Все новости

Мікіта Шапіра: «Буду імкнуцца працягнуць справу бацькі»

24 ноября 2016, 17:40

Сын вядомага беларускага трэнера Якава Шапіра Мікіта, які з’яўляецца трэнерам па спорце ў мінскім Тарпеда, падзяліў сваімі ўражаннямі пасля прагляду фільма пра бацьку.

– Мікіта, учора ўвечары быў паказаны на тэлеканале «Беларусь 1» фільм пра Якава Міхайлавіча, якія ўражанні ён пакінуў?

– Фільм добры, мне спадабаўся.

– Як ты думаеш, атрымалася ў аўтараў раскрыць тэму?

– Увогуле, па вялікім рахунку практычна ўсё распавялі, што было звязана з жыццём бацькі ў футболе.

– У фільме былі кадры відавочна знятыя яшчэ ўлетку, як доўга рыхтаваўся гэты фільм?

– Так, улетку, 11 ліпеня, гэта ўгодкі смерці бацькі, мы сабраліся ўсімі яго выхаванцамі, Міраненкаў, Капскі, Пунтус, і прыехала Белтэлерадыёкампанія, здымала іх усіх, як сядзелі пад шатром, успаміналі бацьку. А фільм можна сказаць з лета яны рыхтавалі яго, гэта значыць не за тыдзень ён быў зняты, не за два, не за месяц, а крыху больш.

– Перад фільмам, у праграме «Добрай раніцы, Беларусь» была невялікая гутарка з яго суаўтарам Ганнай Эйсмант, якая адзначыла, што ў іх атрымалася зняць даволі шмат людзей у ім, звязаных з Якавам Міхайлавічам. Як ты лічыш хто б мог яшчэ распавесці пра яго?

– Можа быць Малееў Юрый Іванавіч мог бы даць інтэрв’ю яшчэ. Ён чалавек, з якім бацька быў доўгі час, быў блізкі і спачатку гуляў у яго, потым тата зрабіў яго трэнерам. А пазней, пасля смерці бацькі, Малееў узначаліў гэту каманду, ён быў, можна сказаць, такім важаком, лідарам у камандзе бацькі. Таму можа быць у яго яшчэ варта было б узяць інтэрв’ю. А так па вялікім рахунку атрымалася паразмаўляць з усімі.

– І вядома ж нельга не спытаць цябе пра інтэрв’ю з Міхаілам Мікалаевічам Міраненкавым, які напрыканцы фільму выказаў такія словы надзеі на тое, што ты працягнеш справу бацькі.

– Вы ведаеце, да гэтага яшчэ так далёка, цяпер хоць бы скончыць на катэгорыю «А», набрацца досведу. Міхаіл Мікалаевіч сказаў, а яго падводзіць нельга, – таму вядома буду імкнуцца. Ёсць такія думкі ў будучыні быць галоўным трэнерам. Вядома хацелася б у памяць пра бацьку стаць чэмпіёнам і, скажам так, гэты медаль адвезці на могілкі да бацькі, пакінуць там, гэта было б яго.