Все новости

Багі арэны

3 августа 2012, 19:40
5

З Надзеяй Астапчук нельга не звязваць надзеі Пакуль медалёвыя разборкі на Алімпіядзе не пачаліся, мы можам аддавацца варажбе. Колькі будзе ўзнагарод? Хто нас здзівіць, а хто расчаруе? Калегі з сайта 34mag.net прапанавалі свой спіс з 10 алімпійскіх надзей. Пасля азнаямлення мы з большага з ім пагадзіліся, хаця некаторыя кандыдатуры можна назваць нечаканымі… Від спорта: цяжкая атлетыка Здавалася б, сакратарка — самая падыходзячая праца для дзяўчыны, чый рост усяго паўтара метра. Анастасія Новікава мае адпаведны рост і адпаведную адукацыю. Але за два тыдні працы ў судзе мініяцюрная выпускніца сталічнага політэха зразумела, што перакладваць паперкі ёй нецікава. І прысвяціла сябе цяжкай атлетыцы. Паралельна, каб мець нейкія грошы, гандлявала на рынку касметыкай. Нягледзячы на мяккі пратэст з боку бацькоў (хто з вас скажа, што штанга — жаночая справа?), Наста дамаглася свайго. І сёння яна — найлепшая цяжкаатлетка краіны, дый не толькі — у 2011 годзе яна зрабілася чэмпіёнкай свету ў вазе да 58 кг. Чатыры гады таму на Гульнях у Пекіне Новікава першаю з беларусаў заваявала алімпійскі медаль (гэтай падзеі чакалі вельмі доўга — чыноўнікі ўжо не на жарт хваляваліся). Праўда, вартасць узнагароды расчаравала спартсменку. Яна хацела чагосьці большага за бронзу. Можа, акурат у Лондане Наста прымусіць акругліцца вочы кітаянак — сваіх асноўных канкурэнтак? Калі глядзець: 30 ліпеня Від спорта: кіданне молата Мы ведаем, што якраз выхадзец з вёскі Глаўсевічы Слонімскага раёна — найлепшы кідальнік молата сучаснасці. Ён тройчы пацвярджаў гэты статус на чэмпіянатах свету. Менавіта Ціхан бліжэй за астатніх наблізіўся да ледзь не вечнага і ўжо ладна абрыдлага рэкорда Юрыя Сядых, які трымаецца амаль 26 гадоў. Аднойчы беларус зашпурнуў молат на 86 метраў 73 сантыметры. Гэта ўсяго на сантыметр менш, чым у прадстаўніка Саветаў. Шкада, але на Алімпіядах у Ціхана атрымоўваецца не так добра, як на сусветных першынствах. У Афінах атлет быў другі, у Пекіне — трэці. Пасля кітайскіх гульняў Іван і ягоны напарнік па беларускай зборнай Вадзім Дзевятоўскі ўвогуле апынуліся ў цэнтры скандалу. Спартоўцаў абвінавацілі ва ўжыванні допінгу. Два гады яны даказвалі сваю невінаватасць. І такі здолелі сябе абараніць. Пасля гэтага Ціхан доўга не з’яўляўся ў сектары для кідання. А калі з’явіўся сёлета ў траўні на Кубку Беларусі, то паказаў найлепшы вынік сезону ў свеце — 82 метры 82 сантыметры. Карацей, Ціхан усё яшчэ ў парадку. І ў ягонай калекцыі не стае толькі алімпійскага золата. Калі глядзець: 3 жніўня — кваліфікацыя, 5 жніўня — фінал Від спорта: кіданне молата Гэта вельмі дзіўная спартоўка. Толкам пра такую кідальніцу молата да Алімпіяды ў Пекіне ніхто не чуў. Аднак на стадыёне «Птушынае гняздо» Аксана Мянькова паказала сябе ва ўсёй прыгажосці. І не толькі атрымала залаты медаль, але і паставіла алімпійскі рэкорд (дарэчы, абяцанай кватэры за той поспех яна дагэтуль не атрымала). Акрамя тытула алімпійскай чэмпіёнкі атлетка не мае вялікіх дасягненняў. Праўда, хіба таго, што ёсць, мала? У чэрвені Мянькова зноў прыцягнула да сябе ўвагу (ну вядома ж, набліжаецца Алімпіяда) і ў характэрным стылі зрабіла гэта эфектна, з размахам. Падчас міжнародных спаборніцтваў у Стайках яна адправіла молат на 78 метраў 51 сантыметр — гэта новы рэкорд Беларусі. І на два з капейкамі метры большы за пекінскі вынік. Здаецца, і ў Лондане Аксана мае намер здзівіць увесь свет. Калі глядзець: 8 жніўня — кваліфікацыя, 10 жніўня — фінал Від спорта: плаванне Яе кар’ера пачалася цудоўна. У 16 гадоў плыўчыха, якая баіцца ціны і сажалак, тройчы зрабілася пераможцай кантынентальнага першынства, а неўзабаве трапіла ў прызы на адпаведным дарослым турніры. Але нядоўга музыка гучала. У арганізме Герасімені выявілі допінг, за што спартоўка атрымала дыскваліфікацыю. На шчасце, гэта не зламала кар’еры «залатой рыбкі» ўсяе Беларусі. Аднак сваіх поспехаў Аляксандра дабівалася пераважна на неалімпійскіх дыстанцыях. Сапраўдны прарыў здарыўся летась, калі беларуска ўпершыню стала чэмпіёнкай свету. Прычым зрабіла гэта на прэстыжнай дыстанцыі 100 м вольным стылем. Гэта была сенсацыя! Пасля Аляксандра паспела панаракаць на тое, што не мае дастаткова сродкаў, каб паправіць сваё здароўе. Зазначыла, што мае цікавую прапанову з Расеі, але з’язджаць не збіраецца, бо патрыётка. А яшчэ знялася ў эпапеі Курэйчыка «Вышэй за неба». Хочацца верыць, што працяг казкі мы пабачым вельмі хутка. Праўда, трэба зазначыць, што пацвердзіць статус чэмпіёнкі свету Герасімені будзе вельмі складана. Калі глядзець: 29 ліпеня — фінальны заплыў на 100 м батэрфляем, 2 жніўня — фінальны заплыў на дыстанцыі 100 м вольным стылем, 4 жніўня — фінальны заплыў на 50 м вольным стылем Від спорта: барацьба У дзяцінстве ён біў у барабаны і добра маляваў у школе мастацтваў роднага пасёлка Касумкент. Але больш чым музыкай, як і ўсе дагестанцы, цікавіўся барацьбой. На прапанову сябра, дзядзька якога жыў і трэніраваў у Мазыры, Алім Селімаў перабраўся ў Беларусь. І тут талент хлопца раскрыўся. У 2005 годзе ён упершыню зрабіўся чэмпіёнам свету. Але цяжкая траўма паставіла знак пытання над кар’ерай барца. Пекінскую Алімпіяду Селімаў прапусціў, аднак здолеў вярнуцца на дыван. І ў 2011-м зноў зрабіўся найлепшым у свеце. Алім — мусульманін. Пяць разоў на дзень здзяйсняе намаз. Ягоная жонка-беларуска таксама прыняла іслам. Карацей, няхай Алах дапаможа барцу дабіцца таго, чаго ён хоча. Калі глядзець: 6 жніўня Від спорта: тэніс Не так даўно Вікторыя радавала менчукоў, калі бегала па сталіцы трушком. А неўзабаве першая ракетка свету можа парадаваць усю краіну. Калі, вядома, здабудзе алімпійскі медаль. Перадумовы для гэтага ёсць. У гэтым сезоне Азаранка ўпершыню перамагла на турніры «Вялікага шлема». І яна, здаецца, настроеная сур’ёзна. Напрыклад, адмовілася жыць у алімпійскай вёсцы, бо адтуль далёка дабірацца да кортаў Ўімблдана. Вікторыя і яе каманда захацелі разбіць лагер бліжэй. Дарэчы, менавіта на траўцы Ўімблдана Азаранка нядаўна прабілася ў паўфінал знакамітага турніру — гэта вынік вельмі нядрэнны. На Алімпіядзе Азаранка будзе гуляць не толькі адзіночку, але і парны турнір разам з Мірным. Макс цяпер у добрай форме. Узначальвае разам з канадскім партнёрам Дэньелам Нэстарам мужчынскі парны рэйтынг. Лонданская Алімпіяда — добрая магчымасць для 35-гадовага Мірнага зрабіць сваю кар’еру не проста слаўнай, але выбітнай. Калі глядзець: 4 жніўня — жаночы фінал, 5 жніўня — фінал у міксце Від спорта: веславанне Веславала, вяслуе і будзе веславаць. Здаецца, пад такім дэвізам праходзіць жыццё нашай Кацярыны Вялікай. У адным са свежых інтэрв’ю 40-гадовая спартоўка прызналася, што нават не думае пра заканчэнне кар’еры. Бо веславанне — адзінае, што яна ўмее рабіць. А кар’ера, трэба зазначыць, у Карстэн ого-го! Шасціразовая чэмпіёнка свету ўпершыню трапіла на Алімпійскія гульні, калі шмат хто з нас яшчэ толкам не разумеў, на якім свеце знаходзіцца, — гэта было ў 1992 годзе, у Барселоне. Цяпер за плячыма Кацярыны пяць Алімпіяд, лонданская будзе шостаю. Вынікі спартоўкі на Гульнях пакрысе ідуць на спад (у Атланце і Сіднеі яна была чэмпіёнкай, у Афінах — другой, у Пекіне — трэцяй), але нікога лепшага ў нас няма. Цікава, ці прымусіць наша легенда прыкусіць языкі тых, хто раіў ёй сушыць вёслы. Такія меркаванні выказвалі нават некаторыя чыноўнікі. Дарэчы, на адным з перадалімпійскіх этапаў Кубка свету Карстэн прыйшла першаю. Калі глядзець: 28 ліпеня — першы кваліфікацыйны заезд, 4 жніўня — фінал Від спорта: штурханне ядра Лёгкаатлетка выклікае сімпатыі не толькі сваімі вынікамі, але і тым, што прывыкла называць рэчы сваімі імёнамі. Вось як штурхальніца ядра апісвала ўмовы, у якіх рыхтуецца да спаборніцтваў: «Калі верыць тэлебачанню, то ў нас усё ёсць. А я падымаю штангу, якую яшчэ 40 гадоў таму падымаў мой трэнер у зале саракагадовай пабудовы. Памост разабраны і разбіты. Трэнажоры проста дапатопныя. Але добра, што такія далі…» Аднак ніякія абставіны не могуць зламіць энтузіязму Надзеі Астапчук. Неаднаразовая чэмпіёнка свету і Еўропы едзе ў Лондан як лідарка сезона. 21 метр 58 сантыметраў — далей ядро ў гэтым годзе не штурхаў ніхто. Праўда, ёсць некалькі акалічнасцяў, якія выклікаюць заклапочанасць. У Надзеі часцяком узнікаюць траблы са здароўем, а яшчэ, падаецца, беларуска пабойваецца сваёй новазеландскай канкурэнткі Валеры Адамс. Яна ў Пекіне зрабілася чэмпіёнкаю, а Астапчук была толькі трэцяя. Калі глядзець: 6 жніўня — фінал Від спорта: стральба Стралкі — гэта наш боль. Яны ўвесь час штосьці выйграюць, але надыходзіць Алімпіяда, і ім чагосьці не стае, каб там зрабіцца найлепшымі. Так было з Ігарам Басінскім, які трэніруе цяпер зборную (у яго шмат алімпійскіх медалёў, але залатога няма). Тое самае адбываецца з Сяргеем Мартынавым, які за зборную сёння выступае. Ён перамагаў на планетарных і кантынентальных форумах, на этапах Кубка свету. Але з алімпійскіх дасягненняў у актыве беларуса толькі дзве бронзы. Можа, у Лондане яго прарве? Чатыры гады таму ў Пекіне яму перашкаджала спякотнае надвор’е, а таксама савецкія патроны, якімі знакаміты спартовец быў вымушаны карыстацца. У гэтым сезоне Мартынаў (чалавек вельмі сціплы, спакойны і дзесьці нават абыякавы — так і хочацца яго назваць не стралком, а снайперам) перамог на этапе Кубка свету ў Мілане. Калі глядзець: 3 жніўня Від спорта: веславанне Веславанне на байдарках і каноэ — той від спорту, якім Беларусь можа ганарыцца. У Пекіне падапечныя Уладзіміра Шантаровіча «адгрэблі» два залатыя медалі, у Лондане яны паспрабуюць зрабіць тое самае, а мо нават і штосьці большае. Браты Багдановічы будуць бараніць чэмпіёнскі тытул. Раман Петрушэнка і Вадзім Махнеў зробяць трэці заход на алімпійскае золата на байдарцы-двойцы, бо раней у гэтай дысцыпліне яны атрымлівалі толькі бронзу. Гэта ўсё правераныя барцы. Іх поспехі не будуць сюрпрызам. Таму мы зробім стаўку на жаночую байдарку-чацвёрку. Доўгі час у гэтым відзе веславання запраўлялі мужыкі. Але ўрэшце з’явілася вартая генерацыя спартовак. Самай старэйшай з іх усяго 24. Маладосць нічога не баіцца. Яны прывыкла скакаць вышэй за галаву. І чаму б не навесці шоргату на Алімпіядзе перспектыўным беларускам, якія ўжо перамагалі ў Еўропе і траплялі ў прызы на чэмпіянаце свету? Калі глядзець: 6 жніўня — першы кваліфікацыйны заезд байдаркі-чацвёркі на 500 м, 8 жніўня — фінал В тексте использованы фотографии Ивана Уральского, pressball.by, mst.by, noc.by Яшчэ на сайце 34mag.net можна спампаваць алімпійскія шпалеры на працоўны стол кампутара. Даведацца, як некаторыя берлінцы вырашаюць кватэрнае пытанне. А яшчэ пазнаёміцца з 32-гадовай ірландкай Вівіен Лонг, якая вось ужо 10 гадоў жыве ў беларускім Чэрвені.

Анастасія Новікава

Іван Ціхан

Аксана Мянькова

Аляксандра Герасіменя

Алім Селімаў

Вікторыя Азаранка і Максім Мірны

Кацярына Карстэн

Надзея Астапчук

Сяргей Мартынаў

Марына Палтаран, Вольга Худзенка, Ірына Памелава, Надзея Папок

Показать еще 5