Трибуна

Новости

Tribuna/Экзотические виды/Новости/«Цяпер футбол — школа разбэшчвання»

«Цяпер футбол — школа разбэшчвання»

26 сентября 2012, 09:23
0

Леанід Дранько-Майсюк спадзяецца, што калісьці футбалісты перад матчамі будуць чытаць «Новую зямлю» Вядомы беларускі пісьменнік прызнаецца, што яму не да спадобы гульня нацыянальнай зборнай, але падабаецца, як гуляе БАТЭ. Леанід Дранько-Майсюк з сумам зазначае, што беларускія дзеці ходзяць у майках Руні і Лэмпарда. Што па тэлевізары шмат спорту, але няма культуры. Што спартоўцы атрымоўваюць вялізныя грошы, але не думаюць пра тое, колькі зарабляюць настаўнікі і ўрачы. — Хто такі Леанід Дранько-Майсюк? — Беларускі пісьменнік, які шчаслівы, бо піша па-беларуску. Беларуская мова прыносіць мне творчую асалоду. –  Што цяпер ствараеце? — Кнігу «У Вільні і больш нідзе». Твор пра Вільню — нашу гістарычную і культурную сталіцу. Беларусы павінны памятаць: Вільня — наш нацыянальны пачатак. Тут жылі Францішак Скарына, Кастусь Каліноўскі, Францішак Багушэвіч. Тут надрукавана першая беларуская газета, адкрыты першы беларускі музей і першая беларуская гімназія. Тут дзейнічала першае Беларускае навуковае таварыства. Тут працавалі Янка Купала і Вацлаў Ластоўскі. Гэта прастора Івана Луцкевіча. Гэта горад Браніслава Тарашкевіча — аўтара «Беларускай граматыкі для школ» і Рыгора Шырмы, знакамітага нашага дырыжора. Тут убачыла свет адзіная прыжыццёвая кніга Максіма Багдановіча «Вянок» і першая кніга Максіма Танка «На этапах». У Вільні пахаваны пачынальнік беларускага тэатра — Францішак Аляхновіч. Антон Луцкевіч сказаў, што Вільня — архіў беларускай мінуўшчыны! Дарэчы, усяго не назваць і не пералічыць, бо Вільня — гэта кніга, у якой тысячы і тысячы беларускіх старонак, і ўсе яны вельмі цікавыя. Аднак жа не трэба забываць, што Вільня — гэта места і Ёнаса Басанавічуса, бацькі літоўскага адраджэння! Заўсёды трэба памятаць аб тым, што літоўцы — нашы браты, з якімі на працягу стагоддзяў жылі мы дружна. Гісторыя ж распарадзілася так, што цяпер Вільня — сталіца Літоўскай рэспублікі. Справядлівасць бывае і такой. — Калі звяртацца да гістарычных звестак, каля 50 працэнтаў жыхароў Вільні былі беларусы ў той час, калі горад канчаткова быў замацаваны за Літвой ў ХХ стагоддзі. — Гэта занадта завышаная лічба. Наогул жа з працэнтамі заўсёды цяжка разбірацца, бо ў кожнага свае працэнты… У Вільні  жылі літоўцы, палякі, габрэі, татары. Максім Танк з любоўю пісаў пра сяброўства літоўскіх пісьменнікаў з беларускімі… А гістарычная справядлівасць заўсёды бывае крыху містычнай. Напрыклад, хто мог ведаць, што ў 1991 годзе знікне Савецкі Саюз? А ён знік! Усе думалі, у тым ліку і я, што гэта дзяржаўнае ўтварэнне вечнае. Праўда, мы марылі аб тым, каб Беларусь была незалежнай дзяржавай, і гэта здзейснілася. Калі нехта кажа, што беларуская незалежнасць упала з неба, то гэта няпраўда. На нашу незалежнасць працавалі палітыкі, якія жылі ў той жа Вільні. Зноў назаву іх — Іван Луцкевіч, Антон Луцкевіч, Вацлаў Ластоўскі, Браніслаў Тарашкевіч... Іх праца марна не згінула. Яна рэалізавалася ў 1991 годзе. Наша незалежнасць прыйшла пад знакам «Пагоні» і бел-чырвона-белым сцягам. Можна сказаць, што ў 1991 годзе ў нейкай ступені ажыццявіліся ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі. –  Цяпер Беларусь застаецца незалежнай краінай? — Канешне. Беларуская дзяржава — частка сусветнай супольнасці, член ААН. Беларусь мае сваю палітыку, свой урад. Якая палітыка? Які ўрад? Гэта тэма іншай гаворкі, але мы, ва ўсякім разе, канстытуцыйна незалежныя ад Варшавы і Масквы. Сталася тое, аб чым у 1919 годзе марыў Янка Купала. –  Што шукалі на заводзе пасля таго, як скончылі школу? — Шукаў сцежку, якая б мяне вывела ў Літаратурны інстытут імя Горкага ў Маскве. Умовы паступлення тады былі такія: трэба было адпрацаваць два гады на заводзе і адслужыць у арміі. Таму пайшоў на завод у Давыд-Гарадку, гэта на маёй малой радзіме. Дык вось, працаваў і шмат чытаў. У сваёй рабочай ватоўцы прышыў вялікую кішэню, у якой заўсёды насіў часопіс «Маладосць»… Потым служыў у арміі. Калі ж апынуўся ў Маскве, убачыў: дзеці пісьменнікаў паступілі ў Літінстытут без працы на заводзе і службы ў арміі, адразу пасля школы… З 1981-га па 2002 год працаваў у мінскім выдавецтве «Мастацкая літаратура», быў рэдактарам, а тады ўжо загадчыкам рэдакцыі прозы і паэзіі. Аднак пакінуў выдавецкую работу, таму што забірала яна шмат часу. А мяне чакалі свае рукапісы. Разумееце, вельмі раздражняе, калі аддаеш багата часу чужым рукапісам! Цяпер я не служу і адчуваю сябе ўпэўнена. Калі хочаш стварыць рэч, вартую ўвагі, не трэба думаць пра грошы і пра хлеб на стале. –  Хлеб на стале заўсёды ёсць?  – Зарабляю роўна столькі, колькі трэба мне і маёй сям’і. Дзякуй Богу, мая літаратурная творчасць мяне корміць. –  З афіцыйнай уладай у канфлікце? — Я ў канфлікце з пэўнымі асобамі, якія, на жаль, знаходзяцца ў літаратурным полі. А такіх чалавечкаў дастаткова! Не прымаю іх стыль паводзін, іх амаральную філасофію. А з уладай бессэнсоўна канфліктаваць. Улада — гэта міліцыя, якой занадта многа на вуліцах; улада — гэта бясконцая колькасць выканкамаў, райвыканкамаў, аблвыканкамаў, міністэрстваў, судоў, ваенкаматаў. Улада — гэта гара, лезучы супраць якой, лёгка спаліць нервы. Улада — гэта мноства чыноўнікаў, сярод якіх, дарэчы, можна сустрэць і сумленных людзей. Але мне не падабаецца, што нашы начальнікі (няхай сабе й сумленныя!) не размаўляюць па-беларуску. Яны ж увасабляюць сабой беларускую дзяржаву! Беларускую! І яны ў першую чаргу павінны паказваць прыклад — гэта значыць, прапагандаваць беларускую мову. — У краіне свабода выбару мовы, гарантаваная канстытуцыяй. Хочаш — размаўляй па-руску, хочаш — па-беларуску. — У гэтым якраз і бяда, бо няма разумнага балансу ў карыстанні мовамі на дзяржаўным ўзроўні. Гэта балючая праблема нашага грамадства. — Скончыць тэму ўлады хачу наступным пытаннем: а што за выступ быў у вас летам у штабе адной з партый у Бабруйску? — Гэта было чыста літаратурнае выступленне. Такое ж, як і перад калгаснікамі, бізнесменамі, бэрэсээмаўцамі ці людзьмі, якія адпачываюць у санаторыях. Куда запрашаюць, туды і іду. Беларуская мова павінна гучаць скрозь! –  Можаце сябе назваць спартовым чалавекам? — Не. Проста люблю ранішнюю гімнастыку, праходкі па горадзе. Гэта той мінімум, які дапамагае мне адчуваць сябе добра. Самы лепшы спорт — гэта ў меру есці і піць. Увогуле ж лічу, што ў маім узросце бегаць па парку ці махаць на корце тэніснай ракеткай — занятак вельмі смешны! Успамінаю былога маскоўскага начальніка Лужкова на футбольным полі! Выходзіць, старыя людзі не разумеюць, што выглядаюць карыкатурна, калі з’яўляюцца на публіцы ў трусах? У дзяцінстве я любіў футбол. Раней футбол з’яўляўся школай выхавання, і хакей таксама. А цяпер футбол — школа разбэшчвання. У футболе гаворка пра адно — пра грошы. Грошы знішчаюць футбол і хакей! Калі я чытаю паведамленне, што футбалісту Н. плацяць 50 тысяч еўра толькі за тое, што ён згодзен выступіць за зборную, то я за галаву хапаюся! А раней было гонарам выступаць за зборную… Возьмем нашу беларускую каманду. Нядаўна прайгралі два матчы Босніі і Герцагавіне. І праблема нават не ў тым, што прайгралі і паказалі слабы ўзровень футбола, а ў тым, што футбалісты не ведаюць, дзеля чаго яны выходзяць на поле. Хлопцаў не аб’ядноўвае нацыянальная ідэя, здаецца, яны не адчуваюць сябе ў поўнай меры грамадзянамі беларускай дзяржавы. Здаецца, не ганарацца тым, што Беларусь — гэта радзіма Янкі Купалы і Якуба Коласа, Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча... Мяркую, што ў дзяцінстве іх прывялі ў футбольную секцыю толькі таму, што іхнія бацькі бачылі наперадзе адну толькі грашовую перспектыву. І таму сёння хлопцы не ў футбол гуляюць, а грошы зарабляюць! Упэўнены: і футбольную тактыку, і футбольную стратэгію трэба ўвязваць з беларускім выхаваннем, з нацыянальнай ідэяй! — Дык што, нацыянальная ідэя можна станоўча паўплываць на новы кваліфікацыйны цыкл? — Можа, калі спартсмены будуць адчуваць сябе грамадзянамі, калі па-беларуску яны будуць размаўляць гэтак жа, як скажам, размаўляюць па-англійску! Калі будуць думаць пра тое, як жывуць простыя людзі. Быць грамадзянінам — гэта перш за ўсё быць інтэлігентным чалавекам! Гэта саромецца сваіх высокіх ганараў у той час, калі, скажам, настаўнікі і ўрачы атрымліваюць вельмі маленькія зарплаты. — Ці справа спартоўцаў думаць пра тое, колькі зарабляюць настаўнікі? — Спартовец павінен думаць і пра гэта, калі ён яшчэ і чалавек, а не толькі  камплект мускулаў. –  Назавіце сваіх любімых спартоўцаў. — Юля Несцярэнка, Вадзім Дзевятоўскі, Іван Ціхан… Яны мне вельмі падабаюцца. На жаль, я не знаёмы з гэтымі прыгожымі і, як мне здаецца, шчырымі людзьмі. — Чэмпіён краіны па футболе, лічыце, паказвае шчырую гульню? — Шырокая рака, якая носіць імя БАТЭ, спадзяюся, набярэ глыбокую еўрапейскую плынь. Так, мне пакуль не падабаецца зборная, а вось БАТЭ падабаецца. Зноў жа спадзяюся, што наогул узровень нашага клубнага футбола будзе расці і гэта безумоўна станоўча паўплывае на зборную Беларусі. Барысаўскія футбалісты аб’яднаны камандным духам. Як добра было б, каб іх яшчэ аб’ядноўваў і беларускі дух! Як добра было б, каб футбалісты БАТЭ, напрыклад, пасля чарговай перамогі казалі: «Мы перамаглі, бо ўчора чыталі «Новую зямлю» Якуба Коласа. Якая ж гэта цудоўная кніга! Вы, нашы балельшчыкі, чытайце Якуба Коласа! Любіце беларускую літаратуру гэтак жа, як вы любіце футбол!» –   Па ТБ спорт глядзіце? — Тэлебачанне пераважна аддадзена спорту, псеўдаэстрадзе і палітыцы. Па сутнасці, няма ніводнай літаратурнай праграмы. Пануе бясконцы футбол! Нашы дзеці не ведаюць, хто такі Францішак Скарына, але затое ведаюць усіх футбалістаў англійскай прэм’ер-лігі. Гэта ненармальна. Дзеці ходзяць у майках Лэмпарда і Руні… А яшчэ на ўсіх тэлеканалах англамоўнае кіно, а ў школах на тыдзень па тры ўрокі англійскай мовы (беларускай жа мовы толькі адзін урок!), а ў кожнай мінскай кавярні, у кожным рэстаране песні зноў жа англійскія! Ваяваць супраць гэтага бессэнсоўна, але трэба хоць гаварыць аб тым, што мы пакорліва аддалі свае і душы, і вушы чужому гучанню! Пісьменнікі мусяць пра гэта гаварыць! Праўда, калі я заходжу ў кавярню, то заўсёды прашу выключыць замежных ваканаўцаў. –  І выключаюць? — Прашу далікатна, таму выключаюць. Калі няма ў іх песень у выкананні Мулявіна, то чужое кваканне, калі ласка, мне не прапаноўвайце!   –  Сваю «Польку беларускую» чуеце ў кавярнях? — Чуў у Мінску, Маладзечна, Брэсце… На гармоніку ў вёсках людзі  граюць яе на вяселлях... Калі чытаю «Польку беларускую», як верш, то слухачы здзіўляюцца: «Гэта вы напісалі?» Новую кнігу, у якой сабраў песенныя вершы, я так і назваў – «Полька беларуская». Мне хочацца, каб людзі больш ведалі маю кнігу «Стомленасць Парыжам», аднак жа больш ведаюць «Польку беларускую»! — Як ставіцеся да того, што ноўтбукі і планшэты паступова прыходзяць на змену падручнікам у школах? — Хай будуць і ноўтбукі, і планшэты, але ж хай застаецца і кніга. Ноўтбук — сімвал цывілізацыі. А кніга — сімвал культуры. Здабыткі цывілізацыі не павінны ўзвышацца над здабыткамі культуры. Такая мая філасофія. — Вось і скончыць нашу гаворку хочацца па-філасофску. Як лічыце, ці ёсць у жыцці нешта вечнае? — Дурнота чалавечая вечная. Паглядзіце, што робіцца! Людзі хутка развучацца хадзіць. У любы закутак спрабуюць заехаць на машыне. Мінскія двары запакаваны легкавым транспартам, як кажуць, па самае горла! Часам, каб выйсці з пад’езда, даводзіцца літаральна працісквацца, бо пад’езд заблакіраваны легкавікамі… Па Мінску без асаблівай патрэбы штодня сюды-туды гойсаюць тысячы і тысячы аўтамабіляў! Людзі вельмі хутка звыкаюць да камфорту. Скажам, дзетак возяць у школу. Што, на тралейбусе нельга вазіць? А калі дзіця большае, то хіба яно само не даедзе ў школу? Памятаю, мае сябры з вёскі Высокае за шэсць кіламетраў у любое надвор’е хадзілі ў давыд-гарадоцкую школу — і нічога, даходзілі! Камфорт паволі разбурае чалавека. І ратунак тут адзін — чалавек павінен абмежаваць свае неразумныя патрэбы!

«Незалежнасць прыйшла пад знакам «Пагоні» і бел-чырвона-белым сцягам»

«Дзякуй Богу, творчасць мяне корміць»

Разумееце, вельмі раздражняе, калі аддаеш багата часу чужым рукапісам!

«Перамаглі, бо ўчора чыталі «Новую зямлю»

Хлопцаў не аб’ядноўвае нацыянальная ідэя, здаецца, яны не адчуваюць сябе ў поўнай меры грамадзянамі беларускай дзяржавы.

«Дзеці ходзяць у майках Лэмпарда і Руні…»

Калі няма ў іх песень у выкананні Мулявіна, то чужое кваканне, калі ласка, мне не прапаноўвайце!