе, канстытуцыйна незалежныя ад Варшавы і Масквы. Сталася тое, аб чым у 1919 годзе марыў Янка Купала.

    «Дзякуй Богу, творчасць мяне корміць»

    –  Што шукалі на заводзе пасля таго, як скончылі школу?

    — Шукаў сцежку, якая б мяне вывела ў Літаратурны інстытут імя Горкага ў Маскве. Умовы паступлення тады былі такія: трэба было адпрацаваць два гады на заводзе і адслужыць у арміі. Таму пайшоў на завод у Давыд-Гарадку, гэта на маёй малой радзіме. Дык вось, працаваў і шмат чытаў. У сваёй рабочай ватоўцы прышыў вялікую кішэню, у якой заўсёды насіў часопіс «Маладосць»… Потым служыў у арміі. Калі ж апынуўся ў Маскве, убачыў: дзеці пісьменнікаў паступілі ў Літінстытут без працы на заводзе і службы ў арміі, адразу пасля школы…

    Разумееце, вельмі раздражняе, калі аддаеш багата часу чужым рукапісам!

    З 1981-га па 2002 год працаваў у мінскім выдавецтве «Мастацкая літаратура», быў рэдактарам, а тады ўжо загадчыкам рэдакцыі прозы і паэзіі. Аднак пакінуў выдавецкую работу, таму што забірала яна шмат часу. А мяне чакалі свае рукапісы. Разумееце, вельмі раздражняе, калі аддаеш багата часу чужым рукапісам! Цяпер я не служу і адчуваю сябе ўпэўнена. Калі хочаш стварыць рэч, вартую ўвагі, не трэба думаць пра грошы і пра хлеб на стале.

    –  Хлеб на стале заўсёды ёсць?

     – Зарабляю роўна столькі, колькі трэба мне і маёй сям’і. Дзякуй Богу, мая літаратурная творчасць мяне корміць.

    –  З афіцыйнай уладай у канфлікце?

    — Я ў канфлікце з пэўнымі асобамі, якія, на жаль, знаходзяцца ў літаратурным полі. А такіх чалавечкаў дастаткова! Не прымаю іх стыль паводзін, іх амаральную філасофію. А з уладай бессэнсоўна канфліктаваць. Улада — гэта міліцыя, якой занадта многа на вуліцах; улада — гэта бясконцая колькасць выканкамаў, райвыканкамаў, аблвыканкамаў, міністэрстваў, судоў, ваенкаматаў. Улада — гэта гара, лезучы супраць якой, лёгка спаліць нервы. Улада — гэта мноства чыноўнікаў, сярод якіх, дарэчы, можна сустрэць і сумленных людзей. Але мне не падабаецца, што нашы начальнікі (няхай сабе й сумленныя!) не размаўляюць па-беларуску. Яны ж увасабляюць сабой беларускую дзяржаву! Беларускую! І яны ў першую чаргу павінны паказваць прыклад — гэта значыць, прапагандаваць беларускую мову.

    — У краіне свабода выбару мовы, гарантаваная канстытуцыяй. Хочаш — размаўляй па-руску, хочаш — па-беларуску.

    — У гэтым якраз і бяда, бо няма разумнага балансу ў карыстанні мовамі на дзяржаўным ўзроўні. Гэта балючая праблема нашага грамадства.

    — Скончыць тэму ўлады хачу наступным пытаннем: а што за выступ быў у вас летам у штабе адной з партый у Бабруйску?

    — Гэта было чыста літаратурнае выступленне. Такое ж, як і перад калгаснікамі, бізнесменамі, бэрэсээмаўцамі ці людзьмі, якія адпачываюць у санаторыях. Куда запрашаюць, туды і іду. Беларуская мова павінна гучаць скрозь!

    «Перамаглі, бо ўчора чыталі «Новую зямлю»

    –  Можаце сябе назваць спартовым чалавекам?

    — Не. Проста люблю ранішнюю гімнастыку, праходкі па горадзе. Гэта той мінімум, які дапамагае мне адчуваць сябе добра. Самы лепшы спорт — гэта ў меру есці і піць. Увогуле ж лічу, што ў маім узросце бегаць па парку ці махаць на корце тэніснай ракеткай — занятак вельмі смешны! Успамінаю былога маскоўскага начальніка Лужкова на футбольным полі! Выходзіць, старыя людзі не разумеюць, што выглядаюць карыкатурна, калі з’яўляюцца на публіцы ў трусах?

    У дзяцінстве я любіў футбол. Раней футбол з’яўляўся школай выхавання, і хакей таксама. А цяпер футбол — школа разбэшчвання. У футболе гаворка пра адно — пра грошы. Грошы знішчаюць футбол і хакей! Калі я чытаю паведамленне, што футбалісту Н. плацяць 50 тысяч еўра толькі за тое, што ён згодзен выступіць за зборную, то я за галаву хапаюся! А раней было гонарам выступаць за зборную…

    Хлопцаў не аб’ядноўвае нацыянальная ідэя, здаецца, яны не адчуваюць сябе ў поўнай меры грамадзянамі беларускай дзяржавы.

    Возьмем нашу беларускую каманду. Нядаўна прайгралі два матчы Босніі і Герцагавіне. І праблема нават не ў тым, што прайгралі і паказалі слабы ўзровень футбола, а ў тым, што футбалісты не ведаюць, дзеля чаго яны выходзяць на поле. Хлопцаў не аб’ядноўвае нацыянальная ідэя, здаецца, яны не адчуваюць сябе ў поўнай меры грамадзянамі беларускай дзяржавы. Здаецца, не ганарацца тым, што Беларусь — гэта радзіма Янкі Купалы і Якуба Коласа, Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча... Мяркую, што ў дзяцінстве іх прывялі ў футбольную секцыю толькі таму, што іхнія бацькі бачылі наперадзе адну толькі грашовую перспектыву. І таму сёння хлопцы не ў футбол гуляюць, а грошы зарабляюць! Упэўнены: і футбольную тактыку, і футбольную стратэгію трэба ўвязваць з беларускім выхаваннем, з нацыянальнай ідэяй!

    — Дык што, нацыянальная ідэя можна станоўча паўплываць на новы кваліфікацыйны цыкл?

    — Можа, калі спартсмены будуць адчуваць сябе грамадзянамі, калі па-беларуску яны будуць размаўляць гэтак жа, як скажам, размаўляюць па-англійску! Калі будуць думаць пра тое, як жывуць простыя людзі. Быць грамадзянінам — гэта перш за ўсё быць інтэлігентным чалавекам! Гэта саромецца сваіх высокіх ганараў у той час, калі, скажам, настаўнікі і ўрачы атрымліваюць вельмі маленькія зарплаты.

    — Ці справа спартоўцаў думаць пра тое, колькі зарабляюць настаўнікі?

    — Спартовец павінен думаць і пра гэта, калі ён яшчэ і чалавек, а не толькі  камплект мускулаў.

    –  Назавіце сваіх любімых спартоўцаў.

    — Юля Несцярэнка, Вадзім Дзевятоўскі, Іван Ціхан… Яны мне вельмі падабаюцца. На жаль, я не знаёмы з гэтымі прыгожымі і, як мне здаецца, шчырымі людзьмі.

    — Чэмпіён краіны па футболе, лічыце, паказвае шчырую гульню?

    — Шырокая рака, якая носіць імя БАТЭ, спадзяюся, набярэ глыбокую еўрапейскую плынь. Так, мне пакуль не падабаецца зборная, а вось БАТЭ падабаецца. Зноў жа спадзяюся, што наогул узровень нашага клубнага футбола будзе расці і гэта безумоўна станоўча паўплывае на зборную Беларусі. Барысаўскія футбалісты аб’яднаны камандным духам. Як добра было б, каб іх яшчэ аб’ядноўваў і беларускі дух! Як добра было б, каб футбалісты БАТЭ, напрыклад, пасля чарговай перамогі казалі: «Мы перамаглі, бо ўчора чыталі «Новую зямлю» Якуба Коласа. Якая ж гэта цудоўная кніга! Вы, нашы балельшчыкі, чытайце Якуба Коласа! Любіце беларускую літаратуру гэтак жа, як вы любіце футбол!»

    «Дзеці ходзяць у майках Лэмпарда і Руні…»

    –   Па ТБ спорт глядзіце?

    — Тэлебачанне пераважна аддадзена спорту, псеўдаэстрадзе і палітыцы. Па сутнасці, няма ніводнай літаратурнай праграмы. Пануе бясконцы футбол! Нашы дзеці не ведаюць, хто такі Францішак Скарына, але затое ведаюць усіх футбалістаў англійскай прэм’ер-лігі. Гэта ненармальна. Дзеці ходзяць у майках Лэмпарда і Руні… А яшчэ на ўсіх тэлеканалах англамоўнае кіно, а ў школах на тыдзень па тры ўрокі англійскай мовы (беларускай жа мовы толькі адзін урок!), а ў кожнай мінскай кавярні, у кожным рэстаране песні зноў жа англійскія! Ваяваць супраць гэтага бессэнсоўна, але трэба хоць гаварыць аб тым, што мы пакорліва аддалі свае і душы, і вушы чужому гучанню! Пісьменнікі мусяць пра гэта гаварыць! Праўда, калі я заходжу ў кавярню, то заўсёды прашу выключыць замежных ваканаўцаў.

    –  І выключаюць?

    Калі няма ў іх песень у выкананні Мулявіна, то чужое кваканне, калі ласка, мне не прапаноўвайце!

    — Прашу далікатна, таму выключаюць. Калі няма ў іх песень у выкананні Мулявіна, то чужое кваканне, калі ласка, мне не прапаноўвайце!  

    –  Сваю «Польку беларускую» чуеце ў кавярнях?

    — Чуў у Мінску, Маладзечна, Брэсце… На гармоніку ў вёсках людзі  граюць яе на вяселлях... Калі чытаю «Польку беларускую», як верш, то слухачы здзіўляюцца: «Гэта вы напісалі?» Новую кнігу, у якой сабраў песенныя вершы, я так і назваў – «Полька беларуская». Мне хочацца, каб людзі больш ведалі маю кнігу «Стомленасць Парыжам», аднак жа больш ведаюць «Польку беларускую»!

    — Як ставіцеся да того, што ноўтбукі і планшэты паступова прыходзяць на змену падручнікам у школах?

    — Хай будуць і ноўтбукі, і планшэты, але ж хай застаецца і кніга. Ноўтбук — сімвал цывілізацыі. А кніга — сімвал культуры. Здабыткі цывілізацыі не павінны ўзвышацца над здабыткамі культуры. Такая мая філасофія.

    — Вось і скончыць нашу гаворку хочацца па-філасофску. Як лічыце, ці ёсць у жыцці нешта вечнае?

    — Дурнота чалавечая вечная. Паглядзіце, што робіцца! Людзі хутка развучацца хадзіць. У любы закутак спрабуюць заехаць на машыне. Мінскія двары запакаваны легкавым транспартам, як кажуць, па самае горла! Часам, каб выйсці з пад’езда, даводзіцца літаральна працісквацца, бо пад’езд заблакіраваны легкавікамі… Па Мінску без асаблівай патрэбы штодня сюды-туды гойсаюць тысячы і тысячы аўтамабіляў! Людзі вельмі хутка звыкаюць да камфорту. Скажам, дзетак возяць у школу. Што, на тралейбусе нельга вазіць? А калі дзіця большае, то хіба яно само не даедзе ў школу? Памятаю, мае сябры з вёскі Высокае за шэсць кіламетраў у любое надвор’е хадзілі ў давыд-гарадоцкую школу — і нічога, даходзілі! Камфорт паволі разбурае чалавека. І ратунак тут адзін — чалавек павінен абмежаваць свае неразумныя патрэбы!

    Комментарии

    • По дате
    • Лучшие
    • Актуальные
    • Друзья
    Реклама 18+
    Реклама 18+